Беларуская рэгіянальная арганізацыя РНА

Беларуская рэгіянальная арганізацыя «РНА» (руск.: Белорусская региональная организация «РНЕ») — аддзяленне нацысцкага руху «Рускае нацыянальнае адзінства» (Санкт-Пецярбург, Расія) у Беларусі, заснаванае ў 1994 годзе ў Мінску. Дзейнічае без дзяржаўнай рэгістрацыі.

Беларуская рэгіянальная арганізацыя РНА
руск.: Белорусская региональная организация «РНЕ»
Лідар Андрэй Саковіч
Заснавальнік Андрэй Вавулін
Дата заснавання 1994
Штаб-кватэра Мінск
Ідэалогія нацызм
Колькасць членаў 20 (2007)[1]

МэтыПравіць

Беларускае аддзяленне РНА стаіць на пазіцыях культурна-моўнага рускага нацызму.

ГісторыяПравіць

16 кастрычніка 1990 года былы электраслесар Аляксандр Баркашоў стварыў у Маскве рух «Рускае нацыянальнае адзінства» («РНА»). У 1993 г. прадстаўнікі «РНА» ўпершыню прыехалі ў Мінск на канцэрт рускага барда Булата Акуджавы (1924—1997), дзе пазней прыцягнулі юнакоў да раздачы сваёй прапагандысцкай літаратуры каля будынка Беларускай дзяржаўнай філармоніі на плошчы Якуба Коласа[2].

Так званае «Беларускае аддзяленне» з’явілася ў 1994 годзе. У верасні 1994 г. рускамоўная газета «Мужчынскі клуб» выдала інтэрв’ю з кіраўніком аддзялення «РНА» ў Беларусі Андрэем Вавуліным. 17 лістапада 1995 г. мінскі гарадскі клуб «Колаварот», які быў суполкай «РНА», атрымаў улік ва ўпраўленні юстыцыі Мінскага гарвыканкама і меў у якасці задачаў «паляпшэнне маральнага клімату горада, умацаванне сацыяльнай абароненасці грамадзян». На люты 1999 г. суполкі «РНА» існавалі ў 11 гарадах Беларусі[2].

10 мая 1999 года беларускія баркашоўцы падалі дакументы на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, але дагэтуль ім у гэтым адмаўляюць. Заснавальнікам «беларускага рэйха» быў Глеб Самойлаў, якому ў той час было 18 гадоў. 5 жніўня 2000 года ён быў забіты ў сваім пад’ездзе трыма нажавымі ўдарамі ў грудзі. Забойца пакуль не знойдзены. Следства падазрае, што заказчыкам гэтага злачынства мог быць Валерый Ігнатовіч — былы паплечнік Самойлава.

Афіцыйна з 11 лістапада 2001 года арганізацыю ўзначаліў выхадзец з Гродна Андрэй Саковіч, якому ў той час было 28 гадоў.

Найбольш актыўна РНА дзейнічае на ўсходзе Беларусі. Улетку 2007 года кіраўніца Віцебскага лялечнага тэатра Вікторыя Дашкевіч атрымлівала лісты з подпісам РНА — з патрабаваннем перавесці рэпертуар на рускую мову. Дашкевіч накіравала ў сувязі з лістом скаргу ў праваахоўныя органы, аднак улады адмовіліся распачаць крымінальную справу. Ліставаныя пагрозы ад РНА атрымлівалі і журналісты газеты «Витебский курьер».

Надпісы «РНА» часта з’яўляюцца ў Курапатах — імі суправаджаліся акты пашкоджання мемарыяльнага ўшанавальнага знаку і лавы Клінтана. Фашысцкую свастыку з пазнакай «РНЕ» часта можна ўбачыць і на яўрэйскіх могілках, на помніках ахвярам Халакосту.

У чэрвені 2007 года кіраўніца Віцебскага аддзялення АГП атрымала ліст ад РНА з пагрозай асабістай расправы, калі яна не спыніць сваю апазіцыйную дзейнасць. 16 жніўня 2007 актывісты апазіцыйнай Партыі БНФ знайшлі пры ўваходзе ў сядзібу партыі макет выбуховай прылады з эмблемай РНА, якая нагадвае свастыку, і з пачкам улётак РНА. РНА заявіла, што не падкладала макет прылады[3].

Вядомы толькі адзін выпадак, калі актывіст РНА трапіў пад суд: у Гомелі 6 месяцаў зняволення атрымаў нехта Якаўчук, пакараны за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Назіральнікі адзначаюць, што пасля смерці ў 2000 годзе тагачаснага лідара беларускага філіяла РНА Самойлава, арганізацыя заняпала. Паводле незалежных крыніц, цяпер у РНА ўсяго некалькі дзясяткаў актывістаў[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Алег Груздзіловіч. Рускі фашызм у Беларусі, Радыё «Свабода» (17 жніўня 2007). Праверана 6 сакавіка 2017.
  2. 2,0 2,1 Раман Фадзееў. У неафашызму і нацызму адзін твар // Звязда : газета. — 13 лютага 1999. — № 18 (23619). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  3. Дзярждэпартамент ЗША заявіў пра дыскрымінацыю беларускай мовы ў Беларусі. Радыё «Свабода» (6 сакавіка 2007). Праверана 6 сакавіка 2017.

СпасылкіПравіць