Беларуска-эстонскія адносіны

Беларуская-эстонскія адносіны — дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Эстонскай Рэспублікай, усталяваныя 6 красавіка 1992 года.

Беларуска-эстонскія адносіны
Беларусь і Эстонія
Беларусь
Беларусь
Эстонія
Эстонія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сучаснасць

правіць

Урад Беларусі адкрыў сваё генеральнае консульства ў Таліне ў сакавіку 1994 года. У сваю чаргу Эстонія гэта зрабіла праз год, у ліпені 1995 года. Пасля паступовага паляпшэння адносін Эстонія вырашыла адкрыць сваё пасольства ў Мінску ў кастрычніку 2009 года. Беларусь зрабіла гэта ў чэрвені 2010 года[1].

Пасля 2020 года

правіць

Летам 2021 года ў Эстоніі прызначылі новага пасла ў Беларусі, аднак эстонскія ўлады вырашылі, што Яак Ленсмент у Беларусь не паедзе. Праз нейкі час прызначэнне было скасавана[2].

12 жніўня 2022 года міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу паведаміў, што эстонскія ўлады прынялі рашэнне не накіроўваць свайго пасла ў Беларусь пасля заканчэння кадэнцыі дзейнага кіраўніка дыпламатычнай місіі, патлумачыўшы яго тым, што «накіраванне амбасадара азначала б уручэнне даверчых грамат Лукашэнку, які не прызнаецца Эстонскай Рэспублікай легітымным прэзідэнтам, таму ўзровень нашых дыпламатычных зносін застаецца на ўзроўні паверанага ў справах»[2].

23 верасня 2022 года МЗС Беларусі выклікала часовую павераную ў справах Эстоніі ў Беларусі Трыін Хіесалу. У ведамстве заявілі, што прааналізавалі дзеянні эстонскага кіраўніцтва, «у ліку якіх афіцыйныя спробы прысвоіць права выступаць ад імя беларускага народа і авантуры на пляцоўцы ААН … Яны не могуць быць расцэненыя інакш, як правакацыі ў адносінах да суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны»[3]. Прычынай такой рэакцыі беларускага боку стала, верагодна, тое, што 19 верасня прадстаўніцтва Эстоніі і лідарка беларускай дэмакратычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская арганізавалі на 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН дыскусію высокага ўзроўню, прысвечаную палітычнаму крызісу ў Беларусі, а таксама ролі рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны[4]. У выніку афіцыйны Мінск скараціў штат эстонскага пасольства з 1 кастрычніка да консула і супрацоўніка адміністрацыйна-тэхнічнага персаналу, аналагічна скараціўшы сваю дыпламатычную прысутнасць у Эстоніі, а свайго пасла адклікалі для кансультацый[3].

 
Грамата Рады БНР аб прызнанні незалежнасці Эстоніі ад 7 красавіка 1920 года

24 кастрычніка 2022 года прыбыла з візітам у Талін на запрашэнне міністра замежных спраў краіны Урмаса Рэйнсалу лідарка Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская, якая прызнаецца краінамі ЕС пераможцам прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Яна правяла сустрэчы з прэзідэнтам Аларам Карысам, спікерам парламента Юры Ратасам, рэктарамі ВНУ, а таксама выступіла перад дэпутатамі з прамовай аб барацьбе беларусаў за свабоду і супраць расійскага рэваншызму. Ціханоўская ўспомніла беларускага дзеяча Антона Луцкевіча і ягоную сувязь з Эстоніяй, а таксама заявіла, што гэтая краіна выступіла надзейным сябрам дэмакратыі ў Беларусі. Падчас сустрэчы Урмас Рэйнсалу ў будынку Міністэрства замежных спраў Эстоніі ўрачыста перадаў ёй копію знойдзенай у архівах граматы аб прызнанні незалежнасці Эстоніі Радай БНР. Міністр замежных спраў таксама паведаміў, што Эстонія накіруе ў Вільню дыпламатычнага прадстаўніка, які будзе працаваць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Прэзідэнт Эстоніі Алар Карыс пацвердзіў падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл і выказаўся за прыцягненне Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці[5][6][7].

Эканамічнае супрацоўніцтва

правіць

У студзені 2022 года стала вядома, што Беларусь абыходзіць забарону на транзіт светлых нафтапрадуктаў, якія мелі код 2707 (талуол, бензол і інш.), праз Эстонію[8]. У выніку, прэм’ер-міністр Эстоніі Кая Калас заявіла, што Эстонія вырашыла ўвесці дадатковыя санкцыі супраць Беларусі і забараніць экспарт нафтапрадуктаў, на якія не распаўсюджваецца санкцыі Еўрапейскага саюза.

Зноскі

Спасылкі

правіць