Беларускі вучыцельскі хаўрус
Белару́скі вучы́цельскі хаўру́с дзейнічаў у 1917—1920 гадах.
Утвораны 9 ліпеня 1917 года ў Мінску па ініцыятыве настаўнікаў-дэлегатаў З’езда беларускіх арганізацый і партый. Сярод заснавальнікаў Я. Лёсік, М. Мароз, П. Бадунова, А. Русак, М. Ганчарык, А. Даніловіч, В. Лявіцкая і інш. Ставіў за мэту гуртаваць настаўнікаў і дзеячаў народнай адукацыі, якія лічылі неабходным беларусізаваць не толькі пачатковыя, але і сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Заклікаў пачаць выкладанне ў школах на беларускай мове з 1917/18 навучальнага года. Меў аддзяленні ў некаторых паветах і валасцях. Аказваў матэрыяльную і маральную падтрымку настаўнікам, якія адкрывалі беларускія школы. У 1918 годзе прадстаўнікі хаўрусу ўваходзілі ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У перыяд польскай акупацыі (1919—1920) хаўрус энергічна процідзейнічаў спробам улад абмежаваць нацыянальныя правы беларусаў у галіне асветы.
Літаратура
правіць- С. С. Рудовіч. Беларускі вучыцельскі хаўрус // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).. — С. 438.
- Рудовіч, С. С. Беларускія настаўніцкія саюзы / С. С. Рудовіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 461.
- Статут Беларускага вучыцельскага хаўрусу // Вольная Беларусь. — 1917. — № . — 3 жніўня. — С.