Белорусский вестник (1912)
«Белорусский вестник» — штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета праваакцябрысцкага вялікадзяржаўна-шавіністычнага кірунку. Выдавалася з 17(30) чэрвеня 1912 да 12(25) студзеня 1913 гадах у Вільні на рускай мове. Орган Беларускага таварыства, друкавала яго праграмныя дакументы. Рэдактары М. А. Баўдзей, П. В. Каранкевіч.
«Беларускі веснік» | |
---|---|
Арыгінальная назва |
«Белорусский вестник» |
Тып | газета |
Рэдактар |
М. А. Баўдзей П. В. Каранкевіч |
Заснавана | 30 чэрвеня 1912 |
Спыненне публікацый | 25 студзеня 1913 |
Мова | руская |
Перыядычнасць | штотыднёва |
Галоўны офіс |
Была рупарам русіфікаваных слаёў беларускай буржуазіі і правінцыяльнага чыноўніцтва. Заклікала народы Расійскай імперыі пранікнуцца «любоўю да свайго манарха» і дружна пад яго штандарамі рухацца «па шляху велічы і славы» (5 жніўня 1912 года). Называючы сваё выданне «истинно белорусской газетой», рэдакцыя ў той жа час асуджала ідэю нацыянальнага самавызначэння беларускага народа, адмаўляла яго нацыянальную і культурную самабытнасць, называла беларусаў, поруч з украінцамі, этнаграфічнай часткай рускага народа. Імкнулася ізаляваць Беларусь ад уплываў заходнееўрапейскай і польскай культуры, заклікала ўсіх «рускіх» аб’яднацца і даць адпор «націску больш культурных і эканамічна больш моцных народнасцей» (1 ліпеня 1912 года). Выступала супраць беларускага перыядычнага друку і кнігавыдання, сцвярджала, што беларуская мова спынілася ў сваім развіцці на фальклорна-этнаграфічным узроўні, а беларуская літаратура — толькі «падробка пад народную творчасць» (5 лістапада 1912 года). 3 шматграннай культурнай спадчыны беларусаў газета ўхваляла толька «паданні, быліны, казкі і песні». Надрукавала артыкулы «Сярод беларускай прыроды і побыту» А. Кіркора, «Народная творчасць беларусаў» А. Бярозавіка, краязнаўчыя нарысы П. I. Каранеўскага, тэксты беларускіх песень і легенд. Змясціла ўрывак з рамана Л. Талстога «Вайна і мір», станоўчыя водгукі пра творчасць I. Буніна, Ф. Шаляпіна, нарыс У. Неміровіча-Данчанкі «Мікада».
Літаратура Правіць
- Конан, У. М. «Белорусский вестник» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 7.