Адкрыць галоўнае меню
Крушэнне белага карабля

«Белы карабель» (фр.: Blanche-Nef; англ.: White Ship) — карабель, які пацярпеў крушэнне 25 лістапада 1120 года ў праліве Ла-Манш каля берагоў Нармандыі, у якім загінула вялікая колькасць англанармандскіх арыстакратаў, уключаючы спадчынніка англійскага прастола Вільгельма Адэліна. Яго смерць пацягнула за сабой феадальную анархію ў Англіі ў канцы 11301140-х гадоў.

«Белы карабель» быў пабудаваны ў Нармандыі Томасам Фіц-Стэфанам, бацька якога служыў капітанам у флоце Вільгельма Заваёўніка ў час заваявання Англіі. Ён лічыўся адным з лепшых нармандскіх караблёў, пабудаваным па апошнім слове тэхнікі. У канцы 1120 года, пасля завяршэння прыгнечання паўстання баронаў Нармандыі і адбіцця ўварвання Людовіка VI, англійскі кароль Генрых I Баклерк вырашыў вярнуцца ў Англію. Для пераправы цераз Ла-Манш яму быў прапанаваны «Белы карабель». Аднак кароль, які ўжо дамовіўся аб выкарыстанні іншага судна, перадаў «Белы карабель» свайму сыну Вільгельму. Разам з апошнім на ім павінна была вярнуцца ў Англію вялікая група прыдворных і англанармандскіх арыстакратаў.

У момант адплыцця карабля на ім знаходзілася каля трохсот чалавек, уключаючы 140 рыцараў і 18 знатных дам. Апроч прынца Вільгельма ў сярод былі незаконнанароджаныя дзеці Генрыха I Рычард і Мацільда, графіня Першская, Рычард д'Аўранш, граф Чэстэр, і яго жонка Люсія-Маго Блуаская, сенешаль Гіём дэ Піру і яшчэ некалькі буйных англанармандскіх баронаў. Сярод пасажыраў павінен быў быць і Стэфан Блуаскі, пляменнік караля Генрыха I, але незадоўга да адплыцця ён сышоў на бераг, паводле сведчання Ардэрыка Віталія, з-за таго, што захварэў на дызентэрыю. Адпраўленне «Белага карабля» суправаджалася святам і распіваннем віна, у вялікай колькасці дастаўленага на борт па загадзе прынца Вільгельма, у выніку чаго пасажыры і каманда да адплыцця ўжо знаходзіліся ў стане моцнага алкагольнага ап'янення.

Адыход карабля затрымаўся да позняга вечара 25 лістапада 1120 года, калі астатнія судны англійскага караля ўжо знаходзіліся ў Ла-Маншы. Вільгельм загадаў матросам паскорыць веславанне, каб нагнаць страчаны час і дагнаць каралеўскі флот. Але пры выхадзе з эстуарыя Сены, непадалёк ад Барфлёра, «Белы карабель» у цемры натыкнуўся на напаўсхаваную ў вадзе скалу і пайшоў на дно. Вільгельму, паводле легенды, удалося скарыстацца выратавальнай лодкай, але пры спробе выратаваць сваю сястру Мацільду Першскую і іншых прыдворных ён таксама разбіў лодку і патануў. У катастрофе загінулі ўсе, хто знаходзіўся на борце «Белага карабля». Паводле легенды, выжыў толькі адзін чалавек — мяснік з Руана па імі Беральд, які і распавёў гісторыю гібелі судна.

Гібель прынца Вільгельма, адзінага законнага сына і спадчынніка караля Генрыха I, рэзка ўскладніла дынастычную праблему ў англанармандскай манархіі. Неўзабаве пасля гэтага ў Нармандыі зноў успыхнула паўстанне, падтрыманае каралём Францыі і графам Анжуйскім, з мэтай узвесці на нармандскі прастол Вільгельма Клітона, пляменніка Генрыха I. Англійскі кароль першапачаткова спыніў выбар свайго спадчынніка на Стэфане Блуаскім, які шчасліва пазбег плавання на «Белым караблі», аднак у 1125 годзе вырашыў абвясціць спадчынніцай сваю дачку Мацільду. Перспектыва перадачы прастола жанчыне выклікала незадаволенасць сярод часткі англанармандскіх арыстакратаў і пасля смерці Генрыха I у 1135 годзе ў краіне пачалася зацяжная грамадзянская вайна паміж прыхільнікамі Стэфана Блуаскага і Мацільды.

Белы карабель у літаратурыПравіць

  • Дантэ Габрыэль Расеці напісаў баладу «Белы карабель» («The White Ship: a ballad» упершыню апублікавана ў 1881 годзе).
  • Сцэна крушэння «Белага карабля» з'яўляецца пралогам да вядомага рамана Кена Фолета «Слупы Зямлі» (1989).

ЛітаратураПравіць

  • Ардэрык Віталій. Гісторыя Нармандыі.
  • Штокмар В. В. История Англии в средние века. — СПб., 2001
  • Poole, A. L. From Domesday Book to Magna Carta 1087—1216. — Oxford, 1956, ISBN 978-0-19-821707-7
  • Chandler, V. The Wreck of the White Ship//The final argument : the imprint of violence on society in medieval and early modern Europe. 1998