Бенкарт

старонка неадназначнасці ў праекце Вікімедыя

Бенкарт, незаконнанароджаны, пазашлюбны (ням.: Bankart) — у XVI—першай палове XIX ст. асоба, народжаная ад бацькоў, паміж якімі не быў заключаны законны шлюб. Паняцце «законнанароджанае» дзіця з'явілася ў сувязі з замацаваннем манагаміі і ўстанаўленнем законнасці шлюбу. Дыферэнцыяцыя на законны шлюб і сужыццё (канкубінат), на «законнанароджаных» і «незаконнанароджаных» існавала ў рымскім праве. З распаўсюджаннем хрысціянства законным пачаў лічыцца царкоўны шлюб, заключаны паводле норм кананічнага права. У Вялікім Княстве Літоўскім царкоўны шлюб канчаткова зацвердзіўся ў 2-й палове XVI ст., аднак на практыцы доўгі час прызнаваліся шлюбы, заключаныя паводле звычаёвага права. Статуты Вялікага Княства Літоўскага вызначалі бенкарта, як асобу, пазбаўленую сваіх саслоўных правоў, падкрэслівалі значэнне законнага шлюбу для інстытуту права на спадчыну, патрабавалі выконваць царкоўны законы ў адносінах дзейнасці шлюбу.

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года адносіў да бенкарту дзяцей, народжаных «не з венчальную и нешлюбную жоною», дзяцей, якіх бацька не прызнаў сваімі ў непрацяглы час пасля іх нараджэння, а таксама народжаных у шлюбе, які паводле кананічнага права быў прызнаны несапраўдным, таму што быў заключаны паміж асобамі, што былі ў забароненых ступенях роднасці і сваяцтва і ведалі пра гэта. Калі бацька меў законную жонку і пасля яе смерці ўзяў шлюб з маці бенкарта, статус апошняга не мяняўся. Дзеці, народжаныя ў гэтым шлюбе, таксама лічыліся бенкартамі. Статуты ВКЛ не закраналі выпадкаў нараджэння дзяцей у жанчын, якія далі зарок цнатлівасці, аднак паводле царкоўных правіл такія дзеці таксама лічыліся бенкартамі. Яны не мелі права быць спадкаемцамі свайго бацькі, атрымлівалі ў спадчыну шляхецкія правы, аднак маглі быць спадкаемцамі маці, што адпавядала норме рымскага права. Паводле гэтай нормы, законнанароджаныя дзеці атрымліваюць спадчыну пасля бацькі, а незаконнанароджаныя — пасля маці. Асобы, народжаныя ў шлюбе, што быў скасаваны ў сувязі з забароненымі ступенямі роднасці і сваяцтва, не маглі быць спадкаемцамі і маці. Аднак прызнавалася права маці бенркарта на галоўшчыну за забітага сына. Гэтым ускосна прызнавалася атрыманне спадчыны маці пасля сына, што дапускае атрыманне спадчыны сына пасля маці. Акрамя таго, пры ўмове, калі бацька бенкарта возьме законны шлюб з яго маці, існаваў інстытут легітымацыі (узаконення) бенкарта на аснове кананічных правіл 1172 года Папы Рымскага Аляксандра III. Такая легітымацыя была анулявана ў часы праўлення вялікага князя літоўскага і караля польскага С. Баторыя (15751586). Аднак на практыцы яна ажыццяўлялася шляхам набілітацыі (каралеўскай уладай або на соймах) пры абавязковай умове заключэння царкоўнага шлюбу бацькамі бенкарта, бо справы аб легітымацыі незаконнанароджаных належалі да царкоўнай юрысдыкцыі

Літаратура правіць

  • Дзербіна, Г. В. Бенкарт / Г. В. Дзербіна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 14.
  • Левицкий, О. П. О семейных отношениях в юго-западной Руси в XVI - XVII вв. // Русская старина. — 1880. — Ноябрь. — С.
  • Леонтович, Ф. И. Правоспособность литовско-русской шляхты // Журнал Министерства народного просвещения. Новая серия. — 1908. — Ч. 14. — Март. — С.
  • Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 573 с.: іл.
  • Памятники древнерусского канонического права. Ч. І. — СПб., 1880.