Даўжыня цела 11-12 см, размах крылаў 18-20 см. Ніз цела аднолькава жоўты, верх галавы, крылаў і хваста ярка-блакітны, белыя шчокі, праз вока цёмная паласа. Маладыя з жаўтаватымі шчокамі і зеленавата-карычневым верхам цела. Песня даволі доўгая, далікатная і хуткая.
Арэал: Еўропа (акрамя поўначы), Малая Азія, Блізкі Усход, Паўночна-Заходняя Афрыка, Іран, паўднёвы захад Туркменістана. На Беларусі звычайны від.
Насяляе розныя тыпы мяшаных лясоў, паркі, сады, населеныя пункты і гарады. Пазбягае хваёвых лясоў (асабліва сухіх), за выключэннем Канарскіх астравоў. У Татрах даходзіць да 1100 м, у Швейцарскіх Альпах — да 1250 м, у Французскіх Альпах — да 1700 м, у Пірэнеях і на Каўказе — да 1800 м над у.м.
Гняздо ладзіць у дупле (як у натуральным, так і ў штучным) з вузкай адтулінай (3-3,5 см), шчылінах і дзірках у мурах, рэдка на зямлі або ў перабудаваных гнёздах іншых птушак. Знешняя частка з зялёнага моху з прымессю сухой травы. Унутраная частка з касмыкоў воўны, шэрсці, валосся і пуху.
Яйкі (звычайна 10-12, часам 6-18) авальныя з тупым вузейшым канцом. Белыя, матавыя, з даволі рэдкімі светла-чырвонымі плямкамі (часам чорна-карычневымі), часта згушчанымі на шырэйшым канцы. Памеры: 16 х 12 мм.