Брута-прэмія (англ.: gross premium) — поўная сума страхавога ўнёску (страхавой прэміі), якую выплачвае страхавальнік страхоўшчыку ў адпаведнасці з дагаворам страхавання.

Разлік брута-прэміі правіць

Брута-прэмія разлічваецца на аснове брута-стаўкі страхавога тарыфу. Брута-стаўка складаецца з нета-стаўкі і нагрузкі да нета-стаўкі[1].

Нета-стаўка правіць

Нета-стаўка прызначана для фармавання страхавога фонду ў яго асноўнай частцы, якая прызначана для страхавых выплат у форме страхавога пакрыцця і страхавога забеспячэння. Разлічваецца нета-стаўка зыходзячы з верагоднасці нанясення страхавальнікам і (ці) застрахаваным асобам шкоды. Калі ўмовамі дагавора страхавання прадугледжваецца некалькі відаў страхавой адказнасці, то сукупная нета-стаўка можа складацца з сумы некалькіх, асобных нета-ставак.

Нагрузка правіць

Нагрузка да нета-стаўкі складае, як правіла, меншую частку брута-стаўкі (тым не менш на практыцы сустракаюцца сітуацыі, калі - для асобных відаў дагавораў страхавання і ў асобных страхавых кампаніях - нагрузка набліжаецца да 90%[2]). Нагрузка да нета-стаўкі ўключае тры розных па прызначэнні відаў выдаткаў, звязаных са страхавой дзейнасцю: адміністрацыйна-кіраўнічыя выдаткі, якія прынята анзываць выдаткамі на вядзенне справы; адлічэнні на папераджальныя (прэвентыўныя) мерапрыемствы, а таксама ў гарантыйныя фонды; а таксама прыбытак страхавой кампаніі.

Выдаткі на вядзенне справы ўяўляюць сабою (па аналогіі з вытворчай дзейнасцю) сабекошт страхавых аперацый і ўключаюць наступныя выдаткі:

  • аквізіцыйныя выдаткі, звязаныя з заключэннем і пераскладаннем (пралангацыяй) дагавораў страхавання, у тым ліку:
    • узнагарода страхавым брокерам і агентам (як правіла - у выглядзе страхавой камісіі);
    • выдаткі на ўтрыманне кол-цэнтраў;
    • аплата працы штатных і пазаштатных супрацоўнікаў страхавой кампаніі, занятых афармленнем дагавораў страхавання;
    • выдаткі на рэкламу і маркетынг;
  • аплату працы супрацоўнікаў страхавой арганізацыі;
  • арэнду памяшкання;
  • плату за электраэнергію, ацяпленне, водазабеспячэнне, паштова-тэлеграфныя, тэлефонныя выдаткі;
  • камандзіровачныя выдаткі;
  • іншыя выдаткі кампаніі, звязаныя з выкананнем ёю сваёй дзейнасці.

Разлік нета-стаўкі правіць

Найважнейшае значэнне для правільнасці разліку страхавога тарыфу мае абгрунтаванасць нета-стаўкі. Менавіта яе правільнае вызначэнне з'яўляецца гарантыяй забеспячэння фінансавай устойлівасці страхоўшчыка. Разам з тым разлік нета-стаўкі з'яўляецца самым складаным момантам пры вызначэнні страхавога тарыфу.

Верагоднасць наступлення страхавой падзеі вызначаецца апастэрыёры, гэта значыць зыходзячы з мінулага досведу. У класічнай тэорыі нета-стаўка, якая вылічваецца ў адсотках, з'яўляецца верагоднасцю наступлення страхавой падзеі. Напрыклад, калі са ста аб'ектаў з аднолькавым коштам, прынятых на страхаванне, у сярэднім за перыяд страхавання гіне адзін аб'ект, то верагоднасць наступу такой падзеі ці, адпаведна, верагоднасць страт роўная аднаму адсотку. Такім чынам, для таго, каб сфармаваць страхавы фонд, прызначаны для пакрыцця страт, страхавая кампанія павінна ўсталяваць нета-стаўку страхавога тарыфу на ўзроўні аднаго адсотка ад страхавой сумы. Суадносіны паміж сумай страхавога пакрыцця, выплачанага за вызначаны перыяд, і сукупнай страхавой сумай усіх застрахаваных аб'ектаў называецца паказчыкам стратнасці страхавой сумы. Менавіта гэты паказчык і ляжыць у аснове разліку нета-стаўкі па так званых рызыковых відах страхавання, гэта значыць відам страхавання, якія не адносяцца да доўгатэрміновага страхавання жыцця.

Разлічыўшы па дадзеных назіранняў сярэдні паказчык стратнасці страхавой сумы за шэраг гадоў, страхавая кампанія затым з дапамогай метадаў матэматычнай статыстыкі ацэньвае ўстойлівасць гэтага паказчыку. Калі дынамічны шэраг досыць устойлівы, то за аснову разліку нета-стаўкі бярэцца сярэдні паказчык стратнасці страхавой сумы, да якога дадаецца рызыковая надбаўка, роўная прынамсі сярэдняму квадратычнаму адхіленню. Пры такім вызначэнні значэння нета-стаўкі можна з верагоднасцю 84 % сцвярджаць, што паказчык стратнасці страхавой сумы не перавысіць гэтага разліковага значэння. Калі да сярэдняга паказчыка стратнасці страхавой сумы дадаць падвойнае значэнне сярэдняга квадратычнага адхілення, то верагоднасць таго, што паказчык стратнасці страхавой сумы не перавысіць гэтага значэння, узрастае да 98 %.

Канчатковае фармаванне страхавога тарыфу правіць

Вызначыўшы такім чынам значэнне нета-стаўкі, да яе дадаюць нагрузку і вызначаюць памер страхавога тарыфу. Вызначэнне страхавога тарыфу ажыццяўляецца на аснове адмысловых матэматычных разлікаў, якія атрымалі назву актуарных разлікаў.

Зноскі

  1. Ефимов С.Л. Брутто-ставка // http://www.insur-info.ru/dictionary/source/src1. — Масква: Церих-ПЭЛ, 1996. — С. 36. — 528 с. — ISBN 5-87811-016-4.
  2. Богданов, Илья. Жизнь проходит мимо. «ПРАЙМ» (5 лютага 2014). Праверана 24 сакавіка 2014.

Літаратура правіць

  • Казанцев С. К. Основы страхования: Учебное пособие. — Екатеринбург: изд. ИПК УГТУ, 1998 ISBN 5-8096-0006-9

Спасылкі правіць