Будзенічы (Барысаўскі раён)

Будзе́нічы[1] (трансліт.: Budzieničy, руск.: Буденичи) — вёска ў Барысаўскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Іканскага сельсавета.

Вёска
Будзенічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 19 чал. (2010)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 177
Паштовыя індэксы
222135
Аўтамабільны код
5
Будзенічы на карце Беларусі ±
Будзенічы (Барысаўскі раён) (Беларусь)
Будзенічы (Барысаўскі раён)
Будзенічы (Барысаўскі раён) (Мінская вобласць)
Будзенічы (Барысаўскі раён)

Геаграфія правіць

Знаходзіцца за 48 км на паўночны захад ад горада Барысаў, 120 км ад Мінска. Рэльеф раўнінны, на захадзе праходзяць меліярацыйныя каналы, злучаныя з р. Мрай (прыток р. Бярэзіна). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Будзяніцкая Рудня і далей па шашы Барысаў—Бягомль.

Планіровачна складаецца з дзвюх прамалінейных вуліц, арыентаваных з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Забудова двухбаковая. Жылыя дамы драўляныя, сядзібнага тыпу. На паўднёвай ускраіне — гаспадарчы сектар.

Гісторыя правіць

У 1676 годзе згадваецца як маёнтак у Аршанскім павеце Вялікага Княства Літоўскага[2]. Упамінаецца пад 1718 г. у звестках аб размежаванні маёнткаў Будзенічы і Скуплін.

У 1800 г. вёска ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі, у фальварку дом для аканома, капліца, карчма, шляхецкая ўласнасць. У 1-й пал. ХІХ ст. ва ўладанні памешчыка І. Слізеня. У 1897 г. вёска Будзенічы (яна ж Дзвіняткі) з царквой на могілках, побач маёнтак Будзенічы, у Зембінскай воласці Барысаўскага павета.

З лютага да снежня 1918 года на тэрыторыі, акупіраванай войскамі Германіі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў БССР, з лютага — у ЛітБел ССР. З жніўня 1919 да мая 1920 года акупіравана польскімі войскамі.

З 31.7.1920 г. ў БССР. З 20.8.1924 г. ў Карсакавіцкім сельсавеце Зембінскага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. да 26.7.1930 г. Мінскай акруг, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1924 г. 28 двароў, 177 жыхароў, побач быў аднайменны пасёлак, у якім у 1926 г. былі 2 двары, 13 жыхароў. У 1929 г. арганізаваны калгас імя К. Я. Варашылава, які ў лютым 1932 г. аб’ядноўваў 50 гаспадарак, дзейнічала кузня.

У Вялікую Айчынную вайну ў канцы чэрвеня 1941 г. акупіравана нацыстамі. У маі 1942 г. гітлераўцы поўнасцю спалілі вёску, загубілі 49 жыхароў. З канца 1942 г. вёска ў межах Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны. Тут знаходзілася майстэрня па рамонце партызанскай зброі. У чэрвені 1944 г. ў час блакады партызаны брыгады «Дзядзькі Колі» вялі каля вёскі цяжкія баі з гітлераўцамі. У канцы чэрвеня 1944 г. наступаючыя часці Чырвонай Арміі звонку прарвалі кальцо блакады вакол партызан і 28.6.1944 г. вызвалілі вёску. У лесе за З км на ўсход ад вёскі ў брацкай магіле пахаваны больш за 150 партызан, якія загінулі ў блакадных баях у маі—чэрвені 1944 г.

З 11.1.1968 г. ў Іканскім сельсавеце.

Насельніцтва правіць

  • 1800 год — 54 жыхары, 10 двароў.
  • 1897 год — у вёсцы 138 жыхароў, 19 двароў, у маёнтку 25 жыхароў, З двары.
  • 1917 год — у вёсцы 182 жыхары, 27 двароў, у маёнтку 80 жыхароў.
  • 1940 год — 167 жыхароў, 38 двароў.
  • 1960 год — 118 жыхароў.
  • 1988 год — 90 жыхароў, 21 гаспадарка.
  • 2008 год — 26 жыхароў, 13 гаспадарак.

Славутасці правіць

Часткова захаваўся Будзеніцкі парк закладзены ў ХІХ ст. Плошча 2,5 га. Пейзажны, займае тэрыторыю з раўнінным рэльефам. Захавалася 150-гадовая дубовая алея даўжынёй 0,5 км. У відавым складзе пераважна мясцовыя пароды: дуб, ліпа, ясень, клён і інш.

На паўночны ад вёскі знаходзяцца брацкія могілкі, дзе пахавана больш за 250 савецкіх воінаў і партызан. У ліку пахаваных Герой Савецкага Саюза камандзір партызанскай брыгады «Дзядзькі Колі» П. Р. Лапацін, начальнік штаба партызанскага злучэння Барысаўска-Бягомльскай зоны М. К. Садоўскі, чэхаславацкія патрыёты.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. LVIA, f. 11, ap. 1, b. 747

Літаратура правіць

Спасылкі правіць