Буры (нідэрл.: boeren — «сяляне») — субкультурная група ў складзе афрыканераў у ПАР і Намібіі. Іншымі словамі, бурамі называюць фермераў-афрыканераў, белых сельскіх жыхароў, а таксама бедных белых (аналагічнае паняцце рэднекі ў ЗША). Самі сябе афрыканеры бурамі ніколі не называлі.

Бурская сям’я, 1886

У першую чаргу назва «буры» выкарыстаўвалася ў дачыненні да сельскіх пасяленцаў, якія насялялі на ўсходзе Капскай калоніі, у самай мяжы ўладанняў коса (цяпер Усходняя Капская правінцыя), а таксама да тых, хто пасля далучэння Капскай калоніі да Вялікабрытаніі адправіўся ў так званы Вялікі трэк, ва ўнутраныя раёны краіны (гэтых апошніх завуць таксама трэкбуры), пратэстуючы супраць брытанскай палітыкі асіміляцыі. У сярэдзіне XIX стагоддзя бурскія пасяленцы заснавалі Аранжавую Свабодную дзяржаву, Трансвааль і калонію ў Наталі. Пасля англа-бурскіх войн бурскія рэспублікі былі зноў далучаны да Вялікабрытаніі, а ў 1910 годзе ўвайшлі ў склад Паўднёва-Афрыканскага Саюза.

Свой сацыяльны статус яны вызначалі як бюргеры, гэта традыцыя захоўвалася яшчэ з часоў кіравання Галандскай Ост-Індскай кампаніі. Таму назва «буры» ў наш час можа мець абразлівы характар (у сэнсе «неадукаваныя, абмежаваныя людзі», «вяскоўцы»). Як і афрыканеры ў цэлым, буры — нашчадкі галандскіх, французскіх і нямецкіх каланістаў у Паўднёвай Афрыцы. Адрозніваюцца кансерватыўным укладам жыцця. Па рэлігіі — пратэстанты. Родная мова — афрыкаанс. Расселены па краіне рассеяна па хутарах і фермах, нідзе не ўтвараючы большасці. Абодва тэрміны (буры і афрыканеры) маюць на ўвазе еўрапейскае паходжанне. З прычыны таго, што мова афрыкаанс з’яўляецца роднай і для значнай колькасці нябелых жыхароў, для апісання ўсіх афрыкаансамоўных выкарыстоўваецца назва афрыкаансы.