Бітва за Гродна (1920)

Бітва за Гродна — эпізод польска-савецкай вайны, частка ліпенскага наступлення Чырвонай арміі.

Бітва за Гродна
Асноўны канфлікт: Польска-савецкая вайна
Дата 19—20 ліпеня 1920
Месца Гродна
Вынік перамога савецкіх войск
Праціўнікі
 Польшча  РСФСР
Камандуючыя
С. Макшэцкі Г. Гай
Сілы бакоў
3 000 чалавек невядома
Страты
500 забітых і параненых невядома

Сілы бакоў

правіць

Войскі РСФСР у бітве складаліся з 3-га кавалерыйскага корпуса пад камандаваннем Г. Д. Гая. Першапачаткова, 19 ліпеня, у бітве прымала ўдзел толькі 15-я кавалерыйская дывізія[1], аднак пазней да яе далучыліся 10-я кавалерыйская дывізія, 1-я, 2-я і 3-я Кубанскія кавалерыйскія брыгады[2] і шматлікія пяхотныя падраздзяленні, якія перасоўваліся на конных павозках. Яшчэ пазней савецкія войскі былі ўзмоцнены 12-й кавалерыйскай дывізіяй[3].

Войска Польскае ў бітве складаліся з 9-й пяхотнай дывізіі, аднак практычна ні адно з яе падраздзяленняў, якія ўдзельнічалі ў бітве, ні разу не было на фронце[1][2], за выключэннем 1-га танкавага палка, які складаўся з двух рот і 43 лёгкіх танкаў Renault FT, і 13-га ўланскага палка[2]. Па большай частцы, Гродна абаранялі рэшткі падраздзяленняў, якія ўдзельнічалі ў бітве пры Вільні, навучэнцы мясцовага афіцэрскага вучылішча, мабілізаваныя чыгуначнікі[1][2], сумарнай колькасцю каля трох тысяч чалавек[4]. Таксама, пазней, на падмацаванне прыйшла 18-я пяхотная брыгада, аднак і тая належала да 9-й пяхотнай дывізіі[5].

Ход бітвы

правіць

19 ліпеня

правіць

Савецкія войскі атакавалі на досвітку. Пасля васьмі гадзін цяжкіх баёў, Чырвонай арміі ўдалося прарваць шэрагі польскай пяхоты[3]. Стэфан Макшэцкі кінуў у бой усе свае пяхотныя рэзервы, а затым загадаў 2-й танкавай роце пад камандаваннем другога лейтэнанта Багдана Яжэўскага накіравацца на поўнач, да вёскі Грандзічы, каб заняць абарончыя пазіцыі каля могілак, за межамі горада. Крыху пазней пачалася другая хваля атакі РСЧА. Былі разгромленыя два эскадроны польскай кавалерыі, якія знаходзіліся ў рэзерве на ўсход ад Гродна. Аднак, калі 10-я кавалерыйская дывізія рушыла на захад, у бок чыгункі на ўсходняй ускраіне горада, савецкія войскі былі абстраляныя танкамі 1-й танкавай роты палякаў, што не былі выгружаны з платформы і стаялі на чыгуначных шляхах. Яны выступілі ў ролі імправізаванага бронецягніка. Нясучы вялікія страты, савецкая кавалерыя была вымушана адступіць[2].

Нягледзячы на першапачатковыя поспехі палякаў, яны былі вымушаныя пакінуць вёску Станіславаў, размешчаную на паўночны ўсход ад Гродна, калі 2-я і 3-я Кубанскія кавалерыйскія брыгады рушылі на захад, у бок прыгарада Гродна, Дзевятоўкі[2] загадаў усім польскім войскам у Гродне вярнуцца ў цэнтр, у наваколлі чыгуначнага вакзала і мастоў праз Нёман, якія былі ўзарваныя палякамі ў 19 гадзін 30 хвілін[3], бо польскі гарнізон ужо знаходзіўся пад абстрэлам савецкіх войскаў[2]. Выбух мастоў яшчэ больш ускладніў становішча палякаў, бо падмацаванню прыйшлося шукаць абыходны шлях[6].

Большая частка гарнізона адступіла на паўднёвы захад, перайшоўшы Нёман. У цэнтры горада засталіся толькі 3-ці ўзвод 2-й танкавай роты і некалькі дробных пяхотных падраздзяленняў. 3-ці ўзвод не меў магчымасці звязацца з іншымі падраздзяленнямі, і не быў праінфармаваны аб агульным адступленні за раку. Большая частка польскага гарнізона ўжо знаходзілася ў руках савецкай арміі, аднак 2-я танкавая рота па-ранейшаму знаходзілася на поўнач ад Гродна[2].

Яжэўскі, зразумеўшы, што яго 3-і ўзвод адрэзаны ад асноўных сіл, распачаў спробу прарвацца да аўтамабільнага моста праз Нёман, што яму ўдалося. Пры гэтым, падчас прарыву не загінуў ні адзін чалавек, хоць толькі адзін танк застаўся баяздольны: два выйшлі з ладу з-за механічных няспраўнасцяў, яшчэ два — былі пашкоджаныя агнём 2-й Кубанскай кавалерыйскай брыгады — гэтыя танкі прыйшлося буксіраваць. Яжэўскага і яго танкі суправаджалі 9 танкістаў іншых падраздзяленняў і 25 пяхотнікаў з батальёна аховы, якія таксама аддзяліліся ад свайго камандзіра[2].

Танкі 2-й роты павольна прасоўваліся да цэнтра, а савецкая армія спрабавала знішчыць іх на вузкіх вулачках Гродна. Макшэцкі, разумеючы неабходнасць прарвацца ў цэнтр, накіраваў у падмацаванне 1-ы ўзвод 1-й танкавай роты пад камандаваннем Главацкага. Аднак той не адразу выявіў 3-ці ўзвод, а таму адступіў назад за раку. Невялікая група разведчыкаў усё ж такі здолела знайсці салдат-танкістаў, якія заставаліся ў цэнтры Гродна. Праз дзве гадзіны разлютаваных баёў, яны падышлі да адзінага захаванага моста праз Нёман, аднак і той быў падпалены. Пераправіцца да асноўных сіл польскай арміі здолелі толькі два танкі, астатнія прыйшлося кінуць[2].

20 ліпеня

правіць

Уначы савецкія войскі, нягледзячы на разбурэнне ўсіх мастоў, перайшлі Нёман на поўнач ад Гродна. У гэты час да палякаў прыбыло падмацаванне (сілы 18-й пяхотнай брыгады), якая належала ўсё той жа 9-й пяхотнай дывізіі, пад камандаваннем брыгаднага генерала Аляксандра Нарбута-Лучыньскага[5]. Баявой задачай гэтай брыгады было ліквідаваць савецкія плацдармы на рацэ Нёман, наступаючы на поўнач па заходнім беразе. Аднак, да гэтага часу войскі РСЧА ўжо паспелі добра ўмацавацца на рацэ, і, замест таго, каб адціснуць чырвонаармейцаў да лініі фартоў XIX стагоддзя, польская атака ні да чаго не прывяла[3].

Польскія танкі адышлі далей на паўднёвы захад і ўдзельнічалі ў сутычцы каля вёскі Вялікая Альшанка, прыкладна ў чатырох кіламетрах ад горада, выкарыстоўваючы тую ж «тактыку бронецягніка», якая зноў паказала сваю эфектыўнасць: савецкія войскі былі вымушаныя адступіць з вышыні 177 і з форта № 5 да ракі Нёман, праследуемыя польскай пяхотай пры падтрымцы танкаў. Аднак гэты поспех палякаў апынуўся часовым, так як 3-і кавалерыйскі корпус, перайшоўшы раку, зноў вярнуўся на зыходны бераг паўночней, пасля чаго зноў накіраваўся на паўднёвы захад, у бок Сакулкі. Палякі былі вымушаныя адступіць пасля зацяжных баёў[2].

Вынікі

правіць

Палякі пацярпелі паразу ў бітве[7]. У сваіх мемуарах Гай успамінаў, што бітва пры Гродне каштавала яму «500 забітых і параненых, 400 коней і сем дзён неацэннага часу»[8].

Польская армія была вымушаная пакінуць мяжу абароны Нёман—Шчара і перайсці на лінію НараўЗаходні Буг[7].

2-я танкавая рота была расфармаваная, танкі ў яе складзе адпраўленыя на рамонт у Лодзь. 18-я пяхотная брыгада і 1-я танкавая рота ўдзельнічалі ў баях уздоўж ракі Нараў і, нарэшце, у Варшаўскай бітве[2].

Крыніцы

правіць
  1. а б в Skaradziński, B. Vol. 2 (пол.). — Warszawa: Volumen, 1993. — С. 141. — 318 с. — (Polskie lata 1919—1920). — ISBN 978-83-85218-47-0.
  2. а б в г д е ё ж з і к л Lawrynowicz, W. J. The Defense of Grodno (англ.). mailer.fsu.edu. Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2014.
  3. а б в г Nowik, G. Zanim złamano Enigmę. Polski radiowywiad podczas wojny z bolszewicką Rosją 1918–1920 (пол.). — Warszawa: Rytm, 2004. — С. 543—546. — ISBN 978-83-7399-099-9.
  4. Pruszyński, P., Giedroyć, J. Wojna 1920: dramat Piłsudskiego (пол.). — Warszawa: BGW, 1995. — С. 157—159. — 318 с. — ISBN 83-7066-560-8.
  5. а б Nowik, G. Zanim złamano Enigmę. Polski radiowywiad podczas wojny z bolszewicką Rosją 1918–1920 (пол.). — Warszawa: Rytm, 2004. — С. 596. — ISBN 978-83-7399-099-9.
  6. Skaradziński, B. Vol. 2 (пол.). — Warszawa: Volumen, 1993. — С. 142. — 318 с. — (Polskie lata 1919—1920). — ISBN 978-83-85218-47-0.
  7. а б Davies, N. White Eagle, Red Star (англ.). — L.: Macdonald & Co, 1972. — ISBN 978-0-7126-0694-3.
  8. Jagiełło, Z. Piechota Wojska Polskiego 1918—1939 (пол.). — Warszawa: Bellona. — ISBN 978-83-11-10206-4.