Ліпенская аперацыя (1920)

Ліпеньская аперацыя (4—23 ліпеня 1920) — наступленне войск Заходняга фронту Чырвонай Арміі ў ходзе польска-савецкай вайны на беларускім напрамку[1].

Ліпенская аперацыя
Асноўны канфлікт: Польска-савецкая вайна
Летняе прасоўванне Чырвонай арміі.
Летняе прасоўванне Чырвонай арміі.
Дата 4—23 ліпеня 1920
Месца Беларусь
Вынік перамога савецкіх войск
Праціўнікі
 Польшча  РСФСР
Камандуючыя
С. Шаптыцкі М. Тухачэўскі
Сілы бакоў
72 000 чалавек 91 500 чалавек

Перадгісторыя

правіць

Майская аперацыя Заходняга фронту скончылася няўдала, і савецкія войскі адышлі на зыходныя пазіцыі, хоць і захавалі некалькі плацдармаў. Аднак гэтая аперацыя дала войскам Паўднёва-Заходняга фронту магчымасць пераходу ў наступленне ва Украіне. У сваю чаргу, у выніку поспехаў Паўднёва-Заходняга фронту былі створаны выгадныя ўмовы для пераходу ў агульнае наступленне войскам Заходняга фронту, таму што для выратавання сітуацыі ва Украіне польскае камандаванне накіравала туды ўсе рэзервы і зняло частку войскаў, якія знаходзіліся ў Беларусі[2][3].

Расстаноўка сіл

правіць

У чэрвені 1920 года войскі Заходняга фронту атрымалі папаўненне, у іх склад былі ўключаны новыя злучэнні, дадаткова былі створаны 4-я і 3-я арміі, палепшана забеспячэнне войскаў узбраеннем, боепрыпасамі, абмундзіраваннем і харчаваннем. Да пачатку ліпеня ў склад Заходняга фронту (камандуючы М. М. Тухачэўскі, члены РВС — І. С. Уншліхт, І. Ц. Смілга) уваходзілі 4-я, 15-я, 3-я, 16-я арміі і Мазырская група. Колькасць войск Заходняга фронту складала 81 тысячу штыкоў, 10,5 тысяч шабляў, 722 гарматы, 2913 кулямётаў[1][4].

Заходняму фронту РСЧА супрацьстаялі польскія войскі Паўночна-Усходняга фронту (камандуючы генерал С. Шаптыцкі), у склад якога ўваходзілі 1-я армія (7-я, 8-я, 10-я, 11-я, 1-я Літоўска-беларуская пяхотныя дывізіі), 4-я армія (2-я, 4-я, 15-я пяхотныя дывізіі) і Палеская група (9-я, 14-я, 16-я пяхотныя дывізіі). Колькасць польскіх войскаў складала 72 тысячы штыкоў і шабляў, 464 гармат[2][4].

Планы бакоў

правіць

Задума савецкага камандавання палягала ў тым, каб акружыць і разграміць войскі левага флангу польскага Паўночна-Усходняга фронту ў раёне ГерманавічыДокшыцы і адціснуць астатнія польскія сілы ў лясіста-багністыя раёны Палесся. Галоўны ўдар павінна была наносіць ударная групоўка, якая складалася з 4-й, 15-й і 3-й армій, з раёна на захад і поўдзень ад Полацка ў агульным кірунку на СмаргоньЛіда. Ударная групоўка была разгорнута ў паласе 90 км і налічвала 60 тысяч штыкоў і шабляў, што азначала падвойную перавагу ў сілах над праціўнікам[1][3].

4-я армія (камандуючы Я. М. Сяргееў) павінна была нанесці флангавы ўдар з раёна на поўнач ад азёр БелаеЕльня ў паўднёва-заходнім напрамку на ШаркаўшчынаЛужкі, 3-і конны корпус Г. Д. Гая павінен быў наступаць на Свянцяны. 15-я армія (камандуючы А. І. Корк) наносіла франтальны ўдар на ГлыбокаеПарф’янава, а 3-я армія (камандуючы У. С. Лазарэвіч) — флангавы ўдар на Докшыцы—Парф’янава, з далейшай мэтай наступлення на ПлешчаніцыМінск. 16-я армія (камандуючы М. У. Салагуб) атрымала задачу, фарсіраваўшы раку Бярэзіна, наступаць у напрамку Смалявічы—Мінск, а Мазырская група (камандуючы Ц. С. Хвесін), якая ўжо вяла наступленне з 19 чэрвеня і вызваліла 29 чэрвеня Мазыр, павінна была працягваць прасоўванне ўздоўж правага берага Бярэзіны[1][3].

Ход аперацыі

правіць

Досвіткам 4 ліпеня 1920 года ўдарная групоўка Заходняга фронту перайшла ў наступленне. Аперацыя пачалася паспяхова. 4-я армія (18-я, 12-я, 53-я стралковыя дывізіі, 164-я стралковая брыгада) прарвала лінію ўмацаванняў палякаў, уведзены ў прарыў 3-і корпус Гая (10-я і 15-я кавалерыйскія дывізіі) пачаў прасоўванне, ахопліваючы левы фланг 1-й польскай арміі. Часці 15-й арміі (4-я, 11-я, 15-я, 33-я і 54-я стралковыя дывізіі) пасля зацятых баёў нанеслі паражэнне польскім войскам, адкінуўшы іх на Глыбокае. Пры прарыве польскіх умацаванняў у паласе 33-й стралковай дывізіі Чырвоная армія ўпершыню выкарыстала 3 трафейныя танкі «Рэно». 5 ліпеня Глыбокае было ўзята кавалерыйскай групай 15-й арміі. 3-я армія (5-я, 6-я, 21-я, 56-я стралковыя дывізіі) пераправілася праз Бярэзіну і 5 ліпеня ўзяла Докшыцы, а 6 ліпеня заняла Парф’янава[1].

У выніку наступлення войскі Заходняга фронту нанеслі цяжкія страты 1-й польскай арміі. Польскае камандаванне не магло спыніць наступленне савецкіх войскаў у Беларусі, таму 6 ліпеня было вымушана аддаць загад сваім войскам аб адыходзе ў агульным кірунку на Ліду. Войскі Чырвонай Арміі працягвалі пераследваць праціўніка, але не змаглі цалкам акружыць 1-ю польскую армію. У выніку паразы і распачатага адступлення 1-й польскай арміі значна пагоршылася становішча 4-й польскай арміі і з’явіліся выгадныя ўмовы для наступленне часцей 16-й арміі і Мазырскай групы савецкіх войскаў. Мазырская група (57-я стралковая дывізія і зводны атрад) пачала прасоўванне ў напрамку ГлускСлуцк. 3-ці конны корпус накіраваўся ў глыбокі тыл польскіх войскаў і 9 ліпеня заняў Свянцяны[2].

У ноч на 7 ліпеня пачала прасоўванне 16-я армія (2-я, 8-я, 10-я, 17-я і 27-я стралковыя дывізіі), якая пасля пераправы праз Бярэзіну рушыла непасрэдна на Мінск. Галоўны ўдар армія наносіла сіламі трох дывізій. Завязаліся зацятыя баі, польскія войскі пачалі адступаць. 9 ліпеня савецкія войскі вызвалілі горад Ігумен. Польскія войскі стварылі вакол Мінска паўкола з акопаў з драцянымі загародамі, таму 27-я дывізія абышла горад з поўначы і поўдня. Атака савецкіх войскаў пачалася на досвітку 11 ліпеня, праціўнік аказваў жорсткае супраціўленне, якое было зламана войскамі 27-й і 17-й стралковых дывізій. Да поўдня горад быў цалкам заняты Чырвонай Арміяй[2].

З 12 ліпеня пачаўся новы этап наступальнай аперацыі Заходняга фронту. Галоўныя сілы, засяроджаныя на правым крыле, павінны былі весці наступленне, прыкрываючыся тэрыторыяй Літвы і Усходняй Прусіі і навісаючы над флангам польскай арміі, каб не даць праціўніку замацавацца на зручным для абароны рубяжы. Камандаванне польскіх войскаў спрабавала знайсці сілы і сродкі, каб спыніць наступленне Чырвонай Арміі. Яшчэ 9 ліпеня Ю. Пілсудскі аддаў войскам загад утрымаць фронт па лініі Вільня — германскія акопы — Лунінец — рака Стыр і рака Збруч. План заключаўся ў тым, каб замацавацца на поўначы па лініі старых германскіх акопаў, а потым нанесці контрудар з раёна Брэста. Аднак ужо ў сярэдзіне ліпеня лінія германскіх акопаў была прарваная часцямі праціўніка[2][4].

14 ліпеня 3-ці конны корпус і 164-я стралковая брыгада атакавалі польскія войскі ў Вільні і пасля 6-гадзіннага бою занялі горад. Літоўская армія пачала баявыя дзеянні супраць палякаў, ніяк не ўзгадняючы іх з камандаваннем Чырвонай Арміі. У выніку 4-дзённых перамоў удалося ўстанавіць умоўную мяжу паміж Чырвонай Арміяй і літоўскімі войскамі па лініі Новыя Трокі — АраныМерач — Аўгустаў. 17 ліпеня войскі 15-й арміі занялі Ліду, 19 ліпеня 3-ці конны корпус нечакана для палякаў уварваўся ў Гродна, выбіўшы адтуль невялікі гарнізон праціўніка, а часці 16-й арміі занялі Баранавічы. 21—22 ліпеня 4-я, 15-я і 3-я арміі пераправіліся праз раку Нёман, а 16-я армія фарсіравала Шчару. 23 ліпеня Мазырская група заняла Пінск[1][2][4][3].

Вынікі

правіць

У выніку ліпеньскай аперацыі савецкія войскі нанеслі цяжкае паражэнне галоўным сілам польскага Паўночна-Усходняга фронту, гэта канчаткова замацавала пералом у ходзе савецка-польскай вайны. Была занята значная частка Беларусі і створаны спрыяльныя ўмовы для далейшага наступлення ў саму Польшчу. Разам з тым у ходзе аперацыі савецкія войскі не змаглі акружыць і знішчыць войскі праціўніка. У той жа час хуткае дасягненне буйной перамогі прывяло да пераацэнкі савецкім камандаваннем ступені паразы польскага войска, што прывяло да працягу наступлення на Варшаву без паўзы, без падцягвання тылоў. Гэта ў наступным стала прычынай няўдачы Варшаўскай аперацыі[1].

Крыніцы

правіць
  1. а б в г д е ё Июльская операция 1920 // Гражданская война и военная интервенция в СССР. Энциклопедия. М.: Советская энциклопедия, 1983.
  2. а б в г д е Мельтюхов М. И. Советско-польские войны. — М.: Вече, 2001. С. 65—70
  3. а б в г Какурин Н., Меликов В. Гражданская война в России: Война с белополяками. — М.: ACT; СПб.: Terra Fantastica, 2002. С. 282—308
  4. а б в г Грицкевич А. П. Западный фронт РСФСР 1918—1920. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию — Минск, Харвест, 2010. С. 222—255

Літаратура

правіць
  • Гражданская война и военная интервенция в СССР. Энциклопедия. — М.: Советская энциклопедия, 1983.
  • История гражданской войны в СССР, т. 5, — М., 1960.
  • Какурин Н., Меликов В. Гражданская война в России: Война с белополяками. — М.: ACT; СПб.: Terra Fantastica, 2002.
  • Грицкевич А. П. Западный фронт РСФСР 1918—1920. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию — Минск, Харвест, 2010. ISBN 978-985-16-6650-4
  • Мельтюхов М. И. Советско-польские войны. — М.: Вече, 2001.