Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту

(Пасля перасылкі з ВРК Заходняга фронту)

Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту (мае таксама назвы — Рэвалюцыйны камітэт, Часовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт, ВРК Заходняй вобласці, Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Мінска і Заходняга фронту, Мінскі ВРК, Ваенрэўком Мінскага Савета, Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Паўночна-Заходняй вобласці і Заходняга фронту) — часовы рэвалюцыйны орган па правядзенні ўзброеннага паўстання на тэрыторыі беларускіх губерняў і Заходнім фронце ў кастрычніку—лістападзе 1917. Прыкладам для арганізацыі паслужыў Петраградскі ВРК. Рашэнне аб утварэнні ВРК Заходняга фронту бальшавікі Мінска прынялі 26 кастрычніка (8 лістапада) 1917. Ядро камітэта склалі прэзідыум Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, бюро Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў Заходняй вобласці, бальшавіцкая фракцыя камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняга фронту, прадстаўнікі Мінскага раённага чыгуначнага камітэта і ўсіх вайсковых часцей Мінска.

У загадзе № 2 ВРК Заходняга фронту ад 3(16) лістапада 1917 гаварылася, што камітэт «пашырае свой уклад: у яго запрашаюцца па адным прадстаўніку ад кожнага Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Паўночна-Заходняй вобласці…» і па адным ад ваенна-рэвалюцыйных камітэтаў Заходняга фронту. 5(18) лістапада 1917 газета «Звязда» паведамляла, што «Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту ўжо аформіўся і прыступіў да работы».

У склад камітэта ўваходзілі лідары бальшавікоў беларускіх губерняў І. Я. Алібегаў, С. І. Берсан, В. В. Вашкевіч, М. І. Калмановіч, В. В. Каменшчыкаў, В. Г. Кнорын, М. І. Крывашэін, К. І. Ландар (старшыня бюро ВРК), А. Ф. Мяснікоў, П. М. Палукараў, М. У. Рагазінскі, У. С. Селязнёў, У. М. Фрэйман, А. М. Цярэнцьева, С. Я. Шчукін і інш. (усяго больш за 25 чал.). Выдаваў «Бюллетень Военно-революционного комитета Западного фронта».

Адначасова з выкананнем функцый задушэння супраціўлення контррэвалюцыйных сіл ВРК займаўся адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасцю. З мэтай стварэння пастаянных і адзіных краявых і франтавых органаў бальшавіцкай улады, ажыццяўлення мерапрыемстваў па нармалізацыі гаспадарчага жыцця ў складзе камітэта былі адддзелы:

  • грамадзянскі
  • ваенны
  • гаспадарчы
  • забеспячэння
  • арганізацыйны і сувязі
  • мандатны
  • інфармацыйны

Агульнае кіраўніцтва работай аддзелаў ажыццяўляла бюро ВРК, у якое ўваходзілі прадстаўнікі ад кожнага аддзела. ВРК расшырыў свае паўнамоцтвы на ўсе адміністрацыйныя ўстановы, суд, пошту, тэлеграф, вырашаў розныя канфлікты, пасылаў сваіх прадстаўнікоў для арганізацыі рэўкомаў на месцах. Накіраваў на дапамогу Мінскаму Савету браняпоезд, браневікі, рэвалюцыйны 60-ы Сібірскі полк. 4(17) лістапада 1917 распусціў эсэра-меншавіцкі Камітэт выратавання рэвалюцыі, удзельнічаў у ліквідацыі Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага ў Магілёве, блакіраваўяе сваімі войскамі з поўдня ў раёне Жлобіна, паставіў пад кантроль сваіх камісараў работу чыгуначных станцый. Ажыццяўляў кантроль над штабам Заходняга фронту, арыштаваў ваеннага камісара Часовага ўрада на Заходнем фронце, змясціў галоўнакамандуючага Заходнім фронтам П. С. Балуева, які адмовіўся падпарадкавацца бальшавіцкай уладзе, і назначыў на яго месца члена ВРК В. В. Каменшчыкава. Неаднаразова звяртаўся да салдат з заклікам накіраваць свае намаганні на барацьбу за хутчэйшае падпісанне міру, накіраваў у штаб нямецкага Усходняга фронту дэлегацыю, якая 21 лістапада (4 снежня) 1917 падпісала ў мяст. Солы дагавор пра перамір’е на Заходнем фронце.

Прымаліся самыя жорсткія меры для спынення сабатажу на прадпрыемствах і ва ўстановах Мінска. Паводле загада № 14 ВРК Заходняга фронту былі распушчаны камітэт Усерасійскага земскага саюза. Ва ўправу Мінскага губернскага прадуктовага камітэта «для кантролю і ажыццяўлення ўсіх распараджэнняў ВРК і Савета Народных Камісараў» быў назначаны прадстаўнік ВРК салдат Т. Швалёў. На прадметы першай неабходнасці і прадукты былі ўстаноўлены цвёрдыя цэны. Загады ВРК паведамляюць пра суровыя меры пакарання, што прымаліся ў дачыненні да грабежнікаў, хуліганаў і п’яніц, забарону продажу і вырабу спіртнога і інш. Каравульная служба была арганізавана «па ўсёй строгасці гарнізоннага статута».

У адпаведнасці з законам аб друку ВРК Заходняга фронту закрыў некалькі антыбальшавіцкіх газет, у т.л. «Гомельскую жизнь», «Новое Варшавское утро», «Минскую жизнь», «Минскую искру» і інш. Праводзіў работу па падрыхтоўцы і скліканні з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, Трэцяга з’езда Саветаў сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, Другога з’езда армій Заходняга фронту, якія выбралі органы бальшавіцкай улады.

Спыніў дзейнасць ВРК Заходняга фронту 26 лістапада (9 снежня) 1917 пасля стварэння Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзаха) і Савета народных камісараў Заходняй вобласці і фронту.

Літаратура

правіць
  • Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Документы и материалы: 40 лет 1917—1957 / Ин-т истории партии ЦК КПБ—филиал Института марксизма-ленинизма при ЦК КПСС, Институт истории Академии наук БССР, Архивное управление БССР; [Сост.: В. В. Скоробогатый и др.]. Т. 1.: Белоруссия в период подготовки социалистической революции: Февраль—октябрь 1917 г. / Редкол.: Т. С. Горбунов и др. — Мн.: Государственное издательство БССР, 1957. — 1005, [2] с.
  • Победа Советской власти в Белоруссии / Редкол.: И. И. Минц и др. — Мн.: Наука и техника, 1967. — 506, [1] c., [1] л. портр.
  • Стужынская, Н. І. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту / Н. І. Стужынская // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 2: Беліцк—Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 536 с. — С. 181—182. — ISBN 5-85700-142-0.
  • Стужынская, Н. І. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту ў Кастрычніцкай рэвалюцыі / Н. І. Стужынская // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. — 1985. — № 1. — С.