Вапінджэр (англ.: Wappinger)  — індзейская канфедэрацыя ў XVII — XVIII стст. на ўсходзе сучасных ЗША.

Вапінджэр
Правадыр Дэніел Німхэм
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Паўночная Амерыка
Мова усходняя алганкінская
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы ленапэ, магіканы

Вапінджэр насялялі ўсходні бераг ракі Гудзон. Лічыцца, што іх назва паходзіць з усходніх алганкінскіх моў і значыць «усходнія». Канфедэрацыя ўключала наступныя тэрытарыяльныя групы:

  • кітчаванк
  • начпім
  • сінтсінк
  • сіваной
  • танкітэкэ
  • вапіндж

Асноўнымі традыцыйнымі заняткамі былі земляробства, паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Тушы дзікіх жывёл смажылі на вогнішчы разам з вантробамі. Важным эканамічным заняткам быў выраб вампумаў. Унутранае кіраванне канфедэрацыі было засяроджана ў руках правадыроў, якія вырашалі агульныя пытанні на супольных радах, якія збіраліся нерэгулярна. Поруч са звычайнымі вёскамі ў вапінджэр меліся ўмацаваныя паселішчы.

Відавочна, першы кантакт груп вапінджэр з еўрапейцамі адбыўся ў 1524 г., калі ў вусці Гудзона з’явілася французская экспедыцыя на чале з Джавані да Верацана. У 1609 г. вапінджэр кантактавалі з чальцамі экспедыцыі Генры Гудзона. У гэты перыяд агульная колькасць чальцоў канфедэрацыі магла дасягаць 13 200 чалавек.

У 1626 г. галандцы заснавалі на Манхэтэне калонію Новы Амстэрдам. З 1628 г. паміж каланістамі і тубыльцамі адбываліся перыядычныя канфлікты. У 16431645 гг. яны ператварыліся ў сапраўдную вайну, выйграную галандцамі з дапамогай іх саюзнікаў-іракезаў. Лічыцца, што за 2 гады вайны вапінджэр згубілі болей за 1500 чалавек. Яшчэ больш разбуральнымі сталі эпідэмічныя хваробы, занесеныя каланістамі, ад якіх у індзейцаў не было імунітэту. Да 1673 г., калі Новы Амстэрдам быў захоплены англічанамі, вапінджэр ужо не ўяўлялі сабой сур’ёзную палітычную сілу ў рэгіёне. Многія з іх далучыліся да дэлавараў і анейда.

У 1756 г. група англійскіх апалчэнцаў незаконна захапіла землі заходніх вапінджэр. Іх правадыр Дэніел Німхэм імкнуўся вярнуць маёмасць праз суд. Аднак яго намаганні скончыліся няўдачай. Таму ён і яго супляменнікі падтрымалі Амерыканскую рэвалюцыю, служылі выведвальнікамі ў амерыканскім войску. У 1778 г. ён загінуў. Пасля рэвалюцыі вапінджэр прадалі рэшткі сваіх зямель і далучыліся да руху індзейцаў на захад. Да пачатку XIX ст. іх супольнасць канчаткова распалася.

Спасылкі

правіць