Камодскі варан або камодскі цмок (Varanus komodoensis) — гіганцкі варан, найбуйнейшы прадстаўнік не толькі варанаў, але і ўсіх сучасных яшчарак. Жыве варан на астравах Камода, Рынча, Гілі-Матанг і Флорэс, дзе знаходзіцца пад аховай. Раней таксама насяляў востраў Падар.
Вучоныя ўстанавілі[крыніца?], што камодскі цмок родам з Аўстраліі. Для гэтага яны правялі аналіз скамянелых рэштак аўстралійскіх яшчараў узростам ад 300 тысяч гадоў да 4 мільёнаў гадоў. Сярод іх было выяўлена некалькі, якія нагадваюць сучасных камодскіх цмокаў. Па словах даследчыкаў, параўнанне рэштак з цяпер існымі асобінамі сведчыць пра «ідэальнае падабенства». Адгэтуль даследчыкі зрабілі выснову, што камодскі цмок, верагодна, развіўся ў Аўстраліі, пасля чаго перасяліўся на найбліжэйшыя астравы прыкладна 900 тысяч гадоў таму.
Самыя буйныя асобіны дасягаюць даўжыні 4,5 метра і важаць да 150 кг. Звычайная даўжыня цела з хвастом каля 3 метраў, а вага каля 70 кілаграм. Чэрап варана звычайна каля 21 см даўжынёй. Зубы ў жывёл загнутыя назад, дзякуючы ім варан лёгка адкусвае цэлыя кавалкі з цела здабычы. Ежу не жуе, будова сківіц і глоткі дазваляе глытаць адразу вялікія кавалкі.
Выкопвае норы глыбінёй да 5 метраў. Добра плавае. Сілкуецца дзікімі свіннямі, козамі, аленямі, малпамі, сабакамі, а таксама падлай. Палюе з засады, кідаючыся на ахвяру з невялікай адлегласці. Паваліўшы здабычу, успорвае ёй жывот і першым чынам выядае вантробы.
Лічыцца, што ў сліне гэтай жывёлы ўтрымоўваецца шмат бактэрый, таму яго ўкусы лёгка выклікаюць заражэнне, нярэдка смяротнае. Аднак нядаўнія даследаванні аўстралійскіх вучоных выявілі[крыніца?], што камодскія вараны маюць яд, даволі падобны да змяінага, які вызывае згусанне крыві і змяншае ціск, з прычыны чаго ахвяра хутка слабее. Вядомыя выпадкі нападу на людзей.
У маі самка адкладае ў нару да 25 яйкаў, кожнае важыць каля 200 грам. Інкубацыйны перыяд — 8-8,5 месяцаў, дзіцяняты даўжынёй да 30 сантыметраў. Працягласць жыцця варанаў звычайна не перавышае 50 гадоў.