Вацлаў Юльянавіч Жэброўскі

Ва́цлаў Юлья́навіч Жэбро́ўскі (1895, Вільямпольская слабада паблізу горада Коўна, цяпер горад Каўнас, Літва — расстраляны 26 лістапада 1937, Масква) — савецкі дзеяч, журналіст, адказны рэдактар «Настаўніцкай газеты» і газеты «За камуністычную асвету», 3-ці сакратар ЦК КП(б) Беларусі. Кандыдат у члены ЦК КП(б) Украіны ў чэрвені 1930 — студзені 1932 года. Член Бюро ЦК КП(б) Беларусі ў сакавіку 1932 — 1934 года.

Вацлаў Юльянавіч Жэброўскі
Сцяг 3-ці сакратар ЦК КП(б)Б
28 сакавіка 1932 — 16 студзеня 1934
Папярэднік пасада заснаваная
Пераемнік Уладзімір Патапейка
Нараджэнне 1895
Вільямпольская слабада
Смерць 26 лістапада 1937(1937-11-26)
Масква
Партыя УКП(б) (1917)
Дзейнасць палітык

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў польскай сям'і.

Член РСДРП(б) з чэрвеня 1917 года.

У жніўні — снежні 1918 года — знаходзіўся ў турме за рэвалюцыйную дзейнасць. З снежня 1918 года — член Ковенскага падпольнага камітэта РКП(б), інструктар-арганізатар Ковенскага камітэта РКП(б), загадчык інструктарскага аддзела Народнага камісарыята ўнутраных спраў ССР Літвы і Беларусі. У 1920 годзе быў зноў арыштаваны літоўскімі ўладамі, але неўзабаве вызвалены.

У ліпені — жніўні 1920 года — член Прэзідыума Цэнтральнага бюро прафесійных саюзаў Літвы. З жніўня 1920 года — у Чырвонай арміі, служыў начальнікам партыйнай асветы палітычнага аддзела 3-й арміі. У 1921 годзе — старшыня Польскага бюро Віцебскага губернскага камітэта РКП(б).

З 1924 года — на партыйнай рабоце ў Кіеве. Працаваў намеснікам загадчыка арганізацыйна-размеркавальнага аддзела Кіеўскага акруговага камітэта КП(б)У, загадчыкам агітацыйна-прапагандысцкага аддзела Червоназаводскага раённага камітэта КП(б)У горада Харкава. У 1930 годзе — інструктар ЦК УКП(б).

У 1930—1932 гадах — слухач Камуністычнага універсітэта імя Свярдлова ў Маскве.

У студзені — лютым 1932 года — намеснік загадчыка аддзела агітацыі і масавых кампаній ЦК УКП(б).

З 28 сакавіка 1932 года да 16 студзеня 1934 года — 3-ці сакратар ЦК КП(б) Беларусі.

З мая 1934 года — адказны рэдактар «Настаўніцкай газеты» ў горадзе Маскве. Да ліпеня 1937 года — адказны рэдактар газеты «За камуністычную асвету».

9 ліпеня 1937 года арыштаваны органамі НКУС. Расстраляны 26 лістапада 1937 года і пахаваны на Данскіх могілках Масквы. Пасмяротна рэабілітаваны 28 красавіка 1956 года.

Літаратура правіць

  • Уся Украіна і АМССР. Адрасная і даведачная кніга на 1930 год — 1930 г.

Спасылкі правіць