Венскі гурток (ням.: Wiener Kreis) — філасофскі гурток, у якім былі распрацаваны асновы лагічнага пазітывізму, утварыўся (у 1922) вакол аўстрыйскага фізіка М. Шліка (пераемніка Э. Маха на кафедры філасофіі Венскага ўніверсітэта). У Венскі гурток ўваходзілі: О. Нейрат, Х. Хан, Ф. Вейсман, К. Гёдэль, Ф. Каўфман, В. Крафт, Г. Фейгль і іншыя. Венскі гурток часта наведвалі Ф. Франк, К. Гемпель, пазней А. Аер. У 1926 у Венскі гурток быў запрошаны Р. Карнап.

Асноўнай ідэяй Венскага гуртка было засяроджанне на лагічным аналізе мовы навукі, прычым у якасці сродку аналізу вылучаецца апарат матэматычнай логікі. Такім чынам, у Венскім гуртку адбываецца зліццё пазітывізму з рознымі плынямі ў філасофіі матэматыкі (лагіцызмам): члены Венскага гуртка паспрабавалі злучыць метад верыфікацыі з метадам лагічнага аналізу і стварыць на гэтай аснове адзіную уніфікаваную навуку, якая ахоплівае як прыродазнаўчыя, так і гуманітарныя веды. У 1929 быў апублікаваны праграмны дакумент Венскага гуртка "Навуковае разуменне свету. Венскі гурток". Да 1930 (на 7-м міжнародным кангрэсе філасофіі ў Оксфардзе) адбываецца афіцыйнае афармленне Венскага гуртка і ўсталяванне арганізацыйных і ідэалагічных сувязяў з іншымі школамі, групамі і плынямі: Берлінскім таварыствам эмпірычнай філасофіі; Львоўска-варшаўскай школай; Кембрыджскімі аналітыкамі (Англія); Упсальскай школай (Швецыя); Мюнстэрскай лагістычнай школай, а таксама з асобнымі філосафамі. Венскі гурток выпускае спецыяльны часопіс "Erkenntnis" (1930-39), праводзіць шэраг кангрэсаў (1-ы - 1929, Прага, 2-і - 1930, Кёнігсберг, 3-і - 1934, Прага, 4-ы- 1935, Парыж, 5 - ы - 1936, Капенгаген, 6-ы - 1937, Парыж, 7-ы - 1938, Кембрыдж, Вялікабрытанія, 8-ы - 1939, Кембрыдж, ЗША) і канферэнцый; яго члены актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх міжнародных сімпозіумах. З 1938 выходзіць "Міжнародная энцыклапедыя уніфікаванай навукі" і "Бібліятэка серыі уніфікаванай навукі". У пачатку 2-й сусветнай вайны Венскі гурток спыніў сваё існаванне.