Вятрак

(Пасля перасылкі з Ветраны млын)

Вятрак, ветраны млын — вытворчая пабудова для памолу зерня з выкарыстаннем энергіі ветру.

Вятрак
Выява
Крыніца энергіі энергія ветру
Схематычная ілюстрацыя
Аб’ект на Глобусе Беларусі globustut.by/type_tn_win…
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Вятрак на тэрыторыі музейнага комплексу «Дудуткі»

Вярчальны момант ад парных крылаў (звычайна чатырох) каркаснай канструкцыі, умацаваных на гарызантальным вале, праз зубчатыя колы перадаваўся на вертыкальны вал і камяні паставоў. Паводле канструкцыі ветракі падзяляюцца на стрыжнёвыя (казловыя, слупавыя) і шатровыя. Сустракаліся і невялікія сядзібныя ветракі (казлоўкі), у т.л. на колах — для перавозкі з месца на месца.

Былі пашыраны ў многіх краінах Еўропы з XII—XIII стагоддзяў, звычайна мураваныя. На Беларусі вядомы з XVI стагоддзя, найбольш пашыраны ў XVIII — пачатку XX стагоддзяў, драўляныя. Выкарыстоўваліся да сярэдзіны XX ст.

Якаб ван Ройсдал, Млын у Вейк-бей-Дзюрстэдэ (1670)

Будова

правіць

Вятрак складаецца з двух асноўных частак: нерухомай апорнай падставы і рухомай часткі з механізмам і крыламі, якая здольна паварочвацца ў найбольш выгадную пазіцыю адносна ветру. У залежнасці ад суадносін гэтых частак ветракі дзеляцца на дзве групы. Першыя ветракі характарызуюцца тым, што корпус паварочваўся разам з крыламі пад найбольш зручны вецер на спецыяльнай канструкцыі — г. зв. козлах. З XVII стагоддзя ў Еўропе атрымаў распаўсюджванне новы тып ветрака з нерухомым корпусам — «галандскі» (або «шатровы»), у якога разам з крыламі паварочвалася толькі верхняя частка. У ветрака тыпу «пальтрак» паварочвалася ўся пабудова, але не на козлах, а на спецыяльным коле, устаноўленым на ўзроўні зямлі.

Стрыжнёвыя

правіць

Звычайна двух’ярусныя, квадратныя ў плане, вышынёй 8—12 м. Козлы, на якія абапіралася збудаванне, складаліся з магутных гарызантальных брусаў, якія ляжалі на зямлі, звычайна на каменным падмурку. У гарызантальныя брусы ўразаўся вертыкальны слуп (з хвоі, радзей з дубу) і падтрымліваючыя яго падкосы. Замацаваныя на слупе гарызантальныя бэлькі падтрымлівалі знізу корпус млына і з’яўляліся асновай першага яруса.

З-за таго, што практычна ўсе механізмы ветрака канцэнтраваліся бліжэй да наветранага боку, будынак даводзілася цэнтраваць. Корпус усталёўваўся на бэльках са зрухам на 30-50 см да ўваходнага боку, што забяспечвала ўстойлівасць збудавання. Да гэтых жа бэлек знізу прымацоўваўся брус-дышаль, з дапамогай якога млын паварочвалі па кірунку ветру. Уваход у млын заўсёды быў з боку, процілеглага наветранаму, дзе размяшчаліся крылы.

Крылы ўсталёўвалі на агалоўку гарызантальнага (злёгку нахіленага) вала, размешчанага пад дахам. Перадача вярчальнага руху звычайна разлічвалася такім чынам, каб за адзін абарот крылаў жоран рабіў 7-12 абаротаў. Сістэма дадатковых механізмаў дазваляла рэгуляваць хуткасць кручэння крылаў і тонкасць памолу мукі, забяспечвала падыманне мяшкоў з зернем на верхні ярус і г.д. Ярусы млына звязваліся па ўнутраных лесвіцах. Каркас рабіўся з брусаў, абшыўка — з дошак, радзей з гонту; козлы — часцей за ўсё з дуба; зубы колаў — з цвёрдых парод дрэва (граб, клён, яблыня).

Шатровыя

правіць

Гэты тып ветракоў з’явіўся ў Галандыі, таму называўся «галандскім», а на Беларусі часцей — «шатровым».

Асноўны аб’ём млына шатровага тыпу нерухомы, паварочваецца толькі верхняя частка (шапка). Часцей за ўсё шатровыя млыны рабіліся васьміграннымі, што стаялі на зрубе з 3-4 вянкоў. Бакавыя сцены ўяўлялі сабой злёгку нахілены да цэнтра каркас ашаляваны дошкамі. Накрытая дахам шапка шырэй корпуса, які завяршаўся гарызантальным драўляным колам, па якім і ажыццяўляўся паварот шапкі з крыламі. Шатровыя млыны значна вышэй «казловых» — да 18 м (не менш за 3 ярусы). Такая вышыня дазваляла падымаць вышэй вал, на якім мацаваліся крылы, а гэта значыць, рабіць іх даўжэй — адсюль і вялікая магутнасць гэтых млыноў. У шапцы пад дахам на вале размяшчалася кола, якое перадавала кручэнне на вертыкальны вал. У ніжняй частцы праз сістэму колаў кручэнне перадавалася на верхні жоран. Млыны гэтага тыпу мелі большую прадукцыйнасць, бо маглі прыводзіць у рух дзве пары жорнаў, у той час як «казловы» — толькі адну.

Пальтрак

правіць
 
Пальтрак у Шонэвальдэ[de], Германія

Спалучае ў сабе канструкцыю стрыжнёвага і галандскага тыпаў: знешні выгляд млына нагадвае канструкцыю стрыжнёвага, у той час як унутраныя механізмы набліжаны да сістэмы, якія сустракаюцца ў галандскіх. Пальтракі мелі каркасную канструкцыю сцен, ніжнія бэлькі якіх утваралі квадрат. У такіх млынах корпус стаіць адначасова і на восевым слупе, і на ляжачым на каменнай падставе драўляным коле. Па ўбудаваным у кола металічным полазе і паварочваўся корпус. Восевы слуп зроблены масіўным, гранёным, але даходзіць толькі да другога яруса. Дзейнічаў механізм па звычайнай схеме: гарызантальны вал, атрымаўшы кручэнне ад крылаў, перадае яго праз умацаванае на ім кола на зубчасты барабан і далей на металічны шворан, які прыводзіць у рух верхні жоран.

На Беларусі

правіць

На Беларусі ветракі вядомыя з XVI стагоддзя, найбольш пашыраны былі ў XVIII — пачатку XX стагоддзяў. Пераважалі драўляныя; каменныя — літаральна адзінкавыя і характэрныя толькі для канца XIX — пачатку XX стагоддзяў.

Найбольшае распаўсюджванне мелі млыны слупавой канструкцыі, так званыя «казлоўкі». Будаваліся ў Цэнтральнай Беларусі, Панямонні, Заходнім Палессі і заходняй частцы Усходняга Палесся. Корпус звычайна быў каркасным, з ашалёўкай з дошак і аполкаў. Шатровыя млыны будаваліся ў асноўным у Падняпроўі і Усходнім Палессі, рэдка — у Цэнтральным рэгіёне. На поўначы Беларусі, у Паазер’і, вядомы ветракі тыпу «пальтрак».

На поўначы Беларусі ў канцы ХІХ-пачатку ХХ ст. з’яўляюцца невялікія ветракі, прызначаныя для абслугоўвання адной або некалькіх сялянскіх гаспадарак. Найбольш часта сустракаліся на Паазер’і, але вядомыя і ў іншых частках краіны. Для іх вырабу не патрабаваліся нейкія адмысловыя гатункі драўніны, высокая кваліфікацыя цесляроў. Такія млынкі, вышынёй усяго 2—4 м, звычайна стаялі на адкрытай мясцовасці. Усталёўвалі іх непасрэдна на зямлю. Часам маглі ўбудоўвацца ў жылы дом з пропускам восевага слупа праз канёк даху. Сустракаліся перасоўныя млыны на невялікіх драўляных колах.

Яшчэ на пачатку 1950-х гадоў на Беларусі было некалькі тысяч дзеючых ветракоў[1].

У літаратуры

правіць

Мігель Сервантэс у сваім рамане «Дон Кіхот» апісваў сцэну, у якой Дон Кіхот атакуе ветраныя млыны, лічачы іх за веліканаў. Адсюль паходзіць вядомае выказванне «біцца з вятракамі», якое літаральна азначае барацьбу з неіснуючым супернікам, або бессэнсоўнае дзеянне. У беларускіх аўтараў вятрак асацыюецца ў асноўным з месцам жыхарства зданняў і інш. нечысцяў.

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Сергачёв С. А. Ветряные мельницы в Беларуси(руск.) // Архитектура и строительство : часопіс. — 2006. — № 3. — С. 32-36.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць