«Витебский голос» — штодзённая грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася з 11 студзеня 1906 да 5(18) чэрвеня 1907 гг. у Віцебску на рускай мове. Выдаўцы барон А. Ф. Розэн, з 1907 г. Г. Тэадаровіч; рэдактары I. І. Пілін, П. Стральцоў, з 1907 г. I. Васільеў.

«Віцебскі голас»
Арыгінальная
назва
«руск.: „Витебский голос“»
Тып газета
Выдавец А. Ф. Розэн
Г. Тэадаровіч
Рэдактар І. І. Пілін
П. Стральцоў
І. Васільеў
Заснавана 11 студзеня 1906
Спыненне публікацый 5 (18) чэрвеня 1907
Мова руская
Перыядычнасць штодзённа

Да 1907 прытрымлівалася акцябрысцкага кірунку, замяняла неафіцыйны аддзел газеты «Витебские губернские ведомости», хоць аб'явіла сябе прыватнай незалежнай газетай; пазней — прыватная газета ліберальна-кадэцкага кірунку. У 19051906 гг. выступала супраць узброенага паўстання, у фельетонным стылі высмейвала «Зборнік рэвалюцыйных песень», выдадзены ў Віцебску ў 1906 мясцовым камітэтам партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У артыкуле «Табліца рускіх палітычных партый» (2 сакавіка 1906 г.) разгледзела ўвесь спектр палітычных плыняў ад «чорнай сотні» да сацыял-дэмакратаў і анархістаў. Падрабязна інфармавала пра V (Лонданскі) з'езд РСДРП (1907), не раскрываючы прозвішчаў, пераказвала праграмныя выступленні бальшавікоў, меншавікоў і бундаўцаў (11, 17, 19 і 22 мая 1907 г.). У 1907 была апазіцыйнай да ўрада П. Сталыпіна, асуджала жорсткія рэпрэсіі супраць удзельнікаў рэвалюцыі, імперыялістычныя планы царызму ў руска-японскай вайне. Крытыкавала ўрадавую палітыку «адзінай і непадзельнай» Расіі. У арт. «Грамадская тэорыя Сталыпіна» В. А. Кадзеева (16 сакавіка 1907 г.) выступала за культурна-нацыянальную і тэрытарыяльную аўтаномію, якая, на думку аўтара, «не толькі не пацягне за сабой распаду, а, наадварот, маральна і юрыдычна больш цесна звяжа ўсе паасобныя часткі рускай дзяржавы, чым яны звязаны сёння». У нататках «Мясцовае пытанне» (15 лютага 1906 г.) аўтар пад псеўд. «Белоруссъ» выступіў за адраджэнне нацыянальнай свядомасці, мовы і літаратуры беларусаў, але толькі з мэтай вызвалення тутэйшых католікаў з-пад польскага ўплыву і збліжэння Беларусі з Расіяй. Газета вітала выхад «Нашай нівы» як сапраўды народнага выдання, якое не мае нічога агульнага з псеўданароднымі чарнасоценнымі лісткамі («Мясцовая хроніка», 21 студзеня 1907 г.). У тым жа нумары друкавалася рэцэнзія на апавяданне А. Пшчолкі, у якой аўтар Г. Т. (відаць, выдавец Г. Тэадаровіч) раскрытыкаваў «беларускага бытапісальніка» за кансерватызм і рэакцыйныя тэндэнцыі ў паказе сялянскага жыцця. Апрача мясцовых аўтараў, найперш Пшчолкі, газета перадрукоўвала апавяданні, нарысы і артыкулы Л. Талстога, А. Купрына, М. Горкага, М. Салтыкова-Шчадрына, У. Неміровіча-Данчанкі, А. Чэхава, У. Дарашэвіча і інш. Надрукавала артыкулы бельгійскага драматурга М. Метэрлінка «Усеагульнае выбарчае права», у якім аўтар выкрываў крайнасці манархізму і анархізму, парламенцкую дэмакратыю тлумачыў толькі як «часовае вырашэнне» сацыяльна-палітычных праблем. На яго думку, у будучыні людзі зразумеюць, што «грамадскае дабро» лепш ведаюць не выбраныя партыйныя прадстаўнікі, а інтэлектуальная эліта нацыі. Асвятляла тэатральнае і музычнае жыццё горада. У апошнім нумары газета змясціла маніфест імператара Мікалая II ад 3 чэрвеня 1907 г. пра роспуск 2-й Дзяржаўнай думы і змены ў выбарчым законе.

Літаратура

правіць
  • Конан, У. М. «Витебский голос» / У. М. Конан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 2: Беліцк — Гімн. — Мн.: БелЭн, 1994. — 536 с. — С. 307. — ISBN 5-85700-142-0.
  • Подлипский, А. Периодическая печать Витебска / А. Подлипский; Витебский краеведческий фонд им. А. Сапунова, Витебская областная организация Белорусского союза журналистов. — Витебск: УПП «Витебская областная типография», 2001. — 159 с. — С. 8. — ISBN 985-6323-82-7.