Вольга Аляксандраўна Сабалеўская

беларуская гісторык і культуролаг

Вольга Аляксандраўна Сабалеўская (26 сакавіка 1974, Гродна — 18 кастрычніка 2019, Гродна[1]) — беларуская гісторык, культуролаг, вядучая спецыялістка па іўдаіцы[2].

Вольга Аляксандраўна Сабалеўская
Дата нараджэння 26 сакавіка 1974(1974-03-26)
Месца нараджэння
Дата смерці 18 кастрычніка 2019(2019-10-18) (45 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці іўдаістка, гісторык, культуролаг
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат культуралогіі
Навуковае званне
Альма-матар

Біяграфія правіць

Нарадзілася ў сям’і выкладчыкаў. Скончыла ў 1991 годзе СШ № 19, паступіла на факультэт гісторыі і культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Студэнткай пачала даследчыцкую працу ў мясцовых архівах, актыўна ўдзельнічала ў навуковых канферэнцыях. Тады ж з’яўляюцца і яе першыя навуковыя публікацыі, прысвечаныя культурнаму і гаспадарчаму жыццю гродзенскіх яўрэяў у XIX — пачатку XX ст. Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце зацікавілася гісторыяй яўрэйскай супольнасці на Беларусі.

Скончыўшы ў 1996 годзе вучобу з дыпломам па спецыяльнасці «выкладчык гісторыі і грамадскіх дысцыплін, настаўнік замежнай мовы (нямецкая)», яна паступае ў аспірантуру пры кафедры гісторыі Беларусі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і ўсяго праз тры гады абараняе дысертацыю па тэме «Яўрэі Беларусі: лад жыцця і культура (1772—1855)» на саісканне навуковай ступені кандыдата культуралогіі.

Атрымала навуковае званне дацэнта.

У 1999—2013 гадах выкладала ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы на кафедры культуралогіі. Адначасова яна стажыравалася ў Міжнароднай гуманітарнай школе ў Варшаве, Цэнтры навуковых супрацоўнікаў і выкладчыкаў іўдаікі ў ВНУ «Сэфер» (г. Масква), Нямецкім гістарычным інстытуце ў Варшаве, Яўрэйскім універсітэце ў Іерусаліме, Яўрэйскім гістарычным інстытуце ў Варшаве і іншых навуковых цэнтрах, прымала ўдзел у шматлікіх навуковых канферэнцыях, рыхтавалася да працы над доктарскай ды сама рыхтавала аспірантаў.

Яе кар’ера ў дзяржаўным універсітэце скончылася пасля таго, як В. Сабалеўская ў 2008 годзе падтрымала байкот навуковай канферэнцыі, з якой па загадзе беларускіх чыноўнікаў былі выкраслены прозвішчы «апазіцыйных» прафесараў (Алеся Краўцэвіча і Алеся Смалянчука). Пасля гэтага на яе пачаўся ціск, і ў 2013 яна была змушаная звольніцца з універсітэта[3].

У 2013—2019 гадах — выкладчык ПУА «Беларускі інстытут правазнаўства — БІП (Гродна)».

Навуковы даробак правіць

Ужо ў сваёй першай кнізе «Спрадвечныя іншаземцы: старонкі гісторыі гарадзенскіх яўрэяў» (Гродна 2000), яна пастаралася расказаць пра гродзенскіх яўрэяў у кантэксце гарадскога жыцця канца XVIII — пачатку XX стагоддзяў ва ўсіх яго сферах — ад эканомікі да культуры. Пазней В. Сабалеўская працягнула гэтую тэму ўжо ў больш разгорнута, выдала разам з Уладзімірам Ганчаровым працу «Евреи Гродненщины: Жизнь до Катастрофы» (Данецк, 2005), якая была цалкам прысвечана гісторыі яўрэяў-літвакоў Гродзеншчыны з 1795 па 1939 год. На старонках кнігі аўтары даследавалі спецыфічныя рысы кансерватыўнага свету яўрэйскай традыцыі і змены, якія адбываюцца ў ім пад уздзеяннем працэсаў мадэрнізацыі. Яны расказвалі аб трансфармацыі яўрэйскай абшчыны, традыцыйных занятках яўрэяў заходняга рэгіёну Беларусі і трансфармацыі структуры занятасці, аб некаторых аспектах палітычнага жыцця, у якім прымала ўдзел яўрэйскае насельніцтва, асабліва ў сферы сямейных адносін, дабрачыннасці, асветы і адукацыі.

Артыкулы В. Сабалеўскай, апублікаваныя ў шматлікіх навуковых выданнях Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і Вялікабрытаніі, былі прысвечаны разнастайным бакам гісторыі яўрэяў рысы аселасці ў канцы XVIII — пачатку XX стагоддзяў: асаблівасцям іх эканамічнай дзейнасці ды сферы занятасці, культурнаму жыццю (арганізацыі асветы і сістэмы адукацыі, развіццю прыватных яўрэйскіх школ і дзяржаўнай сістэмы адукацыі для яўрэяў Расійскай імперыі, дабрачыннасці), спецыфіцы яўрэйскай медыцынскай сістэмы ды штодзённаму побыту яўрэйскага квартала. Для яе горад з’яўляўся дамінантай яўрэйскай культуры Беларусі, феноменам адначасова беднасці і багацця, сацыяльнага і індывідуальнага ў яўрэйскай культуры Беларусі эпохі традыцыі. Акрамя гэтага, у шэрагу публікацый В. Сабалеўская даследуе палітыку царскага ўрада ў дачыненні да яўрэйскай супольнасці і фарміраванне юрыдычнага статусу іўдзеяў у межах імперыі Раманавых.

Агулам В. Сабалеўская апублікавала больш за сто артыкулаў, выдала чатыры манаграфіі, у тым ліку дзве ў сааўтарстве. Яе навуковыя інтарэсы, аднак, выходзілі за межы гісторыі яўрэяў Расійскай імперыі і датычылі ўсёй гісторыі Беларусі на мяжы гістарычнай культуралогіі ды ўрбаністыкі. Асобна сярод яе прац адзначаюць манаграфію «Повседневная жизнь евреев Беларуси в конце XVIII—первой половине XIX века: монография» (Гродна, 2012), якая сталася пэўным прамежкавым вынікам шматгадовых даследаванняў. Спалучаючы гістарычны ды культуралагічны падыходы, на падставе даследавання архіўных і апублікаваных крыніц, мемуараў, перыёдыкі, публікацый айчынных і замежных аўтараў, В. Сабалеўская паспрабавала вызначыцца з феноменам паўсядзённага жыцця расійскіх яўрэяў у гарадах мяжы аселасці, паказаць, як яны адначасова заставаліся галоўным фактарам культурнай сегрэгацыі і, разам з тым, ператвараліся ў крыніцу глыбокіх перамен яўрэйскага грамадства.

Публікацыі правіць

Манаграфіі правіць

  1. Сабалеўская В. А. Спрадвечныя іншаземцы: старонкі гісторыі гарадзенскіх яўрэяў. — Гародня, 2000. — 87 с.
  2. Соболевская О., Гончаров В. Евреи Гродненщины: Жизнь до Катастрофы. — Донецк: Норд-Пресс, 2005. — 375 с. [из 23.5 п.л. — 16 п.л.: введение, 1-3 главы, заключение]
  3. Соболевская, О. А. Повседневная жизнь евреев Беларуси в конце XVIII — 1 пол. XIX века: моногр. / О. А. Соболевская. — Гродно: ГрГУ, 2012. — 443 с. [25.8 п.л.]

Артыкулы ў часопісах з грыфам ВАК правіць

  1. Сабалеўская В. А. Традыцыйная яўрэйская сям’я на Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX стагоддзя // Веснік ГрДУ. Сер. гуманіт. навук. — 1999. — № 1. — С. 17-23.
  2. Соболевская О. А. Город как доминанта еврейской культуры Беларуси (конец XVIII — начало XX века) // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Серыя 1. — 2010. — № 1. — С. 71-77.
  3. Сабалеўская В. А. Фенамен беднасці ў асяроддзі беларускіх яўрэяў у XIX ст. // Беларускі гістарычны часопіс. — Беларускі гістарычны часопіс. — 1010. — № 12. — С. 13-18.
  4. Соболевская О. А. Западная Беларусь в условиях немецко-фашистской оккупации: этнический контекст (1941-44) // Історичні і політологічні дослідження. — 2011. — № 1-2 (47-48). — С. 64-72.
  5. Соболевская О. А. История повседневности как методологическая проблема // Історичні і політологічні дослідження. — 2012. — № 1 (49). — С. 131—142.

Артыкулы ў замежных выданнях правіць

  1. Сабалеўская В. А. Гаспадарчае жыццё «рухлівых беластоцкіх» і «апатычных гарадзенскіх» яўрэяў у сярэдзіне-другой палове XIX стагоддзя // Białoruskie Zeszyty Historyczne. — 1999. — № 11. — S. 45-57.
  2. Сабалеўская В. Межы талерантнасці: хрысціянска-іўдзейскія стасункі на Беларусі ў XIX стагоддзі // Białoruskie Zeszyty Historyczne. — 2006. — № 25. — S. 67-83.
  3. Sabaleuskaya V.A. Changing Conceptions of Leisure among the Jews of Western Belarus’ at the End of the 19 th Century // East European Jewish Affairs. — 2006. — № 2. December (Vol. 36). — Рр. 127—140.
  4. Сабалеўская В. Яўрэі ў сістэме аховы здароўя г. Бельска ў канцы XIX — пачатку ХХ стагоддзя // Бельскі гостінэць. — 2011. — № 2. — С. 60-67.
  5. Соболевская О. Иудеи в белорусских владениях Радзивиллов в конце XVIII — начале XIX вв. // Цайтшрыфт / Цайтшрифт: часопіс для даследавання яўрэйскай гісторыі, дэмаграфіі і эканомікі, літаратуры, мовы і этнаграфіі. — Менск-Вільня. — 2011. — Т. 6 (1). — С. 23-40.
  6. Соболевская О. А. Евреи белорусской части черты оседлости конца XVIII — 1 пол. XIX вв. в трудах российских и белорусских историков // Цайтшрыфт / Цайтшрифт: часопіс для даследавання яўрэйскай гісторыі, дэмаграфіі і эканомікі, літаратуры, мовы і этнаграфіі. — Менск-Вільня. — 2012. — Т. 7 (2). — С. 94-101.
  7. Сабалеўская В. А. Габрэйская супольнасць Беларусі ў прававой прасторы Расійскай імперыі (канец XVIII — 1 пал. XIX ст.) // Першы міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі: працоўныя матэрыялы. — Каўнас: Vytautas Magnus University Press, 2012. — Т. 1. — С. 186—190.
  8. Сабалеўская В. А. Міхалоўскі кландайк: прамысловае будаўніцтва ў калоніі Нязбудка-Міхалова на рубяжы XIX—XX стагоддзя // Białoruskie Zeszyty Historyczne. — 2012. — № 37. — S. 38-52

Заўвагі правіць

Спасылкі правіць