Ангаур
Ангау́р (англ.: Angaur, Ngeaur) — востраў Каралінскага архіпелага ў складзе Палау. Мае статус асобнага штата гэтай краіны. Плошча — 8,4 км². Насельніцтва (2005 г.) — 320 чал.
Ангаур | |
---|---|
англ. Angaur, Ngeaur | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 8,4 км² |
Найвышэйшы пункт | 61 м |
Насельніцтва | 320 чал. (2005) |
Шчыльнасць насельніцтва | 38,1 чал./км² |
Размяшчэнне | |
6°54′18″ пн. ш. 134°08′15″ у. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Каралінскія астравы |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Геаграфія і прырода
правіцьВостраў Ангаур знаходзіцца на поўдні групы астравоў Палау Каралінскага архіпелага ў 84 км на паўднёвы захад ад Нгерулмуда. Даўжыня — 4,32 км. Найбольшая шырыня — 3,4 км. Уяўляе сабою падняты каралавы востраў, які месціцца на вяршыні старажытнага падводнага вулканічнага хрыбта. Паверхня даволі плоская. Найвышэйшы пункт — 61 м. Пад тонкім пластом глебы знаходзіцца порыстая вапняковая паверхня, якая выдатна ўсмоктвае вільгаць. Таму, нягледзячы на значныя сезонныя ападкі, сталых паверхневых вадацёкаў на Ангауры няма.
Значная частка вострава пакрыта лесам і хмызнякамі. На Ангауры спыняюцца пералётныя птушкі, таксама вылучаюцца мясцовыя эндэмічныя віды. На востраве жыве некалькі марскіх кракадзілаў.
Гісторыя
правіцьУ старажытнасці Ангаур быў населены мікранезійцамі, продкамі сучасных палаўанцаў. У XVIII ст. па невядомых прычынах большая частка жыхароў пакінула востраў і перасялілася на Бабелдааб, дзе ў нашы дні захаваліся вёскі, заснаваныя імі.
У 1885—1899 гг. Ангаур знаходзіўся пад кантролем Іспаніі, у 1899—1914 гг. — Германіі, у 1914—1944 гг. — Японіі. У 1909 г. нямецкія прадпрымальнікі наладзілі тут здабычу фасфатаў. Яна працягвалася і ў перыяд японскага кантролю над востравам. У якасці рабочых прыцягваліся выхадцы з розных кутоў Мікранезіі, Акінавы і Карэі. Многія сучасныя ангаурцы фактычна з’яўляюцца мікранезійска-азіяцкімі метысамі. Яны размаўляюць на мясцовым дыялекце палаўанскай мовы з багатым лексічным запазычаннем з японскай.
Падчас II сусветнай вайны, 17 верасня 1944 г. на Ангаур высадзіліся амерыканскія войскі. Да 20 верасня 1944 г. яны цалкам захапілі японскія пазіцыі. У 1947 г. востраў трапіў у склад тэрыторый Мікранезіі, што былі перададзены ААН пад апеку ЗША. З 1994 г. — у складзе незалежнай Рэспублікі Палау.
Кіраванне
правіцьВостраў Ангаур складае асобны штат у складзе Рэспублікі Палау. Ён мае сваю Канстытуцыю, выбарнага губернатара і выбарны заканадаўчы сход. Адміністрацыя штата фактычна знаходзіцца ў Корары.