Вялікі Трасцянец
Вялі́кі Трасцяне́ц[2] (трансліт.: Vialiki Trascianiec, руск.: Великий Тростенец) — вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Навадворскага сельсавета.
Вёска
Вялікі Трасцянец
| ||||||||||||||||||||||
Назва
правіцьНазва паходзіць ад ракі Трасцянка, на якой месціцца вёска.
Гісторыя
правіцьУ 1503 годзе сяло Трасцянцы, 6 службаў «бліз места Менскага» нададзенае Менскаму Уазнясенскаму манастыру, у Менскім павеце Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі[3].
У 1800 годзе вёска, 6 двароў, 44 жыхары, на левым беразе ракі Ельніцы, на правым — фальварак і млын, уласнасць Станіслава Ксаверыя Прушынскага, у Мінскім павеце Мінскай губерні.
У другой палове XIX стагоддзя вёска падзялілася на Вялікі (ён жа Стары) Трасцянец і Малы (ён жа Новы) Трасцянец. У 1897 годзе вёскі Вялікі Трасцянец (32 двары, 210 жыхароў, хлебазапасны магазін), Трасцянец (14 двароў, 107 жыхароў), маёнтак Трасцянец (двор, 23 жыхары), фальварак (15 жыхароў, вадзяны млын), у Сеніцкай воласці Мінскага павета[3]. У 1917 годзе вёска (45 двароў, 270 жыхароў) і 2 маёнткі (58 жыхароў).
У лютым — снежні 1918 года пад акупацыяй войскаў Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі вёска ўвайшла ў склад Беларускай ССР. У ліпені 1919 — ліпені 1920 гадоў і ў сярэдзіне кастрычніка 1920 года была пад акупацыяй Польшчы.
З 20 жніўня 1924 года вёска — цэнтр Трасцянецкага сельсавета Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года). У 1930-я арганізаваны калгас імя Гамарніка, працавала кузня. З 18 студзеня 1931 года ўключаная ў межы горада Менска. З 26 мая 1935 года ў Менскім раёне. З 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці[3].
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года акупаваная войскамі Германіі[3]. У Трасцянецкім лагеры смерці нацысты знішчылі 206 500 чалавек[3].
З 16 ліпеня 1954 года ў Гатаўскім сельсавеце, з 20 студзеня 1960 года ў Навадворскім сельсавеце. У 1997 годзе 634 гаспадаркі, 1514 жыхароў. У 2010 годзе ў вёсцы ёсць дзіцячая амбуляторыя, сярэдняя школа, яслі-сад, крамы, аптэкі. Каля вёскі помнік ахвярам фашызму на ўшанаванне памяці ахвяр Трасцянецкага лагера смерці, у 1963 годзе пастаўлены абеліск[3].
Адукацыя
правіцьЗноскі
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ а б в г д е Вялікі Трасцянец // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 3 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2012. — С. 374-375. — 624 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0636-9.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вялікі Трасцянец