Вянчанне per procura князя Мікалая Радзівіла «Чорнага» і Кацярыны Аўстрыйскай у 1533 годзе
Вянчанне per procura князя Мікалая Радзівіла «Чорнага» і Кацярыны Аўстрыйскай у 1533 годзе — гістарычная карціна невядомага мастака са збораў Нясвіжскага замка. Захоўваецца ў калекцыі Валынскага краязнаўчага музея ў Луцку[1] (інв. Ж — 260 / КВ — 26383).
| ||
невядома | ||
Вянчанне per procura князя Мікалая Радзівіла «Чорнага» і Кацярыны Аўстрыйскай у 1533 годзе. 1750-я | ||
Валынскі краязнаўчы музей , Луцк |
Гісторыя
правіцьВялікае палатно, якое адносілася да серыі твораў, заказаных у 1752 годзе князем Міхаілам Казімірам Радзівілам Рыбанькам (1702—1762) сваім прыдворным мастакам[1], з адлюстраваннем розных падзей з гісторыі роду князёў Радзівілаў. Вопісы жывапісных твораў Нясвіжскага замка згадваюць гэтую карціну ў 1834 г. і ў 1843 г. У пазнейшым інвентары 1857 г. адпаведны сюжэт ужо адсутнічае. Верагодна, што пасля 1843 г. палатно было перавезена з Нясвіжа ў палац Вітгенштэйнаў у Веркі . Ускосна пра гэта сведчыць адзін з малюнкаў у альбоме, зроблены ў 1846 г. мастаком В. С. Садоўнікавым. На малюнку лёгка пазнаецца дадзены сюжэт. Супадаюць нават колеры фону і адзення фігур, больш за тое, унізе цалкам прыведзены надпіс з адваротнага боку палатна. Мастак ніколі не быў у Нясвіжскім замку, аднак зрабіў шэраг замалёвак з карцін, якія належалі Вітгенштэйнам і на той момант знаходзіліся ў Верках. Вядома, што ў Верках былі партрэты князёў Радзівілаў, якія прыходзіліся продкамі Стэфаніі Радзівіл, жонкі Льва Вітгенштэйна. Частка партрэтаў Радзівілаў была непасрэдна скапіравана з нясвіжскіх арыгіналаў[2].
Дадатковым аргументам, які пацвярджае версію пра вываз асобных твораў з Нясвіжа для капіравання і рэстаўрацыі ў Веркі, з’яўляецца партрэт брэсцкага ваяводы Яна Ракоўскага. У інвентары Нясвіжскага замка 1834 г. запісаны як «Jan Rakomski Wda Przemyski Starosta Mscislawski», а ў 1843 г. насупраць запісу пра партрэт стаіць пазнака чырвоным алоўкам «Do Werok wzіaty». Партрэт Яна Ракоўскага быў у Верках, а потым перавезены апошнімі ўладальнікамі ў Шылінгсфюрст у Германію, цяпер захоўваецца ў зборах князя Канстанціна Гогенлоэ[2].
З Верак карціна «Вянчанне per procura князя Мікалая VI Радзівіла Чорнага і Кацярыны Аўстрыйскай», хутчэй за ўсё, вярнулася ў Нясвіжскі замак у апошняй чвэрці ХІХ ст. У канцы ХІХ — пачатку ХХ стст. з Нясвіжа перавезена ў Алыку, бо ў інвентары, датаваным 1928 г., адсутнічае. Аднак твор згадваецца ў апісанні каштоўнасцей замка ў Алыцы, зробленым С. Тамковічам у 1913 г. Больш за тое, у сваёй кнізе Раман Афтаназы піша, што палатно паходзіць з Верак ці, больш верагодна, з Нясвіжа. Падобным чынам у Алыцы апынуўся і партрэт Міхала V Казіміра Радзівіла Рыбанькі з Нясвіжа, на якім белай фарбай пастаўлены нумар 70, што адпавядае запісу ў інвентары 1857 г[2].
Апісанне
правіцьКарціна паказвае вянчанне «per procura », гэта значыць, замест жаніха і па яго даверанасці на цырымоніі выступае князь Мікалай Радзівіл Чорны (1515—1565), але містычна прысутнічае і сам жаніх, нібы прывід каля алтара размешчаны вялікі князь літоўскі і польскі кароль Жыгімонт II Аўгуст (1520—1572). Само вянчанне з Кацярынай Аўстрыйскай адбылося ў 1553 годзе, але карціна была напісана на дзвесце гадоў пазней — паміж 1752 і 1759 гадамі[1].
У нясвіжскай гістарычнай карціне, якая люстэркава паўтарае кампазіцыю гравюры Антуана Трувэна з выявай «Вянчанне per procura Марыі Медычы і караля Генрыха IV у Фларэнцыі 5 кастрычніка 1600 года[1]. Гравюра з карціны Пітэра Паўля Рубенса 1707—1708», ракайльны стыль гучыць ужо на поўную сілу: сыходзіць барочнае выдзяленне цэнтральнай групы, тэатральнасць поз герояў твора становіцца больш відавочнай, але колеравы лад, пры звыклай ракайльнай разбеленасці фарбаў, усё ж складаецца з некалькіх лакальных плям, што ў цэлым характэрна для ракако нясвіжскай жывапіснай школы[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д Ракако і фламандска-французскія традыцыі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 лістапада 2021. Праверана 26 сакавіка 2021.
- ↑ а б в Лёс фамільных скарбаў магнацкіх родаў Беларусі : зборнік матэрыялаў Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Лёс фамільных скарбаў магнацкіх родаў Беларусі» (Нясвіж, 10 лістапада 2020 г.) і Міжнароднага навуковага семінара «Крыпта князёў Радзівілаў у Нясвіжы: гісторыя, сучасны стан, даследаванні, перспектывы выкарыстання» (Нясвіж, 4 кастрычніка 2019 г.) / уклад. У. У. Караленак, С. М. Клімаў. — Нясвіж : Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж», 2020. 380 с. [16] л. іл.: іл. ISBN 978-985-904-826-5.
Спасылкі
правіць- Ракако і фламандска-французскія традыцыі Архівавана 17 лістапада 2021.