Вятрак, ветраны млын — вытворчая пабудова для памолу зерня з выкарыстаннем энергіі ветру.

Вятрак
Выява
Крыніца энергіі энергія ветру
Схематычная ілюстрацыя
Аб’ект на Глобусе Беларусі globustut.by/type_tn_win…
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Вятрак на тэрыторыі музейнага комплексу «Дудуткі»

Вярчальны момант ад парных крылаў (звычайна чатырох) каркаснай канструкцыі, умацаваных на гарызантальным вале, праз зубчатыя колы перадаваўся на вертыкальны вал і камяні паставоў. Паводле канструкцыі ветракі падзяляюцца на стрыжнёвыя (казловыя, слупавыя) і шатровыя. Сустракаліся і невялікія сядзібныя ветракі (казлоўкі), у т.л. на колах — для перавозкі з месца на месца.

Былі пашыраны ў многіх краінах Еўропы з XII—XIII стагоддзяў, звычайна мураваныя. На Беларусі вядомы з XVI стагоддзя, найбольш пашыраны ў XVIII — пачатку XX стагоддзяў, драўляныя. Выкарыстоўваліся да сярэдзіны XX ст.

Якаб ван Ройсдал, Млын у Вейк-бей-Дзюрстэдэ (1670)

Будова

правіць

Вятрак складаецца з двух асноўных частак: нерухомай апорнай падставы і рухомай часткі з механізмам і крыламі, якая здольна паварочвацца ў найбольш выгадную пазіцыю адносна ветру. У залежнасці ад суадносін гэтых частак ветракі дзеляцца на дзве групы. Першыя ветракі характарызуюцца тым, што корпус паварочваўся разам з крыламі пад найбольш зручны вецер на спецыяльнай канструкцыі — г. зв. козлах. З XVII стагоддзя ў Еўропе атрымаў распаўсюджванне новы тып ветрака з нерухомым корпусам — «галандскі» (або «шатровы»), у якога разам з крыламі паварочвалася толькі верхняя частка. У ветрака тыпу «пальтрак» паварочвалася ўся пабудова, але не на козлах, а на спецыяльным коле, устаноўленым на ўзроўні зямлі.

Стрыжнёвыя (казлоўкі)

правіць

Звычайна двух’ярусныя, квадратныя ў плане, вышынёй 8—12 м. Козлы, на якія абапіралася збудаванне, складаліся з магутных гарызантальных брусаў, якія ляжалі на зямлі, звычайна на каменным падмурку. У гарызантальныя брусы ўразаўся вертыкальны слуп (з хвоі, радзей з дубу) і падтрымліваючыя яго падкосы[1]. Замацаваныя на слупе гарызантальныя бэлькі падтрымлівалі знізу корпус млына і з’яўляліся асновай першага яруса[2].

З-за таго, што практычна ўсе механізмы ветрака канцэнтраваліся бліжэй да наветранага боку, будынак даводзілася цэнтраваць. Корпус усталёўваўся на бэльках са зрухам на 30-50 см да ўваходнага боку, што забяспечвала ўстойлівасць збудавання. Да гэтых жа бэлек знізу прымацоўваўся брус-дышаль, з дапамогай якога млын паварочвалі па кірунку ветру. Уваход у млын заўсёды быў з боку, процілеглага наветранаму, дзе размяшчаліся крылы[2].

Крылы ўсталёўвалі на агалоўку гарызантальнага (злёгку нахіленага) вала, размешчанага пад дахам. Перадача вярчальнага руху звычайна разлічвалася такім чынам, каб за адзін абарот крылаў жоран рабіў 7-12 абаротаў. Сістэма дадатковых механізмаў дазваляла рэгуляваць хуткасць кручэння крылаў і тонкасць памолу мукі, забяспечвала падыманне мяшкоў з зернем на верхні ярус і г.д. (в. Адэльск Гродзенскага, Першамайск Салігорскага, Шані Пружанскага рёнаў). Ярусы млына звязваліся па ўнутраных лесвіцах. Каркас рабіўся з брусаў, абшыўка — з дошак, радзей з гонту; козлы — часцей за ўсё з дуба; зубы колаў — з цвёрдых парод дрэва (граб, клён, яблыня)[2].

Шатровыя (галандскія)

правіць

Гэты тып ветракоў з’явіўся ў Галандыі, таму называўся «галандскім», а на Беларусі часцей — «шатровым». Былі самымі лёгкімі ў абслугоўванні і прадукцыйнымі, але іх узвядзенне патрабавала вялікіх грашовых сродкаў[2].

Ветракі шатровага (“галандскага”) тыпу мелі больш складаную канструкцыю. Асноўны аб’ём млына шатровага тыпу нерухомы, паварочваецца толькі верхняя частка (шапка). Часцей за ўсё шатровыя млыны рабіліся васьміграннымі, што стаялі на зрубе з 3-4 вянкоў. Бакавыя сцены - злёгку нахілены да цэнтра каркас ашаляваны дошкамі. У ветрака ў вёсцы Ганусаўшчына Слуцкага раёна ашалёўка з дошак была абабітая зверху гонтай[2].

Накрытая дахам шапка шырэй корпуса, які завяршаўся гарызантальным драўляным колам, па якім і ажыццяўляўся паварот шапкі з крыламі. У гэтым была адна з асноўных пераваг шатровых млыноў — паварочваць даводзілася толькі шапку, а не ўвесь корпус, што нашмат лягчэй. Шатровыя млыны значна вышэйшыя за «казловыя» — да 18 м (не менш за 3 ярусы). Такая вышыня дазваляла падымаць вышэй вал, на якім мацаваліся крылы, а гэта значыць, рабіць іх даўжэй — адсюль і вялікая магутнасць гэтых млыноў. У шапцы пад дахам на вале размяшчалася кола, якое перадавала кручэнне на вертыкальны вал. У ніжняй частцы праз сістэму колаў кручэнне перадавалася на верхні жоран. Млыны гэтага тыпу мелі большую прадукцыйнасць, бо маглі прыводзіць у рух дзве пары жорнаў, у той час як «казловы» — толькі адну[2].

Пальтрак

правіць
 
Пальтрак у Шонэвальдэ[de], Германія

Спалучае ў сабе канструкцыю стрыжнёвага і галандскага тыпаў: знешні выгляд млына нагадвае канструкцыю стрыжнёвага, у той час як унутраныя механізмы набліжаны да сістэмы, якія сустракаюцца ў галандскіх. Пальтракі мелі каркасную канструкцыю сцен, ніжнія бэлькі якіх утваралі квадрат. У такіх млынах (в. Янушаўка Мядзельскага раёна) корпус стаіць адначасова і на восевым слупе, і на ляжачым на каменнай падставе драўляным коле. Па ўбудаваным у кола металічным полазе і паварочваўся корпус. Восевы слуп зроблены масіўным, гранёным, але даходзіць толькі да другога яруса. Дзейнічаў механізм па звычайнай схеме: гарызантальны вал, атрымаўшы кручэнне ад крылаў, перадае яго праз умацаванае на ім кола на зубчасты барабан і далей на металічны шворан, які прыводзіць у рух верхні жоран[2].

На Беларусі

правіць

На Беларусі ветракі вядомыя з XVI стагоддзя, найбольш пашыраны былі ў XVIII — пачатку XX стагоддзяў. Пераважалі драўляныя; мураваныя — літаральна адзінкавыя і характэрныя толькі для канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. Напрыклад, у Ашмянскім павеце было 7 мураваных і 127 драўляных млыноў, а ў Вілейскім з 60 млыноў мураваным быў толькі адзін. У Копыскім павеце Магілёўскай губерні ў 1858 г. усё 50 вадзяных млыноў і ветракоў былі драўлянымі[2][3].

Ветракі размяшчаліся ўбаку ад забудовы, г.зн. у месцах, даступных ветру і адкрытых для агляду з усіх бакоў. Будаўнікам даводзілася ўлічваць, што Беларусь знаходзіцца ў зоне слабых ветраў, моцны ж вецер складае ўсяго дзясятыя долі працэнта агульнага патоку, дасягаючы 2–3 % на адкрытых прасторах. Таму пры такіх ветравых патоках на тэрыторыі Беларусі адрозненне тыпаў ветракоў, іх формаў і памераў вызначалася перш за ўсё аб'ёмам працы. Напрыклад, на тэрыторыях, якія спецыялізаваліся на земляробстве, у Падняпроўі і Усходнім Палессі, колькасць ветракоў большая, яны больш магутныя па прадукцыйнасці і буйнейшыя па памерах[2].

Найбольшае распаўсюджванне мелі млыны слупавой канструкцыі, так званыя «казлоўкі». Будаваліся ў Цэнтральнай Беларусі, Панямонні, Заходнім Палессі і заходняй частцы Усходняга Палесся. Корпус звычайна быў каркасным, з ашалёўкай з дошак і аполкаў. Шатровыя млыны будаваліся ў асноўным у Падняпроўі і Усходнім Палессі, рэдка — у Цэнтральным рэгіёне.

Шатровыя млыны будаваліся галоўным чынам у Падняпроўі і Усходнім Палессі (в. Рагі Слаўгарадскага, Зеленец Хоцімскага раёна), рэдка — у Цэнтральным рэгіёне (в. Шайкі Клецкага раёна)[2].

На поўначы Беларусі, у Паазер’і, вядомы ветракі тыпу «пальтрак»[2].

На поўначы Беларусі ў канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. з’яўляюцца невялікія ветракі, прызначаныя для абслугоўвання адной або некалькіх сялянскіх гаспадарак. Найбольш часта сустракаліся на Паазер’і, але вядомыя і ў іншых частках краіны. Для іх вырабу не патрабаваліся нейкія адмысловыя гатункі драўніны, высокая кваліфікацыя цесляроў. Такія млынкі, вышынёй усяго 2—4 м, звычайна стаялі на адкрытай мясцовасці. Усталёўвалі іх непасрэдна на зямлю. Часам маглі ўбудоўвацца ў жылы дом з пропускам восевага слупа праз канёк даху (хутар каля в. Латышы Мёрскага раёна). Сустракаліся перасоўныя млыны на невялікіх драўляных колах (вёскі Рацькі Глыбоцкага, Крамно Драгічынскага раёнаў)[2].

Яшчэ на пачатку 1950-х гадоў на Беларусі было некалькі тысяч дзеючых ветракоў[4].

Архітэктурны дэкор

правіць

Для ветракоў характэрна практычна поўная адсутнасць дэкаратыўнага ўбрання. Эстэтыку ўсяго, што звязана з ветракамі, вызначаў менавіта дынамічны характар вытворчага працэсу, заснаванага на непасрэдным кантакце з сіламі прыроды. Ветракі маюць выразныя сілуэты і гарманічныя прапорцыі. Але ў інтэр'еры сустракаюцца разныя калонкі другога яруса — в. Бярозаўка Кармянскага раёна, мудрагеліста выкаваныя шрубы, якія рэгулююць уздым жоранаў, — в. Сінічына Буда-Кашалёўскага раёна[2].

У літаратуры

правіць

Мігель Сервантэс у сваім рамане «Дон Кіхот» апісваў сцэну, у якой Дон Кіхот атакуе ветраныя млыны, лічачы іх за веліканаў. Адсюль паходзіць вядомае выказванне «біцца з вятракамі», якое літаральна азначае барацьбу з неіснуючым супернікам, або бессэнсоўнае дзеянне. У беларускіх аўтараў вятрак асацыюецца ў асноўным з месцам жыхарства зданняў і інш. нечысцяў.

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Лакотка А.І. Пад стрэхамі прашчураў. Мн., 1995. С. 320.
  2. а б в г д е ё ж з і к л м Ветряные мельницы в Беларуси | Архитектура и строительство. ais.by. Праверана 6 красавіка 2025.
  3. Корев А. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами генерального штаба. Виленская губерния. СПБ, 1861. С. 508—509; Матэрыялы да гісторыі мануфактуры на Беларусі. Т. 2. Мн., 1935. С. 109.
  4. Сергачёв С. А. Ветряные мельницы в Беларуси(руск.) // Архитектура и строительство : часопіс. — 2006. — № 3. — С. 32-36.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць