Віктар Мікалаевіч Чачын

Вучоны
(Пасля перасылкі з Віктар Чачын)

Ві́ктар Мікала́евіч Ча́чын (25 студзеня 1930, г. Гомель, Гомельская вобласць, СССР — 6 чэрвеня 1994, г. Мінск) — савецкі і беларускі вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар тэхнічных навук, заслужаны дзеяч навукі БССР, дэпутат Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў працоўных, сакратар парткама АН БССР, член райкама партыі.

Віктар Мікалаевіч Чачын
Дата нараджэння 25 студзеня 1930(1930-01-25)
Месца нараджэння
Дата смерці 6 чэрвеня 1994(1994-06-06) (64 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці навуковец
Навуковая сфера машынабудаванне, апрацоўка матэрыялаў
Месца працы
Навуковая ступень доктар тэхнічных навук
Навуковае званне
Альма-матар
Прэміі
Дзяржаўная прэмія БССР
Узнагароды
ордэн Леніна ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга

Біяграфія правіць

Віктар Мікалаевіч Чачын нарадзіўся ў Гомелі 25 студзеня 1930 года.

Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут у 1952 годзе. Адразу па заканчэнні быў накіраваны на працу ў Оршу на завод швейных машын, дзе працаваў да 1955 года спачатку майстрам, а затым намеснікам начальніка цэха.

З 1958 года ў Фізіка-тэхнічным інстытуце АН БССР. У 1960 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю.

З 1962 года намеснік дырэктара па навуковай рабоце, з 1970 па 1983 гады Віктар Чачын — дырэктар інстытута і адначасова (з 1969 года) загадчык лабараторыі фізіка-хімічнай механікі. Фізіка-тэхнічны інстытут АН БССР пад кіраўніцтвам Віктара Чачына за кароткі тэрмін дамогся карэннай перабудовы ў працы і дасягнуў значных поспехаў па ўкараненню навукова-тэхнічных распрацовак у вытворчасць, якія дазволілі атрымаць вялікі эканамічны эфект.

У 1973 годзе Віктар Чачын паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю. У 1974 годзе за буйны ўклад у развіццё навукі ў рэспубліцы, укараненне навуковых даследаванняў у вытворчасць Віктар Чачын быў абраны членам-карэспандэнтам АН БССР. У 1980 годзе В. М. Чачын абіраецца акадэмікам Акадэміі навук БССР. У 1983 годзе яму прысвоена званне «Заслужаны дзеяч навукі БССР».

У 1983—1994 гадах рэктар Беларускага політэхнічнага інстытута1991 года — Беларуская політэхнічная акадэмія, цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт).

У 1994 годзе Віктар Мікалаевіч Чачын памёр. Пахаваны на Усходніх могілках горада Мінска.

Навуковая дзейнасць правіць

Асноўны кірунак навуковай дзейнасці Віктара Чачына — апрацоўка машынабудаўнічых матэрыялаў. Даследаванні вучонага ў першую чаргу звязаны з выкарыстаннем канцэнтраваных патокаў энергіі, такіх як электрычны разрад у вадкасці і энергія сціснутага газу. У ходзе сваіх даследаванняў Віктар Чачын распрацаваў методыку разліку універсальных камер[1]; выявіў заканамернасці пластычнага дэфармавання металаў пры нагружэнні; распрацаваў аптымальныя тэхналагічныя рэжымы апрацоўкі матэрыялаў у залежнасці ад умоў эфектыўнага выкарыстання ўдарных хваляў, гідрапатоку і квазістатычнага ціску. Таксама, Віктар Чачын даследаваў працэсы вібрацыйнага шліфавання і метады абразіўнай апрацоўкі ў актыўных асяроддзях. Новыя тэхналагічныя працэсы, даследаваныя і ўкаранёныя ў вытворчасць пры ўдзеле Віктара Чачына, забяспечвалі высокую прадукцыйнасць, зніжэнне працаёмкасці работ, дазвалялі скараціць ручную працу высокакваліфікаваных рабочых.

Віктарам Чачыным апублікавана больш за 250 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфіі. Таксама ён з’яўляецца аўтарам 16 вынаходак, некаторыя з іх запатэнтаваныя. Вялікую працу Віктар Чачын праводзіў па падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў, пад яго кіраўніцтвам абаронены больш за 10 кандыдацкіх дысертацый.

Віктар Чачын з’яўляўся намеснікам старшыні секцыі па выкарыстанні імпульсных нагрузак у тэхналогіі машынабудавання Дзяржаўнага Камітэта Савета Міністраў СССР па навуцы і тэхніцы, актыўна ўдзельнічаў у працы навуковых саветаў і рэдакцыйных калегій.

Узнагароды і прэміі правіць

У 1980 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР за даследаванне электраімпульснай апрацоўкі матэрыялаў, распрацоўку комплексу прагрэсіўных тэхналогій, стварэнне спецыялізаванага абсталявання і ўкараненне на заводах машынабудавання.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1986), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1979), медалём.

Зноскі

  1. Універсальныя камеры — гэта вакуумныя камеры, якія прызначаны для апрацоўкі вырабаў любой формы і габарытаў у межах габарытаў камеры, выкарыстоўваюцца як правіла ў адзінкавай і дробнасерыйнай вытворчасці і выпускаюцца ў адпаведнасці з прынятымі параметрычнымі радамі.

Літаратура правіць

  • Весці АН БССР. Серыя фізіка-тэхнічных навук. 1979. № 4
  • Чачын Віктар Мікалаевіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 758. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі правіць