Гандлёвыя рады (Мінск)

Мінск

Гандлё́выя рады́ — гістарычны гандлёва-складскі комплекс у Мінску па адрасе вул. Герцэна, 1, помнік архітэктуры класіцызму. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння[1].

Помнік архітэктуры
Гандлёвыя рады
Гандлёвыя рады ў Мінску
Гандлёвыя рады ў Мінску
53°54′16″ пн. ш. 27°33′25″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Архітэктурны стыль класіцызм
Архітэктар М. Чахоўскі (?)
Будаўніцтва 18101817 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000081шыфр 712Г000081
Стан Добры
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць
 
План кляштара бернардзінцаў і гандлёвых радоў, канец XIX ст.
 
Гандлёвыя рады ўздоўж вул. Герцэна

У пачатку XIX ст. (да 1817 г.) пабудаваныя 12 мураваных гандлёвых крам, якія былі вядомыя як Бернардзінскія крамы. У выніку архітэктурна-археалагічных даследаванняў устаноўлена, што рады ўзведзены на месцы былых могілах, пад якімі захаваўся культурны пласт 12-17 стст.

У 1838 г. да іх прыбудаваныя яшчэ чатыры, а ў пачатку 1860-х гадоў — тры крамы з усходняга боку і мураваны аднапавярховы будынак з заходняга, які быў таксама прыстасаваны пад гандлёвае памяшканне.

У сярэдзіне 1870-х гадоў гандлёвыя рады называліся мясныя. У другой палове XIX — пач. XX ст. вядомыя як Віленчукі. У пачатку XX ст. тут знаходзіліся малочныя, мясныя, каўбасныя і бакалейныя крамы, крама гатовага адзення, майстэрні кравецкая і абівання мэблі, пасудная лаўка і гарадская дэзінфекцыйная камера.

У гады Другой сусветнай вайны гандлёвыя рады часткова разбураныя. У 1950-я рады прыстасаваныя пад жылыя памяшканні[2].

У 20022004 гг. у часе рэстаўрацыі і аднаўлення першапачатковага выгляду частка гандлёвых радоў была цалкам разабраная і пабудаваная наноў[3].

Цяпер тут месцяцца рэстарацыі.

Архітэктура

правіць

Гандлёвыя рады ўяўляюць сабой аднапавярховы выцягнуты ў плане будынак, пакрыты двухсхільным дахам, пад якім праходзіць прафіляваны карніз. Доўгая мураваная пабудова паўколам агінае касцёл бернардзінцаў і арыентавана на былую плошчу Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды).

Галоўны фасад вырашаны плоскасна і падзелены на два ярусы карнізам. Рытм фасада ставараюць неглыбокія прарэзаныя па перыметры будынка нішы, у якіх размешчаны аконныя і дзвярныя праёмы, якія вядуць у асобныя гандлёвыя памяшканні. Захавалася сем больш позніх і амаль цалкам перабудаваных крам, дванаццаць ранніх не захавалася.

Пад лаўкамі былі сутарэнні. Адно з іх амаль квадратнае плошчай 14,4 м², у ім захаваліся рэшткі цыліндрычных скляпенняў. Другое мае форму правільнага чатырохвугольніка плошчай 13,8 м².

У 1860-я гады з заходняга боку да гандлёвага раду прыбудаваны мураваны аднапавярховы будынак (паводле праекту 1859 г. планаваўся двухпавярховы), які быў таксама прыстасаваны пад гандлёвае памяшканне. Трапецападобны ў плане, ён быў падзелены ўнутры мураванай перагародкай на две часткі, з двухсхільным дахам, двума вокнамі і дзвярамі ў нішах сцен (не захаваўся).

Зноскі

  1. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. Торговые ряды (руск.). minsk-old-new.com. Архівавана з першакрыніцы 14 красавіка 2017. Праверана 14 красавіка 2017.
  3. Гандлёвыя рады «Віленчукі». spadchina.by. Архівавана з першакрыніцы 14 красавіка 2017. Праверана 14 красавіка 2017.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць