Гачак
Га́чак (чэшск.: háček — кручок, ад чэшск.: hák — крук, гак) — дыякрытычны знак, які прастаўляецца ў лацінцы над некаторымі літарамі для надання ім новага гукавога значэння. Самыя распаўсюджаныя літары з гачакам — č, ř, š, ž. Аўтарства знака належыць Яну Гусу, які ўкараніў яго ў 1410 годзе. Форма знака развілася з кропкі (ż). Пазней, магчыма, ужо ў 1412 годзе, гачак прыняў сучасны выгляд — ˇ (ž). Над некаторымі высокімі літарамі (маленькія ť, ď, ľ і вялікая Ľ) гачак у друкаваных шрыфтах выглядае інакш — падобна на апостраф, хоць над вялікімі Ť і Ď адлюстроўваецца звычайнай выявай.
Славянскія мовы
правіцьПершапачаткова знак ужываўся ў толькі чэшскай пісьменнасці. Потым гачак таксама пачаў ўжывацца ў славацкай пісьменнасці[1]. У 1830 годзе Людэвіт Гай увёў гачак у харвацкую пісьменнасць. З сярэдзіны XIX стагоддзя ўжываецца ў славенскай пісьменнасці. З пачатку XX стагоддзя гачак сустракаўся ў беларускай лацінцы. Гачак таксама ўжываецца ў лужыцкіх мовах[2].
Балтыйскія мовы
правіцьГачак выкарыстоўваецца таксама ў алфавітах сучасных балтыйскіх моў: літоўскай і латышскай.
Транскрыпцыя і транслітарацыя
правіцьЛітары з гачакам шырока ўжываюцца ў лінгвістычных працах пры транскрыпцыі бяспісьменных моў свету (у тым ліку ў запісу рэканструяваных праформ — праславянскіх, праіндаеўрапейскіх), а таксама ў лацінскай транслітарацыі іншых пісьменнасцей, у тым ліку і славянскай кірыліцы. Аднак у Міжнародным фанетычным алфавіце ужыванне гэтага знака абмежавана (напрыклад, для шыпячага, які адпавядае кірылічнаму ш ці чэшскаму š, выкарыстоўваецца сімвал ʃ).