Генеральны план

(Пасля перасылкі з Генплан)

Генеральны план — адзін з асноўных чарцяжоў архітэктурнага праекта, які паказвае размяшчэнне ў плане аб’екта праектавання і добраўпарадкавання прылеглай да яго тэрыторыі ў пэўных межах. У сучасным горадабудаўніцтве генеральны план — комплексны праект, які вызначае структуру праектуемага горадабудаўнічага аб’екта — горада, гарадскога пасёлка ці іншага населенага пункта, прыгараднай зоны, тэрыторыі адміністрацыйнага раёна і інш. У ім намячаюць перспектывы развіцця і рэканструкцыі горадабудаўнічага аб’екта, яго паэтапнае фарміраванне з мэтай вырашэння сацыяльных, эканамічных, інжынерна-тэхнічных, экалагічных і эстэтычных задач, вызначаюць стратэгію іх вырашэння, прынцыпы аховы навакольнага асяроддзя, развіццё сістэмы грамадскага абслугоўвання, транспартнай і інжынернай інфраструктуры, доўгатэрміновае планаванне інвестыцыйных працэсаў.

Генеральны план распрацоўваюць на перспектыўны перыяд (15—20 гадоў) з вылучэннем 1-га этапа рэалізацыі (7—10 гадоў). Асноўныя палажэнні генеральнага плана зацвярджае ўрад краіны ці абласныя органы ўлады. На Беларусі генеральныя планы распрацоўваюць інстытут «Мінскпраект», БелНДІПгорадабудаўніцтва, БелНДІдзіпрасельбуд, абласныя праектныя арганізацыі. Распрацаваны і зацверджаны генеральны план развіцця ўсіх гарадоў і большасці сельскіх населеных пунктаў, у т.л. Мінска (1982, 1995), Брэста (1975, 1995), Віцебска (1973, 1983), Гомеля (1977), Гродна (1971, 1988), Магілёва (1970, 1981). Іх перыядычна карэкціруюць і абнаўляюць з улікам новых фактараў і задач.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць