Герб Па́рычаў — афіцыйны геральдычны сімвал пасёлка Парычы (Гомельская вобласць).

Герб Парычаў
Дэталі
Зацверджаны 29 лістапада 2001
Заснаванне 29 лістапада 2001
Аўтарскі калектыў
Кіраўнік
праекта
М.М. Елінская
Мастак А.У. Леўчык

Герб некалі належаў гораду Казіміру, цяпер неіснуючаму. Дакумент з выявай герба выяўлены С. Я. Рассадзіным у студзені 2001 года, аўтар рэканструкцыі М. М. Ялінская. Герб і сцяг Парычаў зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 29 лістапада 2001 г. пад № 73.

Апісанне

правіць

У чырвоным полі іспанскага шчыта звернуты направа залаты леў у кароне, са срэбнымі зубамі і кіпцюрамі, у правай лапе трымае срэбны меч з залатой рукаяццю, над каронай залатая васьміпрамянёвая зорка.

Гісторыя

правіць

Герб гарадскога пасёлка Парычы Светлагорскага раёна быў прапанаваны супрацоўнікамі Камітэта па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Асновай для герба паслужыў дакумент, які захоўваецца ў фондах Цэнтральнага архіва старажытных актаў у Варшаве. Гэта прывілей 1643 года каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Цэцыліі Рэнаты гораду Казіміру на магдэбургскае права. Горад названы, відаць, у гонар Жыгімонта Казіміра (народжанага ў 1640 годзе), сына караля Уладзіслава IV Вазы і яго жонкі Цэцыліі Рэнаты.

Дзякуючы знойдзенаму дакументу, які называецца «Przywilej królewej Cecilii Renaty na sałoźenie osady Kazimierz w Starostwie Bobrujskiem», стала магчымым рэканструяваць яшчэ адзін гістарычны гарадскі герб Беларусі, раней не апісаны ні ў адной апублікаванай крыніцы. Дакумент уяўляе сабой ліст тонкага пергаменту з тэкстам у дваццаць пяць радкоў, у якім даецца апісанне герба і размешчана яго выява. Рысунак герба ўяўляе сабой залаты картуш складанай формы, заключаны ў авальную рамку. У цэнтры можна разглядзець круглы шчыт чырвонага колеру з выявай залатога льва ў кароне, з мячом і зоркай.

У цяперашні час на тэрыторыі Беларусі горада Казіміра не існуе. У час вайны паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй 1654—1667 гг. гэта паселішча магло аказацца ў раёне баявых дзеянняў і падвергнуцца разбурэнню. У любым выпадку да цяперашняга часу дакументальных крыніц, якія пацвярджалі б існаванне Казіміра як горада, не знойдзена. З дастатковай доляй імавернасці можна дапусціць, што ў Казіміра мог быць такі ж лёс як у некаторых гарадоў, якія некалі развіваліся, але з часам заняпалі, як напрыклад, Малеч (Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці), які да нядаўняга часу меў статус вёскі (цяпер статус павышаны да аграгарадка).

Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што адбылася трансфармацыя назвы гэтага паселішча і з нейкага часу ён стаў называцца Казімірава Слабада ці Каралеўская Слабада. Так, у спісе паселішчаў Мінскай губерні за 1870 год у Бабруйскім павеце значыцца вёска Каралеўская Слабада, якая ўваходзіла ў склад аднайменнага маёнтка, які належаў памешчыку Станіславу Прушаноўскаму. У цяперашні час на тэрыторыі Краснаўскага сельсавета Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці ёсць два паселішчы з такой назвай — Каралеўская Слабада 1 і Каралеўская Слабада 2, якія налічваюць адпаведна 48 і 141 жыхара (2005). На сёння не высветлена, ці з’яўляецца адно з іх тым местам, якому некалі каралева Цэцылія Рэната даравала права на самакіраванне і герб.

У гісторыі гарадской геральдыкі вядомы прыклады, калі сучасная тэрытарыяльная адзінка, звязаная геаграфічна з колішнім горадам, які меў свой герб, «атрымлівае ў спадчыну» яго адметны знак у якасці свайго афіцыйнага геральдычнага сімвала. У дадзеным выпадку «геральдычным спадчыннікам» Казіміра з’яўляецца пасёлак Парычы.

Літаратура

правіць
  • Адамушко В. И., Елинская М. М. Гербы и флаги Беларуси. — Минск: Беларусь, 2006. — 254 с.

Спасылкі

правіць