Гідра (гармата)

(Пасля перасылкі з Гідра, гармата)

«Гідра» (Hydra) — бастардавы малы фальканет літоўскага ліцця. Захоўваецца ў Музеі Войска Польскага ў Варшаве.

Гармата «Гідра» ў двары Нясвіжскага палаца, 1930 г.

Гісторыя правіць

Адліта ў Нясвіжы ў 1599 годзе майстрам Германам Мольцфельдам. Вядома, што незадоўга да 1619 года ў Біржайскі замак з Нясвіжа была перавезена разам за «Мелюзінай». У 1626 годзе, як сведчаць інвентары, «Гідра» знаходзілася ў Нясвіжскім замку[1]. Падчас Паўночнай вайны ў 1706 годзе замак быў заняты шведамі, які частку замкавых гармат, у тым ліку і «Гідру», забралі з сабой, аднак пасля былі вымушаны затапіць у рацэ Лахве. Пасля адыходу шведаў у чэрвені 1717 года «Гідру» разам з іншымі гарматамі дасталі з ракі і вярнулі ў Нясвіжскі замак, дзе яна захоўвалася да пачатку XX стагоддзя.

Падчас Першай сусветнай вайны гарматы былі вывезены з Нясвіжа, які знаходзіўся непадалёк ад лініі фронту ўглыб Расіі. У 1922 годзе па ўмовах Рыжскага міру гарматы былі перададзены Польшчы. Першапачаткова іх паклалі на дзядзінцы каралеўскага замка ў Варшаве, праз які праходзілі ўсе рэчы, што перадаваліся Саветамі, а затым гарматы былі перададзены Радзівілам і вярнуліся ў Нясвіж. Там для іх парабілі даволі простыя лафеты і паставілі на замкавым двары.

У 1939 годзе гарматы перавезлі ў Мінск і пакінулі каля Беларускага дзяржаўнага музея. Пасля захопу Мінска вермахтам гарматы былі адпраўлены ў знакаміты берлінскі цэйхгаўз, як выдатныя прыклады нямецкага людвісарства на ўсходзе. Да 1945 года будынак быў сур’ёзна пашкоджаны, пры гэтым пацярпелі і радзівілаўскія гарматы.

Пасля вайны гарматы адправілі ў музей артылерыі  (руск.) ў Пецярбургу, праз які праходзілі ўсе трафеі ваеннага характару. У другой палове 1940-х — першай палове 1950-х гадоў савецкі ўрад вырашыў перадаць частку трафеяў ПНР. «Гідра» і шэраг іншых гармат трапілі ў Музеі Войска Польскага ў Варшаве, дзе і захоўваюцца цяпер.

Апісанне правіць

Калібр — 51 мм, ядро — ¾ фунта, даўжыня 32 калібра, далёкасць выстралу — 1200 м. Гармата мае выглядзе карынфскай калоны, у тыльнай частцы якой адліта пяцігаловая гідра[2]. На ствале надпіс: гідра: рыхтуе жалобу, хутка кране чорнай меткай[3]. Упрыгожана іерусалімскім крыжам  (руск.) — знакам прыналежнасці Мікалая Крыштафа Радзівіла «Сіроткі» да рыцараў Ордэна Труны Гасподняй[2].

Крыніцы правіць

  1. AGAD. AR. Dz. XXVI, sygn. 125
  2. а б Метельский 2011, с. 53.
  3. Ткачёв 2002, с. 151—152.

Літаратура правіць

  • Метельский А. А. Владельцы старого Несвижа.. — Мн: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. — 160 с. — ISBN 978-985-11-0581-2.
  • Ткачёв М. А. Замки Беларуси.. — Мн: Беларусь, 2002. — 200 с. — ISBN 985-07-0418-7.

Спасылкі правіць