Гісторыя Бразіліі

Тэрыторыя Бразіліі была заселена чалавекам мінімум 11 000 гадоў таму. Бразілія была калоніяй Партугаліі ад высадкі Педру Кабрала ў 1500 да пачатку XIX стагоддзя. Каланіяльная залежнасць была фактычна скасаваная ў 1808, калі Напалеон напаў на Партугалію і сталіца была перанесена з Лісабона ў Рыа-дэ-Жанэйра. У 1822-1889 была імперыяй, з 1889 — федэратыўная прэзідэнцкая рэспубліка, якой застаецца і сёння.

Дакабралавы перыяд правіць

 
Наскальны жывапіс, нацпарк Сера-да-Капівара

Чалавек засяліў тэрыторыю сучаснай Бразіліі не менш як 11 000 гадоў таму, прынамсі, столькі даюць археолагі Лузіі — самым старым чалавечым парэшткам, знойдзеным у штаце Мінас-Жэрайс. Узрост керамікі, адшуканай у Амазоніі, складае 8000 гадоў — найстаражытнейшыя ўзоры ў Амерыцы — і гэта сведчыць аб тым, што ў Сельве ўжо тады існавала развітая культура. У 1400-800 гг. н.э. высакатэхналагічная для свайго часу цывілізацыя (выкшталцоная кераміка, будаўніцтва насыпаў) асвойвала востаў Маражо ў дэльце Амазонкі. На момант прыбыцця еўрапейцаў — усходняе ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі было адкрыта партугальскім мараплаўцам Педру Кабралам у 1500 — тэрыторыя сучаснай Бразіліі была заселена шматлікімі індзейскімі плямёнамі (групы тупі, гуарані, жэ) агульнай кольскасцю каля 7 млн чалавек. Асноўнымі заняткамі індзейцаў былі паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства, падсечнае земляробства. Паміж плямёнамі ішлі пастаянныя войны.

Каланіяльны этап правіць

 
Адкрыццё Бразіліі экспедыцыяй Кабрала
 
Капітанствы Бразіліі (1534). На захадзе капітанствы абмежаваны "папскім мерыдыянам"

Педру Кабрал абвясціў адкрыты бераг партугальскімі ўладаннямі і на тры стагоддзі велізарная краіна стала калоніяй невялічкай Партугаліі. Аднак першае паселішча было заснавана толькі ў 1532 годзе, а сур'ёзна за каланізацыю Бразіліі партугальцы ўзяліся ў 1534, калі кароль Жуан III падзяліў узбярэжжа на 15 капітанстваў. Для зручнейшага кіравання калоніяй у 1549 капітанствы былі аб'яднаныя ў адзінае генерал-губернатарства. Каланізатары напачатку асвоілі ўзбярэжжа, пасля пачалі прасоўвацца ўглыб мацерыка і ўрэшце зайшлі далёка на захад ад "папскага мерыдыяна", што быў праведзены паміж партугальскімі і іспанскімі ўладаннямі ў Амерыцы. Першыя 2 стагоддзі каланізацыі былі адзначаны бесперапыннай вайной з тубыльцамі, але разрозненыя індзейскія плямёны не здолелі аказаць еўрапейцам сур'ёзнага супраціву.

У сярэдзіне XVI стагоддзя акрэслілася міжнародная цукровая спецыялізацыя Бразіліі, на прантацыі трыснягу сталі завозіць афрыканскіх неграў з партугальскіх калоній (Ангола, Мазамбік) і не толькі. У канцы XVII пасля адкрыцця бандэйрантамі (удзельнікамі пошукавых экспедыцый на захад) радовішчаў золата, на змену цукроваму буму прыйшла залатая ліхаманка, што прыцягнула яшчэ больш мігрантаў з Партугаліі і яе калоній.

У 1610-я спробу авалодаць экватарыяльным узбярэжжам Бразіліі зрабіла Францыя. У 1620-х-30-х падчас Галандска-партугальская вайны ладны кавлак Бразіліі захапілі галандцы. Абодва разы Партугалія даволі хутка вяртала сабе ўсе страчаныя землі. Не абыйшлі калонію і ўнутраныя канфлікты, у першую чаргу, паўстанні рабоў, якія часам нават прыводзілі да стварэння незалежных "рэспублік" (такіх як Палмарыс).

Перад незалежнасцю правіць

 
Педру І

Першай сур'ёзнай спробай дамагчыся незалежнасці стала "змова ў Мінас-Жэрайсе" (1788), хутка раскрытая ўладамі. Цягам наступных дзесяцігоддзяў натхняльнікам і ўскосным віноўнікам бразільскай незалежнасці стала Францыя: на пачатку XIX стагоддзя ідэі Вялікай Французскай рэвалюцыі наэлектрызавалі лацінаамерыканскае паветра свабодай, а каталізатарам дэкаланізацыі сталі напалеонаўскія войны ў Еўропе: у 1808 партугальскі каралеўскі двор уцёк з акупаванага французамі Лісабона ў Рыа-дэ-Жанейра. У Рыа гаспадары калоніі былі вымушаны стварыць першыя фінансавыя ўстановы: фондавую біржу і нацыянальны банк, што адмяніла партугальскую манаполію на бразільскі знешні гандаль і адкрыла Бразілію для свету. У 1809, жадаючы адпомсціць за выгнанне, прынц-рэгент Жуан санкцыянаваў напад на французскую Гвіяну.

У 1814 вайна на Пірэнеях скончылася, і каралеўскі двор быў закліканы на радзіму, маўляў, кіраваць з калоніі — не па-каралеўску. Манаршы двор вяртацца не спяшаўся і ў 1815 — каб апраўдаць вымушаную шасцігадовую эміграцыю і надалей кіраваць з Рыа — узняў статус краіны да Аб'яднага каралеўства з Партугаліяй. Такім чынам на карце з'явілася ўнікальная мульцікантынентальная трансатлантычная махархія. Аднак Лісабон (асабліва пасля рэвалюцыі 1820) настойліва патрабаваў вяртання — цяпер ужо караля — Жуана VI і вярхоўнага суда. З іншага боку высылцы караля паспрыялі бразільскія патрыёты, нецярплівыя да абяцаных свабодаў. У 1821 годзе Жуан VI ад'ехаў у Лісабон, пакінуўшы намеснікам свайго сына Педру і паабяцаўшы Бразіліі канстытуцыю.

Бразільская імперыя правіць

Упершыню сабраны партугальскі парламент (картэсы) вырашыў пазбавіць Бразілію ўсіх незалежніцкіх заваёў і адрадзіць былы каланіяльны статус. Бразільцы адказалі грамадзянскім супраціўленнем і на іх бок стаў Педру — сын караля Жуана. 7 верасня 1822 Бразілія абвясціла сябе незалежнай імперыяй а прынц Педру стаў імператарам Педру I. Вайна за незалежнасць, што пачалася яшчэ ў 1821, аказалася для Бразіліі хуткай і паспяховай: апошні партугалскі салдат здаўся ў палон у красавіку 1824, а праз 13 месяцаў Партугалія прызнала незалежнасць сваёй буйнейшай калоніі. Паводле канстытуцыі 1824 года Бразільская імперыя з'яўлялася ўнітарнай парламенцкай манархіяй. За 67 гадоў на бразільскім троне змянілася ўсяго два імператары Браганскай дынастыі, што насілі імя Пэдру. У 1831 Пэдру І адмовіўся ад бразільскага прастола на карысць пяцігадовага сына і па-авантурысцку з'ехаў у Лісабон бараніць карону сваёй дачкі Марыі. Дзесяцігоддзе рэгенцтва Пэдру ІІ адзначалася сацыяльнай напружанасцю і паўстаннямі ў розных кутках маладой рабаўласніцкай імперыі. З канца 1840-х распачаўся перыяд унутранай стабільнасці. У гэты час галоўным пытаннем стала адмена рабства, якое было вырашана станоўча толькі ў 1888 — за год да краху імперыі, стаўшы яго асноўнай прычынай. Знешняя палітыка ў эпоху Пэдру ІІ была паспяховай: у 1852 Бразілія перамагла Аргенціну ў Лаплацкай вайне і стала самай уплывовай дзяржавай кантыненту. Пасля былі таксама паспяховыя Уругвайская і спусташальная Парагвайская войны. 15 лістапада 1889 у выніку ваеннага перавароту, падтрыманага фінансавай і земляўласніцкай элітамі, Бразілія стала рэспублікай.

Бразільская рэспубліка правіць

 
Абвяшчэнне рэспублікі, Бенедыту Калішту, 1893

У 1894-1930 ва ўладзе знаходзіліся цывільныя. У гэты час Бразілія перахварэла на каўчукавую ліхаманку, перамагла Балівію ў вайне за Акры (1903, вайна стала ўскосным вынікам ліхаманкі), паўдзельнічала на баку Антанты ў Першай Сусветнай вайне, паспрабавала гуляць адметную ролю ў Лізе Нацый. У 1930 у выніку ваеннага перавароту да ўлады прыйшоў Жытуліу Варгас, які ўсталяваў дыктатарскі рэжым. У 1942 годзе Бразілія, пацярпелая ад нямецкіх падводных лодак, абвясціла вайну дзяржавам Восі і нават даслала экспедыцыйны корпус у Італію. Тым цікавей, што параза фашысцкіх рэжымаў стала адной з прычынаў падзення рэжыму Варгаса (у 1951-54 ён яшчэ пакіраваў краінай у якасці дэмакратычна абранага прэзідэнта, але быў зрынуты і скончыў жыццё самагубствам).

 
Уліс Гімараеш трымае новую Канстытуцыю, 1988

Следам за самагубствам Варгаса на чале Бразіліі стаяла некалькі дэмакратычна абраных прэзідэнтаў, сярод якіх варта адзначыць Жуселіну Кубічэка (1956-1960). Менавіта пры ім быў спраеткаваны, збудаваны і адкрыты горад Бразіліа — новая сталіца. У 1964 чарговая ваенная хунта ажыццявіла чарговы пераварот. Ваенны рэжым разглядаўся як часовая мера, аднак паступова ваенная дыктатура ўкаранілася і ў 1968 узаконіла сябе Пятым інстытуцыйным актам. Рэжым актыўна пераследваў незадаволеных: і тых, хто вёў падпольную барацьбу, і вальнадумных дзеячоў культуры. Як і многія іншыя лацінаамеркыканскія дыктатуры, бразільская хунта дамаглася вялікіх эканамічных поспехаў і на пачатку 1970-х знаходзілася на піку папулярнасці. Але нарастаючы крызіс і немагчымасць бесперапыных рэпрэсій прывялі да пачатку дэмакратызацыі. З 1979 рэжым станавіўся ўсё мякчэйшым і нарэшце ў 1985 улада вярнулася да цывільнага ўрада. У 1988 пабачыла свет сённяшняя Канстытуцыя Бразіліі.

Першае дэмакратычнае дзесяцігоддзе было прайшло ў няўдалых спробах пераадолець крызіс і пераняць інфляцыю. Толькі прыняцце міністрам фінансаў Кардозам ў 1994 Плана Рэал і яго далейшае ажыцяўленне вылекавалі эканоміку Бразіліі. Сам Кардозу двойчы (у 1994 і 1998 абіраўся прэзідэнтам). У 2002 пасаду прэзідэнта заняў палітычны апанент Кардосы, сацыяліст Лула да Сілва, у 2006 ён быў пераабраны. У 2010 выбары выйграла Дылма Русеф — паплечніца Сілвы па Партыі працоўных. Здавалася, Бразілія трывала стала на дэмакратычныя рэйкі. Але бясконцая карупцыя, паліцэйскае беззаконне — усё гэта нікуды ні знікла і пакрыёма збіралася, каб прагрымець у сярэдзіне 2010-х вулічнымі пратэстамі, што ўрэшце прывяло да імпічменту Дылмы Русеф у 2016.