Дарбісты, евангельскія хрысціяне дарбісты, плімуцкія браты (англ.: Plymouth Brethren) — рэлігійная група пратэстанцкай накіраванасці. Створана ў 1820—1830-я гг. ў горадзе Плімут (Вялікабрытанія) прапаведнікам Джонам Нэльсанам Дарбі (назва ад яго імя) як абшчына, апазіцыйная афіцыйнай англіканскай царкве.

Джон Нэльсан Дарбі

Веравучэннем блізкія да баптыстаў і евангельскіх хрысціян. Вялі прапаганду сярод хрысціян і іўдзеяў. Дарбісты адмаўляюць духавенства як асобную прафесійную групу і надаюць вялікае значэнне асабістаму тлумачэнню Бібліі. Найбольш распаўсюджаны ў Вялікабрытаніі і яе былых калоніях і дамініёнах, Заходняй Еўропе.

У пачатку XX стагоддзя з’явіліся ў Беларусі (Мінск). У 1920—1930-я гг. ў Заходняй Беларусі склаліся цэнтры дарбістаў у Брэсце, Кобрыне, Пінску, якія праводзілі місіянерскую работу сярод мясцовых сялян, а таксама яўрэяў. Пасля Вялікай Айчыннай вайны дзейнасць дарбістаў у Беларусі заняпала.

Літаратура

правіць