Дзіцячы свет (Гродна)

Гродна

«Дзіцячы свет» — універсальны магазін па продажы тавараў для дзяцей у Гродне, размешчаны па вуліцы Савецкай, 29, на рагу з вул. Тэльмана.

«Дзіцячы свет»
Краіна
Месцазнаходжанне
Канец будаўніцтва 1977
Архітэктар Іван Мікалаевіч Мазнічка

Гісторыя правіць

На месцы крамы «Дзіцячы свет» стаяў аднапавярховы дом, пабудаваны ў 19 ст. і вядомы як камяніца Фрумкіна, якая ў 1920 гг. была грунтоўна перабудавана. Тут у 1909 працавала вядомая ў горадзе кніжная крама Іберскага. Наведвальнікі крамы акрамя найноўшых кніг усіх галін ведаў маглі набыць альбомы для марак і паштовак, партфелі і папкі, разнастайныя прыборы для пісьма, карты, глобусы, фарбы, ноты, таксама футбольныя і тэнісныя мячы і іншыя прылады для летніх гульняў. З 1922 пры краме пачала дзейнічаць бібліятэка, якая па сведчанні газеты «Эхо Гродзеньско» мела самыя найноўшыя паступленні польскай літаратуры і белетрыстыкі. У 1927 размяшчалася крама «Філармонія» Міцельмахера, у якой прадаваліся квіткі ў гарадскі тэатр. У 1938 працаваў «Банк нарадовы ў Гродне». У 1945 г. крама Беластоцкай чыгункі, у 1947 годзе першы гродзенскі ўнівермаг, а з 1963 г. — дзіцячая крама «Алёнушка». У 80-я гады пасля карэннай рэканструкцыі і надбудовы другога паверха краму назвалі «Дзіцячы свет»[1].

У 1977 годзе ў будынку, узведзеным па праекце архітэктара І. Мазнічкі, адкрыты магазін «Дзіцячы свет», гандлёвая плошча якога складала 640 м²[2].

Станам на 1989 год у шырокім асартыменце швейныя і панчошна-шкарпэткавыя вырабы, трыкатаж, цацкі. Аказваў звыш 20 відаў дадатковых паслуг (дробная пераробка набытых вырабаў, прыём папярэдніх заказаў, абслугоўванне шматдзетных сем’яў і інш.). Праводзіў канферэнцыі пакупнікоў. Для інфармацыі дзейнічаў радыёвузел[2].

Архітэктура правіць

 
Будынак да перабудовы

Будынак 2-павярховы, квадратны ў плане. Яго архітэктурна-планіровачнае рашэнне прадыктавана горадабудаўнічай сітуацыяй і навакольнай гістарычнай забудовай. Пры будаўніцтве выкарыстаны агараджальныя і апорныя цагляныя сцены, зборныя і маналітныя жалезабетонныя канструкцыі. Знадворку апрацаваны каменнай тынкоўкай. З боку вуліцы Тэльмана па 1-м паверсе прадугледжаны пешаходны пераход. На 1-м і 2-м паверхах размешчаны гандлёвыя залы і дапаможнае памяшканне, у сутарэнных памяшканнях склады. У пластыцы фасадаў асноўную кампазіцыйную ролю адыгрывае 2-і паверх (навісае па ўсім перыметры над 1-м), вырашаны рытмам вертыкальных лапатак, дэкаратыўных экранаў у ніжнім поясе і парапетных панэляў у верхнім. 1-ы паверх аформлены вітрынамі. Унутры для аздаблення інтэр’ера выкарыстаны мазаічны бетон, сілакпор і гіпсавыя рэльефныя пліты[2].

Зноскі

  1. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 300. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  2. а б в «Детский мир» // Гродно: Энциклопедический справочник (руск.) / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1989. — 440 с. — ISBN 5-85700-015-7.

Літаратура правіць

  • «Детский мир» // Гродно: Энциклопедический справочник (руск.) / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1989. — 440 с. — ISBN 5-85700-015-7.