Дом мод-2
Дом мод-2 — шасціпавярховы будынак у Мінску, размешчаны па адрасе вул. Мельнікайтэ № 4.
Будынак | |
Дом мод-2 | |
---|---|
| |
53°54′24″ пн. ш. 27°32′33″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Архітэктар | П. Кракалёў, В. Алейнікава |
Будаўніцтва | 1976—1982 гады |
Гісторыя
правіцьПабудаваны ў 1976—1982 гг. паводле праекта архітэктараў П. Кракалёва[1][2], В. Алейнікавай[2], А. Муладжанавай, Ю. Аўсянога[1] у ансамблі з будынкам інстытута Белпобыттэхпраекта (вул. Мельнікайтэ № 2), з якім аб’яднаны на ўзроўні трэцяга паверху крылом[2].
Архітэктура
правіцьДом мод мае арыгінальную ярусную прасторавую кампазіцыю ў пластычных гранёных формах. Вертыкальная накіраванасць першага—трэцяга паверхаў дасягаецца пілонамі і вузкімі аконнымі праёмамі. Чацверты—шосты паверхі маюць гарызантальную кампазіцыю, якая ствараецца чаргаваннем стужачнага зашклення і міжпаверхавымі бетоннымі паясамі. Будынак завяршае прамавугольны ў плане двухпавярховы аб’ём, дзе размешчаныя тэхнічныя памяшканні. Унутры вестыбюль, двухсветлавы салон заказаў, зала на 300 месцаў для дэманстрацыі мадэляў, сталоўка, адміністрацыйныя, вытворчыя памяшканні. У апрацоўцы інтэр’ераў выкарыстаныя светлы і блакітна-ружовы мармур, ракушачнік, дэкаратыўная тынкоўка, акмігран.
Вітраж «Свята зямлі беларускай»
правіцьУ салоне заказаў — вітраж[2] (плошча 250 м²) з каляровага шкла на тэму «Свята зямлі беларускай» (1980—1981, мастак Валерый Даўгала). Вітраж уяўляў сабой галерэю партрэтаў знакамітых асветнікаў, кожная з фігур у ёй мела штосьці накшталт німба з цытат, напісаных перапрацаваным «скарынаўскім» шрыфтам (шрыфтавік Сяргей Стальмашонак). У вітражы былі выкарыстаны 4 віды шкла — каляровае, літое (масіў), матавае і фактурнае, упрыгожаныя роспісам па шкле. Шкло мацавалася ў алюмініевыя рамы са свінцовай пайкай[3].
У 1990-я гг. хол быў падзелены на невялікія памяшканні для арэнды, ад чаго пацярпеў вітраж. У пачатку 2000-х гг. у будынку нібы здарыўся пажар, які таксама пашкодзіў манументальны твор. З прычыны таго, што вітраж меў патрэбу ў рэстаўрацыі, яго вырашылі ўвогуле прыбраць[3].
Зноскі
- ↑ а б Мулладжанова Ада Львовна // Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)
- ↑ а б в г Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ а б Моя семья и другие буквы - относительно короткий монолог Сергея Стельмашонка об отношении к шрифтам
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.