Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР

Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР была ўрачыста прынята Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 г.

дэкларацыя незалежнасці[d]
«Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР»
Нумар: 193-XII
Прыняцце: 27 ліпеня 1990
Першая публікацыя: Ведамасці вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. — 1991. — № 31. — Ст. 536.
Страта сілы: 15 сакавіка 1994
Лагатып Вікіцытатніка
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР

Гісторыя правіць

К пачатку 1990 г. у СССР выявіліся прыкметы дэцэнтралізацыі, што пагражала распадам дзяржавы.

Ініцыятыву абвяшчэння незалежнасці выказаў Беларускі народны фронт «Адраджэньне» 24 ліпеня 1990 г., Сойм якога заявіў гэта асноўнай мэтай руху, і ўжо праз некалькі дзён дэпутаты БНФ распрацавалі і прадставілі іншым дэпутатам праект Дэкларацыі аб суверэнітэце. Але ідэя яе прыняцця была адрынутая парламенцкай большасцю. Пасля прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце РСФСР  (руск.) Прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, каб зменшыць палітычны ўплыў Барыса Ельцына, прапанаваў кіраўнікам іншых рэспублік прыняць Дэкларацыі з канстатацыяй падпісання новай Саюзнай дамовы. Гэтую прапанову ў Вярхоўным Савеце агучыў старшыня ВС Мікалай Дземянцей.

Для распрацоўкі праекта Дэкларацыі 20 чэрвеня была створана спецыяльная камісія больш чым з 30 чал. 23 ліпеня, камісія, правёўшы 8 пасяджэнняў, прадставіла праект з 12 артыкулаў. У гэты ж час распрацоўваліся два альтэрнатыўныя праекты — групай дэпутатаў на чале з Я. Глушкевічам і дэпутатамі БНФ. Разгляд праектаў распачаўся ў Вярхоўным Савеце 24 ліпеня. За праект БНФ аддалі свае галасы 47 дэпутатаў; за праект групы Я. Глушкевіча — 57 галасоў. Праект парламенцкай камісіі атрымаў 208 галасоў. У перапынку паміж паседжаннямі З. Пазняк прапанаваў дэпутатам застацца ў Авальнай залі і разам з Валянцінам Голубевым і Алегам Трусавым распавёў ім пра гісторыю беларускай дзяржаўнасці, у т. л. і пра ВКЛ і БНР. Шмат для якіх дэпутатаў гэтая інфармацыя была навіною.

Падчас абмеркавання праекту «Дэкларацыі» дэпутат А. Лукашэнка пытаў пра перспектывы эканомікі і арміі ў «так званай беларускай дзяржаве»[1].

У час прыняцця арт. 11, які прадугледжваў удзел Беларускай ССР у падрыхтоўцы новага Саюзнага дагавора, прадстаўнікі апазіцыі дэманстратыўна пакінулі залу пасяджэнняў, што выклікала абурэнне прадстаўнікоў кансерватыўных колаў у Вярхоўным Савеце. Пазней дзеячы парламенцкай апазіцыі сцвярджалі, што гэты сыход быў загадзя спланаванай акцыяй[2].

27 ліпеня 1990 г. 229 галасамі «за» была прынята «Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР». 25 жніўня 1991 г., пасля спробы дзяржаўнага перавароту, у Дэкларацыю былі ўнесены пэўныя змены: 253 дэпутата выказаліся «За». Яна набыла статус канстытуцыйнага закона і захоўвала юрыдычную сілу да 15 сакавіка 1994 г., даты прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь[3].

З 1991 г. да рэферэндума 1996 г. галоўнае нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці, быў прымеркаваны да даты прыняцця «Дэкларацыі».

Змест правіць

Згодна Дэкларацыі, Беларусь абвяшчалася суверэннай дзяржавай, «якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу» (арт. 1). Вышэйшай мэтай суверэнітэту прызнавалася забеспячэнне свабоднага развіцця і дабрабыту грамадзян рэспублікі. Носьбітам суверэнітэту краіны і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады абвяшчаўся беларускі народ.

У адпаведнасці са зместам Дэкларацыі з дня яе прыняцця на тэрыторыі рэспублікі абвяшчалася вяршэнства Канстытуцыі і законаў Беларускай ССР, паўната ўлады рэспубліканскіх дзяржаўных органаў на ўсёй тэрыторыі краіны, самастойнасць і незалежнасць Беларусі ў міжнародных зносінах. Па сутнасці гэта азначала спыненне дзейнасці на Беларусі саюзных законаў.

Артыкул 10 Дэкларацыі вызначаў, што «Беларуская ССР ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а рэспубліку — нейтральнай дзяржавай». Апошняе палажэнне было парушана далучэннем Беларусі 31 снежня 1993 г. да сістэмы Калектыўнай бяспекі СНД.

Зноскі

  1. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 968. — Воп. 1. — Спр. 2798. — Арк. 170 — 171.
  2. Навумчык, С., Пазьняк, З. Дэпутаты Незалежнасьці / Сяргей Навумчык, Зяон Пазьняк. — Нью-Ёрк — Вільня — Варшава: Беларускія ведамасьці — Таварыства беларускай культуры ў Летуве, 2010. — С. 17.
  3. Закон Республики Беларусь от 25 августа 1991 г. № 1017-XII «О придании статуса конституционного закона Декларации Верховного Совета Республики Беларусь о государственном суверенитете Республики Беларусь»

Літаратура правіць

  • Вішнеўскі, А. Ф., Юхо, Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах: Са старажытных часоў да нашых дзён: Вучэбны дапаможнік / А. Ф. Вішнеўскі, Я. А. Юхо; МУС Рэспублікі Беларусі, Акадэмія МУС; Пад агульнай рэдакцыяй А. Ф. Вішнеўскага. — Мн.: Акадэмія МУС, 2003. — 320 с. — С. 252—256. — ISBN 985-427-192-7.
  • Маслыка, Г. Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР / Генадзь Маслыка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — Мн.: БелЭн, 1996. — 523 с. — С. 336—337. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Пазьняк, З. Дэклярацыя — першы крок да незалежнасьці / Зянон Пазьняк. — Варшава — Нью-Ёрк — Вільня: Беларускія ведамасьці — Таварыства Беларускай культуры ў Летуве, 2010. — 32 с. — ISBN 978-9955-578-13-0.