Жнівеньскі путч (руск.: Августовский путч) — палітычныя падзеі, якія разгортваліся 18 — 21 жніўня 1991 года ў СССР і атрымалі афіцыйную ацэнку з боку ўладаў СССР (у асобе Прэзідэнта СССР[4], Вярхоўнага Савета СССР[5] і З’езда народных дэпутатаў СССР[6]) і РСФСР (у асобе Прэзідэнта РСФСР[7], Савета міністраў РСФСР[8] і Вярхоўнага Савета РСФСР[9]), а таксама органаў улады некаторых саюзных рэспублік[10], як змова, дзяржаўны пераварот і антыканстытуцыйны захоп улады (путч).

Жнівеньскі путч
Асноўны канфлікт: Распад СССР
Дата з 18 па 21 жніўня 1991 г
Месца СССР, РСФСР, Масква
Прычына
Вынік
  • правал і самароспуск ДКНС,
  • перамога Барыса Ельцына,
  • зрыў падпісання новага Саюзнага дагавора,
  • роспуск Кабінета міністраў СССР,
  • ліквідацыя пасады віцэ-прэзідэнта СССР,
  • утварэнне Дзяржсавета,
  • самароспуск З’езда народных дэпутатаў СССР,
  • скасаванне Вярхоўнага Савета СССР як адзінага органа ўлады (падзел саюзнага парламента на дзве самастойныя палаты: Савет Рэспублік і Савет Саюза),
  • страта КПСС статусу кіруючай партыі і яе забарона.
Змены Ліквідацыя СССР
(з 8 па 26 снежня 1991 г)
Праціўнікі
Сцяг СССР Савецкі Саюз
Сцяг Расіі (1991 – 1993) Расія
Камандуючыя
Сілы бакоў
Сцяг СССР

Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Савецкая армія

КДБ СССР

МУС СССР

Сцяг Расіі (1991 – 1993)
Страты
Сцяг СССР няма страт Сцяг Расіі (1991 – 1993) трое абаронцаў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Падзеі праявіліся ў стварэнні Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы (ДКНС), які абвясціў сябе органам «для кіравання краінай і эфектыўнага ажыццяўлення рэжыму надзвычайнага становішча», рашэнні якога агульнаабавязковыя[11] да выканання на ўсёй тэрыторыі СССР, а таксама ў абвяшчэнні Генадзя Янаева выконваючым абавязкі прэзідэнта СССР «у сувязі з немагчымасцю па стане здароўя выканання Міхаілам Гарбачовым сваіх абавязкаў». У склад ДКНС увайшлі віцэ-прэзідэнт СССР Генадзь Янаеў, шэраг кіраўнікоў ЦК КПСС, урада СССР, арміі і КДБ СССР.

Спроба групы партыйных і дзяржаўных кіраўнікоў увесці надзвычайнае становішча ў шэрагу рэгіёнаў СССР выклікала адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтве Расійскай Федэрацыі і іншых рэспублік. Жнівеньскі путч пацярпеў паражэнне.

Асноўнай мэтай стварэння ДКНС, паводле слоў аднаго з яго вядучых удзельнікаў Генадзя Янаева — было недапушчэнне падпісання дагавора аб Саюзе Суверэнных Дзяржаў, які, паводле меркавання ўдзельнікаў ДКНС, ліквідаваў бы СССР[12] «ДКНС — відавочнае і ў нейкай меры непазбежнае следства, а прычына — прызначанае на 20 жніўня 1991 года падпісанне рэспублікамі разбуральнага, антыканстытуцыйнага дагавора аб стварэнні Саюза Суверэнных Дзяржаў. Мы імкнуліся гэта антыдзяржаўнае і антынароднае дзеянне прадухіліць…»[13]. Іншы вядучы ўдзельнік камітэта, старшыня КДБ СССР Уладзімір Кручкоў у дзень арышту 22 жніўня 1991 года заявіў, што члены ДКНС не ставілі задачу пазбавіць Міхаіла Гарбачова пасады прэзідэнта СССР[14].

Падзеі ў Расіі

правіць

19 жніўня Міхаіл Гарбачоў фактычна быў незаконна адхілены ад пасады ў рэзідэнцыі «Фарос» у Крыме, у яго была адключаная як спецыяльная ўрадавая, гэтак і звычайная тэлефонная сувязь. Асноўнае супрацьстаянне непасрэдна адбывалася паміж ДКНС і вышэйшымі органамі ўлады РСФСР[15].

Дзеянні ДКНС суправаджаліся абвяшчэннем 19 жніўня надзвычайнага становішча ў Маскве, прыпыненнем дзейнасці палітычных партый, грамадскіх арганізацый і масавых рухаў, якія перашкаджалі нармалізацыі становішча; забаронай правядзення мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый, а таксама страйкаў; усталяваннем кантролю над СМІ, часовым спыненнем выпускаў некаторых цэнтральных выданняў[16]. У Маскву былі ўведзены войскі. Лідарам супраціўлення путчыстам стаў кіраўнік Вярхоўнага Савета РСФСР Барыс Ельцын, які, знаходзячыся ў Доме Саветаў РСФСР («Белы дом»), выдаў указ, згодна з якім усе выканаўчыя органы ўлады мусяць перайсці пад ягоны кантроль. Каля Белага дома сабраліся тысячы чалавек, сярод якіх былі прадстаўнікі самых розных сацыяльных груп. Цягам двух дзён натоўп павялічваўся, да яго далучаліся некаторыя баявыя часткі. Сам будынак абрастаў барыкадамі. Звонку на прылеглых вуліцах прыказа аб штурме чакалі вайсковыя часткі, падпарадкаваныя ДКНС.

Ля Белага дому ў Маскве, дзе месціўся Вярхоўны Савет РСФСР і знаходзіўся Барыс Ельцын, засталіся на ноч некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Уначы загінулі 22-гадовы Дзмітрый Комар, 28-гадовы Ілья Крычэўскі і 37-гадовы Дзмітрый Вусаў, якія на ўездзе ў тунэль на Калінінскім праспекце спрабавалі спыніць калону бранятэхнікі. Камандзір падраздзялення КДБ «Альфа» атрымаў загад вывучыць магчымасць штурму будынка Вярхоўнага Савета РСФСР, дзе знаходзіўся штаб прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына, і ягонага арышту. Камандаванне «Альфы», правёўшы рэкагнасцыроўку, прыйшло да высновы, што штурм будынка зойме каля 15 хвілін, аднак давядзецца прарывацца праз натоўп і колькасць ахвяр можа дасягнуць некалькіх тысяч чалавек. Пад раніцу, даведаўшыся пра гібель людзей, міністр абароны СССР Дзмітрый Язаў аддаў загад аб вывадзе войск з Масквы. Фактычна, адмова ад штурму Белага дома і загад вывесці войскі з Масквы перадвызначылі паразу путчыстаў[17]. Некалькі членаў ДКНС, у тым ліку і старшыня КДБ Уладзімір Кручкоў, вылецелі ў Крым для перамоў з Прэзідэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым, аднак той адмовіўся іх прыняць.

20 жніўня Барыс Ельцын і яго ўрад здолелі пераламіць ход путча і ўзяць ход падзей пад свой кантроль. 21 жніўня Прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў аднавіў сувязь з вонкавым светам, адмяніў усе пастановы ДКНС і прызначыў новых кіраўнікоў сілавых ведамстваў.

У ноч з 21 на 22 жніўня Міхаіл Гарбачоў вярнуўся ў Маскву. Шмат пазней ён заявіў, што загадзя ведаў пра планаваныя дзеянні будучых членаў ДКНС[18][19]. Аднак у верасні 1991 года на следстве па справе ДКНС ён гаварыў процілеглае[20].

З 22 па 29 жніўня 1991 года члены ДКНС і шэраг асоб, якія фармальна ў камітэт не ўваходзілі, але спрыялі яму, быў арыштаваны[21] Аднак з чэрвеня 1992 года па студзень 1993 года ўсе яны былі адпушчаны пад падпіску аб нявыяздзе[22][23][24][25][26]. У красавіку 1993 года пачаўся судовы разгляд[27][28]. 23 лютага 1994 года падсудныя па справе ДКНС былі амніставаны Дзяржаўнай Думай Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі[29][30], нягледзячы на пярэчанне Барыса Ельцына[31]. Адзін з падсудных, Валянцін Варэннікаў, адмовіўся прыняць амністыю[32] і над ім працягнуўся суд[33]. 11 жніўня 1994 года Ваенная калегія Вярхоўнага Суда Расіі вынесла апраўдальны прысуд Варэннікаву[34][35].

Падзеі ў Беларусі

правіць

Камуністычнае кіраўніцтва Беларусі сустрэла путч з энтузіязмам — Бюро ЦК КПБ на чале з першым сакратаром Анатолем Малафеевым падтрымала членаў ДКНС. Мясцовыя партыйныя структуры выказваліся ў прэсе ў падтрымку путча. «Першыя ж дакументы Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы ў СССР, абнародаваныя 19 жніўня 1991 года, паказваюць, што абвешчаныя надзвычайныя меры па выхаду краіны з глыбокага ўсебаковага крызісу адпавядаюць інтарэсам людзей працы і не супярэчаць прынцыпам і бліжэйшым мэтам Камуністычнай партыі. Падтрымліваем дзеянні Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы, накіраваныя на стабілізацыю абстаноўкі ў краіне, і заклікаем камуністаў, рабочых горада захоўваць вытрымку, спакой, узважанасць у закліках і дзеяннях, усямерна садзейнічаць аднаўленню дысцыпліны і парадку, стабільнасці ў рабоце рабочых калектываў», — гаварылася ў заяве сакратароў пярвічных партыйных арганізацый кампартыі Магілёву, прынятай праз некалькі гадзін пасля абвяшчэння надзвычайнага становішча[36].

19 жніўня дэпутаты Апазіцыі БНФ на чале з Зянонам Пазняком паспрабавалі ўпэўніць старшыню Вярхоўнага Савета Мікалая Дземянцея ў неабходнасці склікання пазачарговай сэсіі беларускага парламента. Між іншым, менавіта Дземянцей на наступы дзень павінен быў ехаць у Маскву на падпісанне з Гарбачовым «саюзнай дамовы», але гэтыя планы сарвалі путчысты. Пасля кароткай размовы ў кабінеце Дземянцея стала відавочна, што ён падтрымліваў путчыстаў. Тады ў БНФ абвясцілі ГКЧП дзяржаўнымі злачынцамі, звярнуліся да дзяржаўных служачых і кіраўнікоў прадпрыемстваў з заклікам не выконваць іх загады, быў прыняты зварот, у якім пазначылі, што «дзеянні путчыстаў у СССР з’яўляюцца крымінальным злачынствам, а створаны імі самазваны „Камітэт па надзвычайным становішчы“ — антызаконным».

Сярод палітыкаў, што не падтрымалі дзеянні ДКНС, апынуліся першы намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч, старшыні камісій Вярхоўнага Савета па заканадаўстве (Дзмітрый Булахаў), па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе (Генадзь Карпенка), па справах моладзі (Валерый Курдзюкоў), па пытаннях працы, цэн, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва (Аляксандар Сасноў), па нацыянальнай палітыцы і міжнацыянальных адносінах (Міхаіл Слямнёў)[37] і іншыя.

Увечары 19 жніўня БНФ сабраў на сустрэчу з дэпутатамі на плошчу перад Домам урада каля дзвюх соцен чалавек[37] пры тым, што арганізатары мітынга не мелі доступу да тэлебачання і радыё (кіраўнік дзяржтэлерадыё Аляксандар Сталяроў у той дзень памяняў праграмную сетку, каб трансляваць распараджэнні ДКНС). У параўнанні з колькасцю, якую сабрала падвышэнне цэнаў у красавіку (тады штодня стаяла некалькі дзесяткаў тысяч) — прыйшло зусім не шмат. Але 2021 жніўня на плошчы збіраліся ўжо тысячы. У ноч на 20 жніўня там было абвешчана пра стварэнне Беларускага згуртавання вайскоўцаў на чале з падпалкоўнікам Мікалаем Статкевічам.

Раніцай 20 жніўня па Беларускім радыё прагучала інтэрв’ю намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Васіля Шаладонава, у якім ён сказаў, што верыць «тым людзям, якія заяўляюць, што прэзідэнт хворы, і хацеў бы нагадаць адно, што сёння дзейнічае Канстытуцыя Саюза ССР. Мы не падпісалі новы саюзны Дагавор, а таму няма новай прававой базы. Застаўся дагавор 1922 года…»[36].

У той дзень быў забаронены выхад газеты «Знамя юности» — у нумары меліся з’явіцца меркаванні тых, хто не падтрымаў путч. Газета «Звязда» на першай паласе двухсэнсоўна надрукавала: «Краіна ў шоку. І мы анямелі…», а 20 і 21 жніўня на яе першай паласе друкаваліся распараджэнні ДКНС — і ні радка пра заклікі не падтрымліваць путч.

20 жніўня адбылося пасяджэнне Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі. Дэпутаты ад апазіцыі спрабавалі на ім пераканаць Прэзідыум асудзіць ГКЧП — але безвынікова.

Праз некалькі дзён створаная Вярхоўным Саветам адмысловая камісія на чале з Ігарам Пырхам выявіла, што падтрымка путчыстаў камуністычнымі кіраўнікамі ў рэгіёнах была масавай. Напрыклад у Мазыры старшыня гарвыканкама Іван Замулка 20 жніўня выступіў па кабэльным тэлебачанні і абвясціў пра стварэнне «мясцовай камісіі па надзвычайным становішчы». У Рэчыцы старшыня гарвыканкама Іван Бамбіза сказаў на нарадзе, што падзяляе кожны пункт заявы путчыстаў. На гэтай нарадзе дэпутат Вярхоўнага Савета Анатоль Турак спрабаваў пераканаць асудзіць хунту, але безвынікова. У Лагойску бюро райкама КПБ сумесна з кіраўніцтва райсавета таксама выказаліся ў падтрымку путча. У Бабруйску першы сакратар райкаму КПБ сумесна з камандуючым 5-ай арміяй сабраў сход у Доме афіцэраў і агітаваў прысутных падтрымаць ДКНС.

Генэральны дырэктар Мінскага гадзіннікавага завода Абрамчык 19 жніўня выдаў загад № 489, у якім абавязваў «строга і рашуча спыняць якія заўгодна парушэнні працоўнай дысцыпліны і ўнутрызаводзкага распарадку… Увесці на пэрыяд надзвычайнага становішча дзяжурствы на прадпрыемстве адказных работнікаў».

Аднак у Пінску гарсавет быў падзелены на дзве дэпутацкія групы. Тая, што падтрымала путчыстаў складалася пераважна з кіраўнікоў прадпрыемстваў і мела назоў «За грамадзянскую згоду». Другая група складалася з прыхільнікаў дэмакратычных рэформ. Менавіта яны 19 жніўня сабралі патрэбную колькасць подпісаў і прымусілі старшыню гарсавета склікаць сесію 20 жніўня. На сесіі ім удалося сабраць належную для прыняцця адпаведнай заявы колькасць прыхільнікаў.

Пасля паражэння ДКНС у Маскве 22 жніўня да патрабавання дэпутатаў Апазіцыі БНФ аб скліканні сесіі далучыліся іншыя дэмакратычныя дэпутаты і сесія была прызначана на 24 жніўня. За 23 жніўня дэпутаты ад БНФ паспелі падрыхтаваць два дзесяткі законапраектаў — пастановы аб наданні Дэкларацыі аб суверэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы, аб забароне дзейнасці КПБ-КПСС і нацыяналізацыі маёмасці, аб дэпартызацыі, аб падпарадкаванні МУС, КДБ і пракуратуры Вярхоўнаму Савету і Саўміну Беларусі — усяго на 22 аркушах[38]. Тады ж увечары Зянон Пазняк, Уладзімір Заблоцкі, Валянцін Голубеў і Сяргей Навумчык паехалі ў тэлецэнтр на Макаёнка і ў жывым эфіры заклікалі людзей прыйсці да Дому ўраду з самага пачатку сесіі, каб падтрымаць дэпутатаў БНФ.

Ужо пасля правалу путчу 22 жніўня газета «Звязда» выйшла з загадамі ГКЧП, маючы ўнізе паласы зноску: «Матэрыялы гэтага нумару былі падрыхтаваны да таго, як наступіла развязка: замыслы экстрэмістаў праваліліся, антыканстытуцыйны пераварот не ўдаўся. Каб не зрываць выхад газеты, а магчыма, і дзеля гісторыі, мы пакідаем усё як ёсць»[36].

24 жніўня, на пачатку сесіі Галіна Сямдзянава ўнесла ў Авальную залю бела-чырвона-белы сцяг, замацавала яго за трыбунай разам з Валянцінам Голубевым, а Зянон Пазняк зрабіў прапанову, каб нацыянальны сцяг заставаўся ў залі. Мікалай Дземянцей паставіў гэта на галасаванне. Але «за» выказалася толькі 107 дэпутатаў. Пазняк сказаў — «Мы пачакаем», і Валянцін Голубеў прыбраў сцяг са сцэны і паставіў яго ў «менскім сектары» — усю сесію сцяг быў у залі[38].

25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет пасля доўгіх дэбатаў і спрэчак прыняў прапановы дэпутатаў БНФ і абвясціў незалежнасць Беларусі, надаўшы Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закону. Дзейнасць КПБ-КПСС і ЛКСМБ была спынена[39].

Будынкі гаркама і райкамаў КПБ і будынак КДБ былі апячатаны актывістамі БНФ разам з міліцыяй. У гэты ж час першы сакратар ЦК А. Малафееў, сакратар ЦК А. Зеляноўскі, загадчык ідэалагічным аддзелам А. Савосценка і работнік ЦК А. Кухарчук спрабавалі напісаць зварот да камуністаў[40].

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць
  1. Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы ў СССР Зварот да савецкага народа
  2. 10-я годовщина событий августа 1991 года // Эхо Москвы, 19.08.2001
  3. Ъ-Власть — Государственный недоворот
  4. Указ Прэзідэнта СССР ад 22.08.1991 г. № УП-2444 «Аб адмене антыканстытуцыйных актаў арганізатараў дзяржаўнага перавароту»(недаступная спасылка). bestpravo.com. — «У ноч на 19 жніўня група змоўшчыкаў захапіла ўладу з намерам здзейсніць дзяржаўны пераварот.»  Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2016. Праверана 12 снежня 2013.
  5. Пастановы Вярхоўнага Савета СССР ад 29 жніўня 1991 года «Аб сітуацыі, якая ўзнікла ў краіне ў сувязі з дзяржаўным пераваротам Архівавана 7 снежня 2013.» і ад 30 жніўня 1991 года «Аб першачарговых мерах па прадухіленні спроб ажыццяўлення дзяржаўнага перавароту Архівавана 7 снежня 2013.».
  6. Пастанова СНД СССР ад 05.09.1991 г. № 2391-1 «Аб мерах, якія вынікаюць з сумеснай Заявы Прэзідэнта СССР і вышэйшых кіраўнікоў саюзных рэспублік і рашэнняў пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета СССР»(недаступная спасылка). bestpravo.com. — «У выніку дзяржаўнага перавароту, здзейсненага 19—21 жніўня 1991 года, быў пастаўлены пад пагрозу працэс фарміравання новых саюзных адносін паміж суверэннымі дзяржавамі.»  Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2016. Праверана 12 снежня 2013.
  7. Указ Прэзідэнта РСФСР ад 19.08.1991 № 59. — «Лічыць абвяшчэнне камітэта антыканстытуцыйным і кваліфікаваць дзеянні яго арганізатараў як дзяржаўны пераварот, які з'яўляецца нічым іншым, як дзяржаўнае злачынства.»  Праверана 12 снежня 2013.
  8. Пастанова Саўміна РСФСР ад 19.08.1991 г. № 435 «Аб незаконным увядзенні надзвычайнага становішча»(недаступная спасылка). bestpravo.com. — «Савет Міністраў РСФСР, разгледзеўшы існую сітуацыю, выкліканую адхіленнем ад кіраўніцтва краінай законна выбранага Прэзідэнта СССР і ўвядзеннем на тэрыторыі краіны надзвычайнага становішча, адзначае неканстытуцыйнасць і незаконнасць гэтых дзеянняў, роўна як і стварэнне Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы ў СССР»  Архівавана з першакрыніцы 22 жніўня 2016. Праверана 12 снежня 2013.
  9. Пастанова ВС РСФСР ад 22.08.1991 г. № 1627-1 «Аб палітычнай сітуацыі ў рэспубліцы, якая склалася ў выніку антыканстытуцыйнага дзяржаўнага перавароту ў СССР». gorby.ru. — «У ноч з 18 на 19 жніўня быў здзейснены дзяржаўны пераварот у СССР. Быў адхілены ад пасады Прэзідэнт СССР.»  Праверана 15 снежня 2013.
  10. 19-22 жніўня 1991 года. Рэакцыя Саюзных рэспублік(недаступная спасылка). Гуманітарны і паліталагічны цэнтр "СТРАТЭГІЯ". Архівавана з першакрыніцы 3 лістапада 2014. Праверана 12 снежня 2013.
  11. Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы ў СССР. ЗАЯВА САВЕЦКАГА КІРАЎНІЦТВА. СаюзІнфа. Праверана 12 снежня 2013.
  12. Последнее интервью. Геннадий Янаев: «У нас не было выбора, надо было что-то экстренно предпринимать…» Архівавана 17 ліпеня 2015.
  13. Частка 22 з 106 — Янаеў Генадзь Іванавіч. Апошні бой за СССР
  14. Допыт членаў ДКНС 22-30 жніўня 1991 // Spiegel TV допыт Кручкова на 11:16
  15. Война указов. Коммерсантъ-Власть (21 жніўня 2001). Праверана 12 снежня 2013.
  16. Пастановы ДКНС № 1 і № 2
  17. Радыё Свабода Архівавана 21 жніўня 2021.
  18. Гарбачоў ведаў пра планы ДКНС, але палічыў важнейшым не дапусціць бойні
  19. У Расіі ўспамінаюць падзеі жніўня 1991 года, якія адбыліся ў гэты дзень 20 гадоў назад
  20. Частка 20 з 106 — Янаеў Генадзь Іванавіч. Апошні бой за СССР
  21. Тринадцать лет спустя, или Три дня ГКЧП // Лента.ру
  22. Ъ-Власть — Стародубцев на воле. С Лениным в башке и подпиской в руке
  23. Ъ-Газета — Олег Шенин отпущен до суда домой
  24. Ъ-Газета — В Прокуратуре России
  25. Ъ-Газета — Пресс-конференция по делу ГКЧП
  26. Частка 40 з 104 — Лук’янаў Анатоль Іванавіч. Жнівень 91-га. Ці была змова?
  27. Частка 41 з 104 — Лук’янаў Анатоль Іванавіч. Жнівень 91-га. Ці была змова?
  28. Частка 15 з 175 — Варэннікаў Валянцін Іванавіч. Справа ДКНС
  29. Члены ДКНС пасля «путчу»
  30. Пастанова Дзяржаўнай Думы Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі ад 23 лютага 1994 г. № 65-1 ДД «Аб абвяшчэнні палітычнай і эканамічнай амністыі»
  31. Барыс Ельцын. Першы
  32. Частка 39 з 175 — Варэннікаў Валянцін Іванавіч. Справа ДКНС
  33. Частка 40 з 175 — Варэннікаў Валянцін Іванавіч. Справа ДКНС
  34. Частка 156 з 175 — Варэннікаў Валянцін Іванавіч. Справа ДКНС
  35. Частка 164 з 175 — Варэннікаў Валянцін Іванавіч. Справа ДКНС
  36. а б в Сяргей Навумчык. Дземянцей: «Павесіце на вяроўцы бяз мыла?». Радыё «Свабода» (22 жніўня 2011). Праверана 13 мая 2015.
  37. а б https://www.svaboda.org/a/29439224.html
  38. а б Сяргей Навумчык. Дні, якія стварылі краіну. Радыё «Свабода» (8 верасня 2011). Праверана 13 мая 2015.
  39. Праімперскі путч 19-21.08.1991: хроніка падзей // Радыё Свабода
  40. Смак перамогі, альбо Як Славу хавалі Сяргей Навумчык Радыё Свабода

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць