Будынак Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі
Будынак Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі — будынак у Мінску, размечаны па пр. Незалежнасці, 17 (вул. Камсамольская, 30). Пабудаваны ў 1945—1947 гг. (архіт. М. Паруснікаў, Г. Баданаў). Архітэктура будынка вырашана на аснове класіцыстычнай спадчыны.
Славутасць | |
Будынак Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі | |
---|---|
53°53′56″ пн. ш. 27°33′17″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктурны стыль | Сталінская архітэктура |
Архітэктар | Міхаіл Паўлавіч Паруснікаў і Генадзь Пятровіч Баданаў |
Будаўніцтва | 1945—1947 гады |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Архітэктура
правіцьЦагляны будынак трох-, чатырохпавярховы, з цокальным паверхам, у плане складанай формы. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя складаецца з цэнтральнай часткі, заглыбленай адносна «чырвонай лініі» забудовы праспекта, і 2 бакавых крылаў, якія ўтвараюць курданёр. Левае крыло выцягнута па фронту праспекта Незалежнасці, правае — уздоўж вул. Камсамольскай. Цэнтральная частка з уваходам вылучана рызалітам з масіўным чатырохкалонным порцікам карынфскага ордэра.
Левае крыло далучана да будынка былой сельскагаспадарчай страхавой кампаніі (дом № 15/6), узведзенага ў стылі неакласіцызму. У месцы злучэння абодвух аб’ёмаў — праезная брама, фланкіраваная на ўсёй вышыні будынка калонамі карынфскага ордэра, якія падтрымліваюць паўкруглы раскрапаваны франтон. Дзякуючы гэтаму кампазіцыйнаму элементу, а таксама адзінай лініі гарызантальных чляненняў, абедзве часткі левага крыла (старая і новая) ствараюць агульную кампазіцыю.
Правае крыло збудавання павернута да пр. Незалежнасці тарцовым фасадам. Яго бакавы фасад, арыентаваны на вул. Камсамольскую, вылучаны 4 калонамі. Вуглавая частка ўвенчана васьмігранным трох’ярусным бельведэрам (т.з. вежай Цанавы), апрацавана пілястрамі. Сцены завершаны масіўным карнізам і глухім парапетам. Вокны прамавугольныя (за выключэннем цэнтральнага рызаліта), на 3-м паверсе вылучаны абрамленнем з арачнымі і трохвугольнымі сандрыкамі. Цэнтральная частка фасада апрацавана больш стрымана, чым падкрэслена пластыка цэнтральнага рызаліта.
Планіроўка будынка калідорная.
Клуб імя Ф. Э. Дзяржынскага
правіцьУ правым крыле размешчаны клуб імя Ф. Э. Дзяржынскага (630 месцаў). Інтэр’ер залы клуба імя Ф. Э. Дзяржынскага насычаны дэкаратыўнай пластыкай, выкананай ў залаціста-белай гаме. Партал сцэны аздоблены фрызам з барэльефамі танцоўшчыц і арнаментам (вазоны, ленты, галінкі). Актыўным элементам пластыкі інтэр’ера з’яўляюцца паўкруглыя ў плане ложы другога яруса. Бакавыя сцены завершаны ляпнымі гірляндамі. Насычаным арнаментальным дэкорам вылучаецца кесаніраваная столь залы. Фае 2-га паверха (выкарыстоўваецца і як танцзала) звязана з вестыбюлем 2 бакавымі параднымі лесвіцамі. Перакрыцце фае падтрымліваюць 6 канеліраваных калон з карынфскімі капітэлямі. Сцены крапаваны пілястрамі і філёнгамі.
Зноскі
Літаратура
правіць- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- 158а. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Будынак Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі
- Будынак Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі на сайце «Архіварта»