Дом Мінскага таварыства ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання
Дом Мі́нскага тавары́ства ўзае́мнага сельскагаспада́рчага страхава́ння — чатырохпавярховы будынак пачатку XX ст. у Мінску на рагу вул. Гарадскі Вал і пр. Незалежнасці, 2/15. Помнік архітэктуры неакласіцызму, частка гістарычнай забудовы колішняй Захар’еўскай вуліцы. Цяпер будынак займае Міністэрства ўнутраных спраў.
Славутасць | |
Дом Мінскага таварыства сельскагаспадарчага страхавання | |
---|---|
| |
53°53′54″ пн. ш. 27°33′13″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Горад | Мінск |
Архітэктурны стыль | неакласіцызм |
Архітэктар | Генрых Гай, Станіслаў Гайдукевіч |
Дата пабудовы | 1915 год |
Статус |
![]() |
![]() |
Гісторыя
правіцьРанейшы адрас — № 49/7 на скрыжаванні вуліц Захар’еўскай і зноў адкрытага ў пачатку 1910-х Захар’еўскага завулка.
Чатырохпавярховы мураваны будынак спраектаваны архітэктарам Генрыхам Гаем і пабудаваны ў 1914 годзе на месцы двух дамоў і ўчастку зямлі (пл. 281,74 кв. саж.), купленага да 1910 годзе Мінскім таварыствам узаемнага сельскагаспадарчага страхавання (ад агню) у Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, і ўчастка зямлі (пл. 48,31 кв. саж.) купленага Мінскім таварыствам узаемнага сельскагаспадарчага страхавання (ад агню) у Мінскага дабрачыннага таварыства[1]. Аўтар скульптурнай кампазіцыі невядомы, меркавана — Станіслаў Гайдукевіч[2].
У 1915 годзе на першым паверсе размяшчаліся 2 крамы акцызнага таварыства Лансберга, кветкавая крама Кржывіцкага Івана, малочная лаўка Пікса, крама інжынера Янішэўскага Г. Я., кацельня, 2 крамы таварыства дапамогі параненым ваенным, крама Чырвонага Крыжа. На 2-м паверсе праўленне Мінскага земляробчага таварыства ўзаемнага страхавання. На 3-м паверсе — Мінскі грамадскі клуб (у 8 пакоях з кухняй і вітальняй). На 4-м паверсе размяшчалася кантора Лібава-Роменскай чыгункі і камерцыйная служба Лібава-Роменскай чыгункі[1].
У 1915—1916 гадах у доме таксама месцяцца сталовая пры Галоўным штабе арміі, упраўленне Галоўнага ўпаўнаважанага Расійскага таварыства «Чырвонага Крыжа». У 1917 кабінет памочніка начальніка камерцыйнай службы Лібава-Роменскай чыгункі, камерцыйная служба Лібава-Роменскай чыгункі, канцылярыя гаспадарскай часткі галоўупаўнаважанага Чырвонага Крыжа, спажывецкае таварыства «Сила»[3].
З 1919 года ў будынку месціцца «Земгор» (на 3-м паверсе), Менскі павятовы выканаўчы камітэт (13 аддзелаў), жыллёвы раённы савет (4-ты паверх), даведачны стол дамавых камітэтаў Менска. У 1922 уласнік — гарадскі жыллёвы пададдзел камунальнай гаспадаркі Менскага акруговага выканаўчага камітэта[3].
З 1920 года будынак займае ЧК Беларусі. З 1922 — ДПУ БССР. У 1929 у будынку размяшчаецца ДПК (Дзяржаўнае палітычнае кіраўніцтва), казармы палка ДПК, клуб, камендатура, Цэнтральная «кантора». З 1934 года — НКУС БССР[3].
Цяпер будынак займае Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
Архітэктура
правіцьКампазіцыя гэтага чатырохпавярховага Г-падобнага ў плане збудавання засноўвалася на кантрасным спалучэнні шырокай скругленым вуглавой часткі і двух падоўжаных крылаў. Крыло, арыентаванае фасадам на пр. Незалежнасці, захавалася толькі часткова. Акцэнт прыпадае на вуглавую частку, дзе размяшчаецца галоўны ўваход. Яго вылучаюць чатыры канеліраваныя паўкалоны, якія імітуюць порцік. На трэцім паверсе над уваходам — шырокая лоджыя. Вуглавая частка будынка завершана скульптурнай кампазіцыяй у выглядзе грэчаскай багіні ўрадлівасці, багацця і земляробства Дэметры з дзецьмі. Асноўныя дэкаратыўныя элементы бакавых крылаў — паўкалоны іанічнага ордара на вышыню другога-чацвёртага паверхаў. Па ўсім перыметры — невысокі парапет з балюстрадай. Аконныя праёмы на першым паверсе паўцыркульныя, на астатніх — прамавугольныя ў нішах з балюстрадай. Унутраная планіроўка калідорнага тыпу.
Скульптура Дэметры з дзецьмі
правіцьДа 1952 года будынак упрыгожвала скульптурная кампазіцыя Дэметры з дзецьмі, якая пазней была замуравана ў адным з будынкаў Міністэрства ўнутраных спраў. Значна пашкоджаная скульптура была знойдзена ў 2000-х гадах. У 2004 годзе яна была адноўлена скульптарамі Аляксандрам Дранцам і Паўлам Цыбулем, пасля чаго была вернута на гістарычнае месца[2].
Зноскі
Літаратура
правіць- 158е. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
- Шыбека, З. В. Минскъ сто гадоў таму / З. В. Шыбека. — Мінск : Беларусь, 2007. — 304 с.
- Минск. Старый и новый / авт.-сост. В. Г. Воложинский; под ред. З. В. Шибеко. — Минск : Харвест, 2010. — 272 с.
- Леанід Маракоў. Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 гг. Кніга I.. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-02-1426-3.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом Мінскага таварыства ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання
- Дом Мінскага таварыства ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання на сайце Глобус Беларусі (руск.)