Ельскі вал
Е́льскі вал — тэктанічная структура ў Лельчыцкім, Ельскім, Нараўянскім, Мазырскім і Хойніцкім раёнах Гомельскай вобласці, у межах Ельскага грабена Прыпяцкага прагіну.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/a/ac/%D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%BF%D1%8F%D1%86%D0%BA%D1%96_%D0%BF%D1%80%D0%B0%D0%B3%D1%96%D0%BD_-_%D1%81%D0%B0%D0%BB%D1%8F%D0%BD%D1%8B%D1%8F_%D0%B4%D1%8B%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%BA%D0%B0%D1%86%D1%8B%D1%96.svg/300px-%D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%BF%D1%8F%D1%86%D0%BA%D1%96_%D0%BF%D1%80%D0%B0%D0%B3%D1%96%D0%BD_-_%D1%81%D0%B0%D0%BB%D1%8F%D0%BD%D1%8B%D1%8F_%D0%B4%D1%8B%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%BA%D0%B0%D1%86%D1%8B%D1%96.svg.png)
Вылучаецца на паверхні саляноснай тоўшчы верхняга дэвону. Усходняя частка валу арыентавана ў субшыротным напрамку, на захадзе крута паварочвае на поўдзень, затым набывае паўночна-заходняе распасціранне. Даўжыня 135 км, шырыня 4—9 км. Перавышэнне над сумежнымі сінкліналямі 1000—2000 м. Аб’ядноўвае Заходне-Валаўскае падняцце, Валаўскае падняцце, Мікалаеўскае падняцце, Ельскае падняцце, Стралічаўскае падняцце, Усходне-Ельскую антыкліналь, Вербавіцкую антыкліналь, Ламацкую антыкліналь.
Ельскі вал прасочваецца ў дэвонскіх і каменнавугальных адкладах і на большай частцы тэрыторыі пахаваны пад пермскімі. Заходняя частка прыразломная і размешчана ў паднятых крылах разломаў, усходняя — накладзеная. Фарміраваўся вал у выніку рухаў па разломах і пераважна праяўлення саляной тэктонікі ў галітавай падтоўшчы ў верхнедэвонскі і каменнавугальны час.
Літаратура
правіць- Канішчаў В. С.. Ельскі вал // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — С. 267. — 522 с. — 10 000 экз.