Зялёны Луг (жылы раён, Мінск)

жылы раён у Мінску
(Пасля перасылкі з Жылы раён Зялёны Луг, Мінск)

Зялёны Луг — жылы раён у Мінску. Размешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы горада побач з хваёвымі масівамі, уздоўж Сляпянскага канала, абапал Лагойскага тракта. Атрымаў назву паводле аднайменнай вёскі. Каля 100 тысяч жыхароў. Вылучаецца дасканалай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыяй, функцыянальна-планіровачным і тэхналагічным вырашэннем, добрай архітэктурна-мастацкай якасцю забудовы, высокім узроўнем добраўпарадкавання і азелянення тэрыторыі. Забудоўваецца з 1962 года, аўтарскі калектыў: архітэктары С. Богін, А. Воўк, Ю. Грыгор’еў, І. Грышчынскі, Л. Кліцунова, П. Кракалёў, H. Краўкова, Э. Левіна, С. Мусінскі, I. Сітнікава, Л. Сакалова, А. Шалякін. Складаецца з 7 мікрараёнаў. Адзіны жылы раён горада, размешчаны ў двух адміністрацыйных раёнах — Савецкім і Першамайскім.

Архітэктура правіць

Архітэктурна-планіровачная структура жылога раёна заснавана на максімальным выкарыстанні маляўнічага рэльефу з ярка акрэсленымі перападамі вышынь і штучнымі вадаёмамі. Траса канала ўключае вадаспады, паркавыя басейны, фантаны, падпорныя сценкі, добраўпарадкаваную набярэжную, фарміруе паркавую вось Зялёнага Луга.

Раён забудаваны буйнапанэльнымі і з цэглы жылымі дамамі (5-, 9-, 12-павярховыя), асобныя маюць каскадную пасадку (9—7—5 паверхаў). Дэкор фасадаў складаецца з разнастайных па малюнку і фактуры аддзелак, пластычных экранаў лоджый, дэкаратыўных сценак, каляровых панэлей.

Буйны маштаб забудовы. Працягласць фронта вуліцы паміж перакрыжаваннямі дасягае 800 м.

Мікрараёны правіць

На свабоднай тэрыторыі, прылеглай да вуліц Каліноўскага, Кальцова, Сядых і Шырокай, размясціліся мікрараёны Зялёны Луг 1, 2 і 3 — адны з першых мікрараёнаў Мінска. Забудаваны пераважна 5-павярховымі дамамі. Уздоўж Лагойскага тракта і вуліцы Каліноўскага рытмічна пастаўлены індывідуальна запраектаваныя 9-павярховыя дамы, іх дапаўняюць дамы вежавага тыпу ўнутры мікрараёнаў.

Мікрараёны 4 і 5 (забудоўваліся ў 1980-я) размешчаны ўздоўж Сляпянскай водна-паркавай сістэмы на 2 тэрасах: на ніжняй (вуліцы Каліноўскага, Сядых) пастаўлена група інтэрнатаў кропкавага тыпу з блокамі абслугоўвання, на верхняй (Лагойскі тракт, вуліцы Цікоцкага, Карбышава) — жылыя дамы складанай канфігурацыі, планы якіх адпавядаюць пластыцы рэльефу. Новыя мікрараёны адрозніваюцца ад раней пабудаваных больш буйным маштабам забудовы; у кампазіцыі дваровай прасторы вялікую ролю адыгрывае раскрыццё ўнутранай прасторы ў навакольнае асяроддзе. Пры забудове Зялёнага Луга-5 былі прымененыя каскадныя жылыя дамы пераменнай паверхавасці, размешчаныя ўпоперак гарызанталяў. Нарастанне паверхавасці дамоў у бок павышэння рэльефу падкрэслівала і выяўляла

Працягам забудовы жылога раёна за Лагойскі тракт (вуліца Мірашнічэнкі, МКАД) з'яўляюцца мікрараёны 6 і 7. Праекціроўшчыкамі добра выкарыстаны маляўнічы рэльеф для пастаноўкі ўздоўж гарызанталей працяглых крывалінейных у плане 9-павярховых дамоў, якія кантрастуюць з дамамі вежавага тыпу. Эфект узмацняецца таксама і іх каляровым вырашэннем.

Спасылкі правіць