Жыціі святых (помнік перакладной літаратуры)

«Жыціі святых» — помнік беларускай перакладной агіяграфічнай літаратуры 17 ст. У 1579 годзе ў Вільні выйшаў на польскай мове вялікі зборнік «Жыціі святых» Пятра Скаргі, які з’яўляецца першакрыніцай помніка.

412 аповесцей з жыцця хрысціянскіх святых размешчаны ў ім, як і ў старажытна-рускіх Чэццях-Мінеях, па месяцах года. Героі зборніка — ад біблейскіх Адама і Евы да рэальных гістарычных асоб XV—XVI стст. Гэта своеасаблівая энцыклапедыя, у якой асноўныя этапы царкоўнай гісторыі асвятляюцца на прыкладзе духоўных подзвігаў многіх святых — апосталаў і прарокаў, святароў і айцоў царквы, біскупаў і манахаў-падзвіжнікаў, каралёў, заснавальнікаў каталіцкіх ордэнаў, місіянераў, змагароў з язычніцтвам і ерассю, пакутнікаў і інш. герояў.

Змешчаныя ў зборніку жыціі вызначаюцца шаблоннасцю і дыдактызмам, вобразы празмерна ідэалізаваныя і псіхалагічна нерухомыя. Аднак змястоўнае багацце, жывы стыль выкладу, займальнасць і пазнавальная каштоўнасць зрабілі кнігу П. Скаргі папулярнай ва ўсёй Рэчы Паспалітай.

Пераклад выбраных «Жыцій святых» на беларускую мову (141 жыціе) быў зроблены ў другой палове XVII стагоддзя ў Магілёве. У беларусаў ён выклікаў цікавасць таму, што тут былі змешчаны жыццяпісы мясцовых літоўска-беларускіх і польскіх святых, як, напрыклад, польскага місіянера Яцка (Іакінф, Гіяцынт), які прапаведаваў хрысціянства ў межах Польшчы і Русі.

Зноскі

Літаратура правіць