Замкавая брама (Мінск)

(Пасля перасылкі з Замкавая брама, Мінск)

Замкавая брама — умацаваны ўезд у дзядзінец старажытнага Мінска. Брамныя ўмацаванні Мінска паводле сваіх фартыфікацыйных якасцей і тэхнічным рашэнні з'яўляліся выдатным узорам драўлянага ваеннага дойлідства свайго часу.

Рэканструкцыя замкавай брамы на памятнай манеце «Глеб Менскі» (2007)

Гісторыя правіць

Брама пабудавана з дрэва ў пачатку — 1-й палове XII ст. у паўднёва-ўсходняй частцы замчышча. У канцы XII — 1-й палове XIII ст. брама разбурана. Выяўлена ў працэсе археалагічных раскопак 19841985 гг.

План рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Мінска прадугледжвае аднаўленне уязной брамай з абарончымі валамі на месцы залы «Працоўныя рэзервы»[1].

Архітэктура правіць

Агульныя памеры брамы ў плане 17,1×7,4 м, разліковая вышыня 12,5—13,5 м, шырыня праёму-праезду 3,4 м. Складалася з васьмі пустацелых клецей-зрубаў памерам ад 2,8×1,3 м да 4,5×1,7 м (па чатыры у рад абапал праезду), зробленых у тэхніцы «ў чашку з астаткам» з бярвення дыяметрам да 30 см. Непаралельнае размяшчэнне процілеглых клецей асновы брамы сведчыць пра існаванне верхняга сувязнага яруса.

Мяркуюць, што брама складалася з двух аб’ёмаў — вялікага асноўнага і малога. Асноўны аб’ём апіраўся на тры пары клецей, над імі па перыметры брамы быў зроблены баявы насціл з брустверам, які стыкаваўся з забароламі абарончых сцен вала. На верхнім ярусе знаходзіліся два памяшканні, які абапіраліся на сцены клецей асновы і маглі выкарыстоўваць для варты і запасаў зброі. Памяшканні, праход каля 1 м паміж імі і забаролы былі накрыты агульным дахам. Для абароны праезду ўнутры асноўнага аб’ёму былі баявыя пляцоўкі (памосты), яны размяшчаліся паралельна сценам і злучаліся з памяшканнямі верхняга яруса ўсходамі.

Малы аб’ём апіраўся на першую з боку поля пару клецей (вышыня яго асновы 6 м), таксама меў баявыя памосты з забароламі. Двухаб’ёмная канструкцыя брамы дазваляла надзейна фланкіраваць знешні схіл вала, узмацняла франтальны абстрэл падыходаў да брамы, скарачала мёртвую прастору перад варотамі. Брама магла зачыняцца не менш як на трое весніцаў[2] (дзве ў фасадах асноўнага аб’ёму — з боку горада і поля і ў фасадзе малога аб’ёму з боку поля) і пад’ёмных кратаў. Дах брамы ўзвышаўся над абарончымі сценамі, што рабіла яе своеасаблівай дамінантай горада.

У культуры правіць

 
Скульптура «Дойлід»

Замкавая брама адлюстравана ў скульптуры «Дойлід» Уладзіміра Жбанава, устаноўленай у 2007 годзе на плошчы Незалежнасці ў Мінску.

Зноскі

  1. ГДЕ ГОРОД ЗАРОДИЛСЯ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 20 ліпеня 2014.
  2. Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 8

Літаратура правіць