Захар’еўскі мост

(Пасля перасылкі з Захар'еўскі мост)

Заха́р’еўскі мост — мост арачнай канструкцыі са зборнага жалезабетона праз Свіслач па пр. Незалежнасці ў Мінску. Размешчаны каля пл. Перамогі. Гэта чацвёрты вядомы мост на гэтым месцы, пабудаваны ў 1952 годзе. Гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь рэспубліканскага значэння[1].

Захар'еўскі мост
Захар'еўскі мост
Каардынаты: 53°54′24″ пн. ш. 27°34′16″ у. д.HGЯO
Вобласць ужывання аўтадарожны
Перасякае Свіслач
Месца размяшчэння Мінск
Канструкцыя
Тып канструкцыі арачны, трохпралётны, жалезабетонны
Колькасць пралётаў 3
Асноўны пралёт 40 м
Агульная даўжыня 88 м
Шырыня моста 34 м
Эксплуатацыя
Канструктар, архітэктар Міхаіл Паўлавіч Паруснікаў і Генадзь Пятровіч Баданаў
Адкрыццё 1952
Захар'еўскі мост (Мінск Цэнтр)
Захар'еўскі мост
Захар'еўскі мост
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Мост праз Свіслач па Захар’еўскай вуліцы, ад якой і атрымаў назву, злучаў цэнтр горада з Залатой Горкай і Камароўкай, прынамсі, з канца XVIII стагоддзя. На працягу ўсяго XIX стагоддзя мост неаднаразова рамантавалі і перабудоўвалі (1837, 1853, 1878). Апошні раз у 1898 г., калі яго перабудавалі ў сувязі з пракладзенай па ім лініі конкі.

Першы жалезабетонны мост

правіць

У снежні 1913 года Гарадская дума пастанавіла замяніць драўляны мост жалезабетонным. За кансультацыямі горад звяртаўся да прафесара Кіеўскага політэхнічнага інстытута Я. А. Патона  (руск.)[2]. Будаваць новы мост узялося мінскае таварыства «Бетон», аднак, з пачаткам Першай сусветнай вайны яго будаўніцтва было прыпынена[3]. Будаўніцтва першага ў Мінску жалезабетоннага моста было завершана толькі ў 1928 годзе.

На праезныя часткі новага моста быў пракладзены рэйкі трамвайнай лініі ад чыгуначнага вакзала да завода «Дрэваапрацоўшчык» (Мінскі прыборабудаўнічы завод).

Пасляваенны перыяд

правіць

Мост перажыў нямецкую акупацыю, але перад самым вызваленнем Мінска быў падарваны немцамі. Замест зруйнаванага жалезабетоннага на захаваных берагавых апорах збудавалі новы драўляны бэлечны мост на трох палевых апорах. Рух быў урачыста адкрыты 29 кастрычніка 1944 года. У 1948 годзе трамвайны рух па ім быў зачынены ў сувязі з пераносам лініі на вуліцу Першамайскую.

У 1951 годзе побач з ім вышэй па цячэнні Свіслачы пачалі ўзводзіць новы мост. Аўтарамі праекта былі архітэктары М. П. Паруснікаў і Г. П. Баданаў. У 1952 годзе новы мост урачыста адкрыты[3].

Архітэктура

правіць
 
Захар’еўскі мост

Праектаванню моста цераз р. Свіслач надавалася вялікае значэнне з-за яго размяшчэння на цэнтральнай магістралі горада[1].

У выніку новы мост быў выкананы 3-пралётным з жалезабетонных зборных канструкцый[1]. Рэчышча перакрыта трохшарнірнымі скляпеннямі[4], шырыня пралёта складае 40 м[1]. Набярэжныя, якія злучаюць берагавыя часткі парку Горкага і парку Янкі Купалы, перакрыты 2 бэлечнымі пралётамі[4], праёмы праходаў зроблены лучковага абрысу шырынёй 7 м[1]. Агульная даўжыня моста складае 88 м, шырыня 34 м[4].

Фасадныя плоскасці моста абліцаваны мармуровымі плітамі, дэкарыраваны замковым каменем. Уздоўж моста праходзіць дэкаратыўная металічная агароджа. Лесвічны спуск у парк аформлены балюстрадай і акцэнтаваны вазамі на п'едэсталах[1].

Зноскі

  1. а б в г д е Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. Шибеко З. В., Шибеко С. Ф. «Минск. Страницы жизни дореволюционного города». Минск, 1990.
  3. а б Мост на главной улице Архівавана 8 чэрвеня 2017.
  4. а б в Мосты // Минск: Энциклопедический справочник (руск.) / Ред. кол.: И. П. Шамякин, И. И. Антонович, Г. Г. Бартошевич и др. — Изд. 2-е, доп. и перераб. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1983. — 467 с.

Спасылкі

правіць