Нямецкая акупацыя Беларусі (1941—1944)

Нямецкая акупацыя Беларусі — акупацыя нямецка-фашысцкімі войскамі ў 19411944 тэрыторыі БССР (у межах 1941 года). Радыкальнай польскай гістарыяграфіяй не прызнаецца як цэлы прадмет вывучэння, і падзяляецца на акупацыю Усходняй Польшчы і акупацыю БССР у межах 1938 г.

Нямецкая карта-справаздача айнзацгрупы А

Пасля поўнага захопу нямецкімі войскамі (1941), тэрыторыя БССР была падзелена на наступныя зоны кіравання: тылу армейскай групы «Цэнтр», рэйхскамісарыятаў «Остланд» і «Украіна», генеральнай акругі Усходняя Прусія.

На акупаванай тэрыторыі з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны дзейнічалі савецкія партызанскія фарміраванні. Таксама з 1941 сюды была распаўсюджана дзейнасць польскіх партызанскіх сіл, а польскія падпольныя арганізацыі існавалі і ў даваенны перыяд 1939—1941. У шэрагу раёнаў Брэсцкай вобласці дзейнічалі ўкраінскія АУН і УПА.

Эвакуацыя ў савецкі тыл

правіць

Пакуль нямецкія войскі хутка прасоўваліся на ўсход, захоплівая цэлыя раёны, у якіх нават не паспелі абвясціць эвакуацыю, сярод большасці раённых партыйных кіраўнікоў панавала разгубленасць, і нават паніка. Так, у тэлефанаграме сакратар Кармянскага райкома КП(б)Б А. І. Рыцінкаў паведаміў, што 8 камуністаў і 11 старшынь сельсаветаў перайшлі на бок ворага. У дакладной запісцы сакратара Рагачоўскага райкама КП(б)Б значыцца, што 20 камуністаў-кіраўнікоў «змаладушнічалі і самастойна пакінулі раён»[1]. Старшыня Лідскага выканкома Ф. І. Зайцаў у дакладной запісцы, адзначыў, што пасля трохразовай спробы дабіцца ад абласнога кіраўніцтва ў Баранавічах адказу на пытанне «Што рабіць — эвакуіраваць насельніцтва ці не?», пачуў параду: «Рабіце так, як вам падказвае мэтазгоднасцт». Ацэньваючы сітуацыю, кіраўнік Лідскага выканкама заўважыў, што працаўнікі раёна і Баранавіцкай вобласці адчуваюць разгубленасць, прычым не з-за боязі за свой лёс, а з прычыны бездапаможнасці і няведання таго, што трэба рабіць[2].

Нацыянальная палітыка

правіць

На захопленай Трэцім Рэйхам тэрыторыі БССР пад акупацыяй апынулася каля 8 млн чалавек, а таксама 900 тыс. савецкіх ваеннапалонных[3]. Нямецкай адміністрацыяй праводзілася палітыка генацыду, рабавання і гвалту. Усё гэта адбывалася па нямецкаму плане «Ост».

Першым крокам акупантаў стала ўвядзенне абмежаванняў грамадзянскіх свабод мясцовага насельніцтва. Было абвешчана надзвычайнае становішча. Усё насельніцтва, якое пражывае на акупаванай тэрыторыі, падлягала абавязковаму ўліку і рэгістрацыі ў мясцовых адміністрацыях. Забаранялася дзейнасць усіх арганізацый, а таксама правядзенне мітынгаў і сходаў. Уводзіўся прапускны рэжым і дзейнічаў каменданцкая гадзіна. З першых дзён вайны немцы праводзілі масавыя чысткі: забівалі камуністаў, камсамольцаў, актывістаў савецкай улады, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. З асаблівай жорсткасцю знішчалася «расава шкодная» частка насельніцтва: яўрэі, цыганы, фізічна і псіхічна хворыя.

Масавае знішчэнне насельніцтва ажыццяўлялі асаблівыя аператыўныя групы — айнзацгрупы, якія дзяліліся на спецыяльныя і аператыўныя[4].

На тэрыторыі Беларусі фашыстамі было створана 260 канцэнтрацыйных лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў[5]. Самым буйным з'яўляўся Трасцянецкі лагер смерці, у якім за гады вайны было знішчана 206,5 тыс. чалавек[6].

У гарадах арганізоўваліся спецыяльныя зоны пражывання яўрэяў — гета. Усяго ў Беларусі было створана, па розных дадзеных, ад 111 да больш чым 200, а па дадзеных доктара гістарычных навук Эмануіла Іофе — 299 гета ў 277 населеных пунктах на даваеннай тэрыторыі БССР, з якіх на сучаснай тэрыторыі Беларусі — 238 гета ў 216 населеных пунктах. Найбольш буйныя гета меліся ў Мінску, Гродне, Бабруйску, Баранавічах, Брэсце, Пінску, Слоніме, Гомелі. Яўрэі падвяргаліся сістэматычнаму мэтанакіраванаму знішчэнню ў рамках палітыкі «канчатковага рашэння яўрэйскага пытання».

У мэтах барацьбы з анцігерманскім супраціўленнем нямецкімі акупацыйнымі ўладамі шырока выкарыстоўваліся карныя экспедыцыі (антыпартызанскія аперацыі). Знішчаліся цэлыя раёны, якія ператвараліся ў «зоны пустыняў». За час акупацыі БССР было праведзена звыш 140 карных экспедыцый. Першая з іх — «Прыпяцкія балоты» — адбылася ў ліпені — жніўні 1941 на тэрыторыі Брэсцкай, Мінскай, Пінскай і Палескай абласцей. За час аперацыі нямецкімі карнымі атрадамі было расстраляна 13788 чалавек[7]. За ўвесь час нямецкай акупацыі было знішчана 628 населеных пунктаў разам з жыхарамі, 5295 населеных пунктаў знішчаныя з часткай жыхароў[8].

Найбольш буйнымі карнымі аперацыямі з'яўляліся «Арол», «Трыкутнік», «Чароўная флейта», «Котбус», «Герман». У справаздачы аб выніках экспедыцыі «Герман» (ліпень — жнівень 1943), праведзенай на тэрыторыі Валожынскага, Івянецкага, Любчанскага, Навагрудскага і Юрацішкаўскі раёнаў, К. фон Готберг паведамляў у Берлін, што забіта 4280 чалавек, ўзята ў палон 20944 чалавек, у тым ліку 4180 дзяцей. Нямецкімі салдатамі было рэквізавана 3145 курэй, 6776 кароў, 499 цялят, 9571 авечак, 1517 свіней і звыш 100 сельскагаспадарчых машын[8].

 
Улётка часоў нямецкай акупацыі Беларусі

Нямецкія акупацыйныя ўлады часта выкарыстоўвалі дзяцей у якасці донараў крыві[ru]. Мясцовае насельніцтва прыцягвалася да расчыстцы замініраваных участкаў, было жывым шчытом у баявых аперацыях супраць партызан і войскаў Чырвонай Арміі. Нямецкай адміністрацыяй ужывалася дэпартацыя насельніцтва на прымусовыя працы[ru] ў Германію, Аўстрыю, Францыю, Чэхію. Такіх «добраахвотных» работнікаў называлі остарбайтары. З Беларусі было вывезена каля 400 тыс. чалавек. 186 тыс. беларусаў загінула на працах[9].

Усе эканамічныя і прыродныя рэсурсы захопленых раёнаў былі абвешчаныя нямецкай уласнасцю. Уводзілася абавязковая працоўная павіннасць. Аб сутнасці эканамічнай палітыкі ва Усходняй Еўропе (уключаючы Беларусь) можна меркаваць па патрабаваннях рэйхсмаршала Г. Герынга да рейхскамісараў у жніўні 1942[9].

Вы накіраваны туды для таго, каб працаваць на дабрабыт нашага народа, а для гэтага неабходна забіраць усё магчымае. Пры гэтым мне абсалютна ўсё роўна, калі вы мне скажаце, што людзі акупаваных абласцей паміраюць з голаду. Хай паміраюць, абы толькі былі жывыя немцы. Я зраблю ўсё — я прымушу выканаць пастаўкі, якія на вас ускладаю, і калі вы гэтага не зможаце зрабіць, тады я пастаўлю на ногі органы, якія пры любых абставінах вытрасуць гэтыя пастаўкі.

Насельніцтва Беларусі павінна было плаціць непасільныя плацяжы: 3-4 ц збожжа з гектара, 350 л малака з кожнай каровы, 100 кг свініны з аднаго двара, 35 яек ад кожнай курыцы, 6 кг птушкі з двара, 1,5 кг воўны з кожнай авечкі і ў сярэднім 100 рублёў на чалавека[10].

Усе гэтыя мерапрыемствы, якія праводзяцца нямецкай адміністрацыяй на тэрыторыі Беларусі, спрыялі ўздыму вызваленчага руху. З першых дзён вайны беларусы пачалі аказваць супраціўленне нямецкім акупацыйным уладам. Пасля ўвядзення розных абмежаванняў і падаткаў незадаволенасць сярод мірнага насельніцтва нарастала ў геаметрычнай прагрэсіі, што дазволіла паспяхова арганізаваць партызанскі рух на Беларусі.

Пачынаючы з 1941, В. Кубэ, які кіраваў грамадзянскай адміністрацыяй у генеральным камісарыяце «Вайсрутэнія» («Беларусь») праводзіў палітыку г. зв. «вайсрутэнізацыі», якая, між іншым, вылікала сур'ёзныя канфлікты між ім і кіраўніцтвам нацысцкай партыі, аб'ектыўна паспрыяла ўзмацненню беларускага не-савецкага нацыянальнага пачуцця і пацягнула за сабой шэраг трывалых палітычных наступстваў, у тым ліку ў савецкай пасляваеннай нацыянальнай і дэмаграфічнай палітыцы.

Пачынаючы з 1942 дадаткова да дапаможнай паліцыі нямецкія ўлады фарміравалі на тэрыторыі Беларусі ваенна-паліцэйскія сілы, у т.л., беларускія (Беларускі корпус самааховы).

Людскія, матэрыяльныя і культурныя страты Беларусі падчас вайны

правіць

Паводле падлікаў нямецкіх даследчыкаў, на тэрыторыі Беларусі (у межах чэрвеня 1941 г.) пражывалі 10,6 млн. чал. З іх 7,88 млн (74,3%) беларусаў, 935 тыс. (8,8%) яўрэяў, 925 тыс. (8,7%) палякаў, 590 тыс. (5,6%) рускіх, 162,5 тыс. (1,5%) украінцаў, 90 тыс. (0,9%) літоўцаў, 6,5 тыс. (0,06%) немцаў[11].

Тры гады акупацыі Беларусі (1941—1944), падвойнае праходжанне германа-савецкага фронту, узброеныя сутычкі партызанскіх груп, мелі страшныя наступствы: загінула 2 млн чал. (з их ад 250 тыс. да 1 млн яўрэяў[12]), каля 3 млн чал. сталі бяздомнымі[13]. Але, вельмі цяжка дакладна вызначыць колькасць чалавечых ахвяр у Беларусі падчас нямецкай акупацыі. У савецкія часы было прынята лічыць, што загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Праз 50 гадоў пасля Другой сусветнай вайны афіцыйна лічылася, што колькасць ахвяр складалася 2 млн. 200 тыс. чал.[14] Упершыню яна стала вядома ў 1944 г. у выніку абагульнення звестак «Надзвычайнай камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх акупантаў».

Вобласці Знішчана ўсяго грамадзянскага насельніцтва Забіта ваеннапалонных Вывезена ў Германію
1 Бабруйская 82 194 54 013 15 275
2 Баранавіцкая 181 179 88 407 33 773
3 Брэсцкая 159 526 38 858 30 008
4 Віцебская 151 421 92 891 68 434
5 Гомельская 53 630 114 476 16 745
6 Гродзенская 111 208 41 330 53 965
7 Магілёўская 71 602 59 134 21 436
8 Маладзечанская 42 373 34 652 8 828
9 Мінская 317 515 101 590 29 815
10 Палеская 37 981 3 120 23 047
11 Пінская 95 385 24 613 30 861
12 Полацкая 105 211 157 007 52 599
Усяго 1 409 225 810 091 384 786[15]

Калі да колькасці «мірных жыхароў» практычна няма пытанняў, то да колькасці ваеннапалонных ёсць, бо не ўсе яны да вайны жылі на тэрыторыі БССР.

На мяжы XXXXI стст. гэтая лічба была перагледжана як беларускімі, гэтак і замежнымі навукоўцамі. Так, А. Літвін сцвярджае, што Беларусьпадчас акупацыі згубіла ад 1 млн. 950 тыс. да 2 млн чал. Гэтая лічба ўлічвае беларусаў, што загінулі на тэрыторыі Беларусі, на фронце і падчас прымусовых прац у Германіі[16]. Расійскі гісторык П. Палян цытуючы заключны даклад «Надзвычайнай камісіі» дэталізуе страты Беларусі па кожнай з 12 абласцей, што існавалі на той час. У гэтым дакладзе 1 360 034 чал. былі залічаны ў рубрыку «забітыя, закатаваныя мірныя жыхары», што складае 22,4 % ад усяго насельніцтва Беларусі на той час[17].

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ). Ф. 4. — Воп. 33а. — Спр. 64. — Арк. 2 — 3.
  2. НАРБ. Ф. 4. — Воп. 33а. — Спр. 201. — Арк. 58 — 60.
  3. Каваленя А. А. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа. — С. 96.
  4. Каваленя А. А. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа. — С. 97.
  5. Каваленя А. А. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа. — С. 98.
  6. Каваленя А. А. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа. — С. 99.
  7. Каваленя А. А. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа. — С. 100.
  8. а б Каваленя А. А. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа. — С. 101.
  9. а б Каваленя А. А. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа. — С. 102.
  10. Каваленя А. А. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа. — С. 103.
  11. Крывашэй, Д. А. Нацыянальныя супольнасці Беларусі ў перыяд германскай акупацыі: (чэрвень 1941 — ліпень 1944 г.) / Д. А. Крывашэй; НАН Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мн.: Беларуская навука, 2009. — 196, [2] c. — С. 6. Са спасылкай на: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 510. — Воп. 1. — Спр. 108. — Арк. 45 — 46.
  12. Smilowitsjy, L. Die Partizipation der Juden am Leben der Belorussischen Sozialistischen Sowjetrepublik (BSSR) im ersten Nachkriegsjahrzehnt, 1944—1954 // «Existiert das Ghetto noch?»: Weißrussland: jüdisches Überleben gegen nationalsozialistische Herrschaft / hrsg. von der Projektgruppe Belarus im Jugendclub Courage Köln e. V. — Berlin [etc.]: Assoziation A, 2003. — 319 s. — S. 277.
  13. Gerlach, Ch. Kalkulierte Morde: die deutsche Wirtschafts- und Vernichtungspolitik in Weißrußland, 1941―1944 / Christian Gerlach. — Hamburg: Hamburger Ed., 1999. — 1232 s. — S. 11. — ISBN 3-930908-54-9.
  14. Кравченко, И. Немецко-фашистский оккупационный режим в Белоруссии // Немецко-фашистский оккупационный режим. (1941—1944 гг.): [Сборник статей] / Институт марксизма-ленинизма при ЦК КПСС, Отделение истории Великой Отечественной войны; Под общ. ред. проф. Е. А. Болтина. — М.: Политиздат, 1965. — 388 с. — С. 63.
  15. У даведцы памылкова 377 776
  16. Литвин, А. К вопросу о количестве людских потерь Беларуси в годы ВЕликой Отечественной войны (1941—1945 гг.) // Беларусь у XX стагоддзi: [Зб. навук. прац.] / Навук. рэд. В. П. Андреев. Вып. 1. — Мн.—Томск: Водолей, 2002. — 191 с. — С. 136—137. — ISBN 5-8299-0028-9.
  17. Полян, П. Жертвы двух диктатур: Жизнь, труд, унижение и смерть советских военнопленных и остарбайтеров на чужбине и на родине / Павел Полян. — М.: Росспэн, 2002. — 894, [1] с., [40] л. ил. — С. 11, 737. — ISBN 5-8243-0130-1.

Спасылкі

правіць