Трохвугольнік (карная аперацыя)
Аперацыя «Трохвугольнік» (ням.: Unternehmen «Dreieck») — кодавая назва аперацыі нямецкіх акупацыйных улад падчас Другой сусветнай вайны супраць савецкіх партызан і мясцовага цывільнага насельніцтва на тэрыторыі паміж чыгункамі Брэст — Кобрын і Брэст — Маларыта ў верасні — кастрычніку 1942 года. Частка сумесных планаў паліцыі бяспекі і СД генеральных камісарыятаў Валыні, Падоліі, Беларусі і акругі Беласток для «ўціхамірвання» заходніх і паўднёва-заходніх раёнаў Гродзенскай, Баранавіцкай, Брэсцкай і Пінскай абласцей летам — восенню 1942 года.
Трохвугольнік (карная аперацыя) | |||
---|---|---|---|
Праціўнікі | |||
|
|||
![]() |
Аперацыя праводзілася сіламі 3-га батальёна 15-га нямецкага паліцэйскага палка, трох узводаў (жандарскага, бронеаўтамабіляў, супрацьтанкавых гармат), двух паліцэйскіх палкоў, спецыяльнай роты «Нюрнберг». Пасля няўдалай карнай аперацыі «Міхель» у Косаўскім, Бярозаўскім, Ружанскім, Пружанскім раёнах (30 жніўня — 4 верасня) 3-і паліцэйскі батальён 5 верасня пачаў аперацыю «Трохвугольнік». Камандны пункт батальёна знаходзіўся ў Кобрыне. 9-я, 10-я, 11-я роты занялі в. Вялікія Радванічы, Падлессе Камянецкае (Брэсцкі раён), Азяты, Старое Сяло (Жабінкаўскі раён, Велікарыта, Чарняны (Маларыцкі раён), Навасёлкі (Дзівінскі раён), Жабінка, дзе бясчынствавалі 17 дзён.
23 верасня карнікі акружылі вёскі Барысаўка Дзівінскага раёна, Боркі і Забалацце Маларыцкага раёна. У 4 гадзіны раніцы карнікі 10-й роты сагналі ўсё насельніцтва вёскі Боркі і расстралялі 705 чалавек, у т.л. 203 мужчыны, 372 жанчыны і 130 дзяцей, захапілі 45 коней, 315 галоў буйной рагатай жывёлы, 450 свіней, 300 авечак і інш. і падпалілі вёску. Карнікі 11-й роты ў вёсцы Забалацце расстралялі 289 чалавек, спалілі 120 двароў, захапілі 70 коней, 700 галоў буйной рагатай жывёлы, 400 свіней, 400 авечак, 150 сельскагаспадарчых машын, 800 ц збожжа. У вёсцы Барысаўка карнікі 9-й роты расстралялі 206 чалавек, спалілі 225 двароў, захапілі 33 кані, 455 галоў буйной рагатай жывёлы, 258 свіней, 525 авечак, 399 мяхоў збожжа.
Спалены вёскі Баравая (загублена 58 жыхароў), Боркі (705 жыхароў), Забалацце (289 жыхароў) Маларыцкага, Барысаўка (206 жыхароў), Каменка Стралкоўская (152 жыхары), Рэчыца (64 жыхары) Кобрынскага раёнаў. У вёсцы Ляплёўка Брэсцкага раёна расстралялі 54 дзіцяці з выхавацельніцай Дамачоўскага дзіцячага дома. Пасля вайны не аднавіліся спаленыя вёскі Драмлёва (286 жыхароў) Жабінкаўскага і Зялёная Буда (28 жыхароў) Маларыцкага раёнаў. Карнікі захапілі некалькі тысяч галоў буйнога рагатага быдла, коней, свіней, авечак, шмат сельскагаспадарчых машын, сотні цэнтнераў збожжа. Паводле справаздач 3-га батальёна, з 6 верасня да 24 лістапада 1942 года ў раёне Брэста, Кобрына, Маларыты і Пінска знішчана 44 837 чалавек.
Літаратура
правіць- Трохвугольнік // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 591. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.
- «Трохвугольнік» («Dreieck») // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 521. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- «Трохвугольнік» («Dreieck») // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 529. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).