Заходнія апачы (саманазва: Si'án Ndee) — лінгвістычная група плямён апачы ў Арызоне (ЗША). Агульная колькасць (2007 г.) — каля 14000 чал.

Заходнія апачы
(Si'án Ndee)
Жанчыны заходніх апачы ў XIX ст. і ў нашы дні
Агульная колькасць 14000 (2007 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова заходняя апачы
Рэлігія пеётызм, анімізм, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя апачы, наваха

Продкі заходніх апачы ўяўлялі сабою некалькі буйных груп вандроўных паляўнічых і збіральнікаў атабаскага паходжання, што насялялі тэрыторыю паўднёва-заходніх штатаў сучасных ЗША з першай паловы 2 тысячагоддзя н. э. Іспанец Франсіска Васкес дэ Каранада ўпершыню сутыкнуўся з імі ў красавіку 1541 г. на захад ад Рыа-Грандэ. Але да пачатку XVII ст. яны перасяліліся ў Арызону.

Іспанскія пасяленцы выкарыстоўвалі для іх агульную назву апачы (ісп.: Apache), запазычаную ў народа зуні, на мове якога яна значыла «ворагі». У канцы XVII ст. або нават раней пад уплывам іспанцаў заходнія апачы асвоілі конегадоўлю, што значна змяніла іх лад жыцця.

У другой трэці XIX ст. назіраліся сталыя канфлікты паміж заходнімі апачы і мексіканцамі. Гэта тлумачылася цікавасцю мексіканскіх здабытчыкаў металаў радовішчамі на землях тубыльцаў. У 1848 г. кантроль над Арызонай перайшоў да ЗША. Заходнія апачы доўгі час былі мала закрануты палітыкай абмежавання індзейцаў-качэўнікаў тэрыторыямі рэзервацый. У 18711875 гг. яны падтрымалі суседзяў явапаі ў барацьбе супраць амерыканскіх і мексіканскіх каланістаў, але пацярпелі паражэнне і былі вымушаны пагадзіцца на перасяленне ў рэзервацыі. У выніку склаліся наступныя группы, кожная з якіх займае пэўную рэзервацыю:

  • Апачы Белых гор (саманазва: Dzil Łigai Si'án Ndee)
  • Сібекуэ, што падзяляюцца на 3 субгрупы Gołkizhn, Tł'ohk'adigain і Dził T'aadn
  • Тонта (саманазва: Dilzhé`e), што падзяляюцца на паўночную і паўднёвую галіны
  • Апачы рэзервацыі Сан-Карлас (саманазва Tsék'áádn)

У нашы дні яны вызнаюцца на федэральным узроўні як нацыі і маюць унутранае самакіраванне. Асноўныя сучасныя заняткі — земляробства, жывёлагадоўля, абслугоўванне турыстаў, рамёствы (пляценне, вытворчасць керамічных вырабаў, карункаў, духмяных алеяў для парфумерыі).

Заходнія апачы захоўваюць многія старажытныя традыцыі, у тым ліку падзелу мужчынскай і жаночай працы, адасаблення мужчын ад жанчын, будоўлі вікіяпаў, выканання традыцыйных цырымоній пад наглядам шаманаў diyin.

Спасылкі правіць