Казімір Дзяконскі

?-1913

Казімір Дзяконскі (? — 30 кастрычніка 1913) — памешчык.

Казімір Дзяконскі
Кораб
Кораб
Смерць 30 кастрычніка 1913(1913-10-30)
Месца пахавання
Род Дзяконскія[d]
Бацька Яўстафій Дзяконскі
Маці Юлія з Быхаўцаў[d]
Жонка Стэфанія з Талочкаў[d]
Адукацыя

Біяграфія правіць

Паходзіў са шляхецкага роду Дзяконскіх герба «Кораб». Старэйшы сын Яўстафія Дзяконскага (1820—1894) і Юліі з Быхаўцаў (1825—1858). Меў брата Юліяна.

Скончыў медыцынскі факультэт Дэрпцкага ўніверсітэта, аднак, амаль не практыкаваў. У канцы 1870 — пачатку 1880-х гадоў пасля смерці родных братоў маці, Казіміра і Сяргея Быхаўцаў, якія не пакінулі нашчадкаў, да яго перайшоў іх вялікі родавы маёнтак Магілёўцы ў Ваўкавыскім павеце (цяпер Пружанскі раён), разам з бібліятэкай і архівам. На той час маёнтак налічваў 3 607 дзесяцін зямлі. Сярэдні валавы прыбытак з яго складаў каля 6 650 рублёў срэбрам.

У маёнтку Вердамічы Ваўкавыскага павета (цяпер Свіслацкі раён) жыла сям’я памешчыкаў Эдварда Талочкі і Марыі з роду Маршалковічаў. У Талочкаў было тры дачкі, Стэфанія, Ядзвіга і Леанціна, і адзіны сын Юліян. Малодшая з сясцёр, Леанціна, увесь час сур’ёзна хварэла, аднак, дактары нічым не маглі дапамагчы. Суседка Талочкаў, гаспадыня маёнтка Зеляневічы, Ядзвіга Сегень, прапанавала запрасіць свайго сваяка Казіміра Дзяконскага, які як доктар не практыкаваў, займаючыся справамі свайго маёнтка, аднак лячыў сялян. Так, дзякуючы сваёй адукацыі ўрача, ён упершыню трапіў у Вердамічы. Цэцылія Цішэўская ў сваіх мемуарах згадвае:

  Цёця Стэфця закахалася, дзядзю ўгаварылі і яны пабраліся ўжо праз некалькі гадоў пасля смерці цёці Лілі.


[...] Ніколі не ведала падобнай закаханай адно ў адным, зладжанай сямейнай пары, на працягу цэлага жыцця не было ніводнай спрэчкі, хоць гэта быў агонь і вада, а можа менавіта таму. Дзяцей не мелі. Цёця былы надзвычайна жывой, Дзядзя – увасабленне спакою. Ён быў вельмі мілы, выхаваны, але маламоўны. Калі цёця кідалася не раз на яго з праяўленнем пачуццяў і пацалункамі, ён са сваёй прыемнай добрай усмешкай рабіў выгляд, што адганяе і хацеў «чуласці на лістапад». Мы, дзеці, вельмі любілі яго і ён нас, усе забавы, маёўкі і г.д. былі пад яго патранатам. Паколькі Дзядзя іграў на скрыпцы, на фартэп’яне і на аргане, з гэтай прычыны магілявецкі дом быў вельмі музыкальны. Часта вечарамі цёця Стэфця іграла на фартэп’яне, дзядзя Казё акампаніраваў на скрыпцы, мы, дзеці, прызвычаіліся да прыгожай музыкі і прасілі яе. Доўгімі самотнымі зімовымі ці восеньскімі вечарамі шмат ігралі. Для музыкі быў прызначаны вялікі салон з боку фасаду, амаль ніколі яго не выкарыстоўвалі, хіба, калі музыцыравалі.

 

Напярэдадні Першай сусветнай вайны маёнтак у Магілёўцах быў цэнтрам мясцовага свецкага жыцця. Вялікі сядзібны будынак захаваўся да нашых дзён, зараз у ім месціцца псіхіятрычная бальніца. На думку Рамана Афтаназы, аднапавярховы дом быў пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя Быхаўцамі, а прыблізна праз 100 гадоў значна павялічаны за кошт дабудовы бакавых крылаў.

Дзяцей не мелі. Тастамент быў складзены Дзяконскім у красавіку 1909 года. Казімір Дзяконскі пакінуў сваю спадчыну жонцы Стэфаніі «за выключэннем родавых нерухомых маёмасцяў». Аднак, Стэфаніі пакідалася права пажыццёва валодаць гэтай родавай маёмасцю. Доля Стэфаніі складала 1/7 частку маёнтку Магілёўцы.

Каля 1910 года Стэфанія і Казімір вырашылі ўсынавіць свайго далёкага родзіча, васемнаццацігадовага юнака Альбіна Міхала Дзяконскага (1892—1940). Бацькі яго далі згоду. Пагадненне гэтае трымалася ў сакрэце і стала вядомым толькі пасля смерці Казіміра, аднак, афіцыйна не было аформлена.

Памёр 30 кастрычніка 1913 года ў Магілёўцах пасля доўгай хваробы.

Лёс маёнтка пасля смерці правіць

 
Сядзібны дом у Магілёўцах ў 1917 годзе

Дзяцей не меў, таму афіцыйна сваю маёмасць мог пакінуць жонцы і брату Юліяну, таксама бяздзетнаму ўдаўцу. Пасля смерці мужа Стэфанія пачала ўладкоўваць спадчынныя справы такім чынам, каб захаваць свае інтарэсы і пакінуць маёмасць Альбіну. Большая частка маёнтка Магілёўцы адносілася да катэгорыі родавых, а значыць атрымаць іх мог бліжэйшы родзіч мужчынскага полу. З той прычыны, што Альбін не быў усыноўлены, 6/7 частак маёнтку Магілёўцы пераходзіла ва ўладанне брата Казіміра, Юліяна.

У снежні 1913 года было складзена пагадненне паміж Стэфаніяй, Альбінам і бацькамі Альбіна. Пагадненне абвяшчала згоду ўсіх бакоў на імкненне перадаць Альбіну маёнтак Магілёўцы, а Стэфаніі пры гэтым быў забяспечаны грашовы штогадовы прыбытак і пражыванне ў доме. Размова ішла нават пра тое, што Альбін купіць у яе 1/7 частку маёнтку.

У сакавіку 1914 года да маёнтка Магілёўцы належалі фальваркі Разалін, Янін, Лібертполь, Гута і хутары Копань, Полька, Сосенкі і Крупа. Агулам маёнтак з фальваркамі і хутарамі складаў 5081 дзесяцін зямлі, з іх 3607 дзесяцін зручнай і 1474 дзесяцін нязручнай зямлі.

У часы Першай сусветнай вайны дом і гаспадарка значна пацярпелі. Перасоўванні войска прыносілі значны ўрон, гэта былі патравы збожжавых і рэквізіцыі, значна ад немцаў у 1915—1918 гады пацярпеў дом Дзяконскіх і прыватныя рэчы гаспадароў.

У 1916 годзе Стэфанія Дзяконская ўсынавіла Альбіна Міхала і арганізавала яго шлюб з Соф’яй Малінскай (1893—?). У кастрычніку 1921 года Стэфанія пакінула тастамент на карысць Альбіна Міхала.

Стэфанія Дзяконская памерла 13 верасня 1924 года ў Магілёўцах ва ўзросце 58 гадоў ад анеўрызмы сэрца і была праз тыдзень пахавана побач з мужам на могілках каля касцёла Сэрца Хрыстовага ў Лыскаве.

Спасылкі правіць