Казімір Жыліс

рымска-каталіцкі святар

Казімір Жыліс (літ.: Kazimieras Žilys; 4 сакавіка 1945 — 15 лютага 2021) — рымска-каталіцкі святар, езуіт.

Казімір Жыліс

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў 1945 годзе ў вёсцы Лігінішкіс[lt] у Літве. Сярэднюю школу скончыў у 1963 годзе ў Кукцішкесе[lt], працягваў адукацыю ў Вільні ў галіне грамадзянскага будаўніцтва.

У 1965 годзе прызваны ў Савецкую армію, служыў у Новасібірску. У 1968 пачаў працаваць кранаўшчыком у Каўнасе.

Праз год распачаў святарскую фармацыю ў Каўнаскай духоўнай семінарыі, у навіцыят Таварыства Ісуса ўступіў 15 ліпеня 1972 года, калі езуіты ў Літве яшчэ не дзейнічалі адкрыта. Першыя манаскія абяцанні прынёс 12 снежня 1972 года, прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 17 красавіка 1973 года ў Каўнасе біскуп Юзаф Матулайціс-Лабукас[lt]. Служыў у 1970-я гады ў розных літоўскіх парафіях.

У 1978 годзе быў скіраваны на працу ў Вінніцу (Украіна), дзе тры гады быў пробашчам парафіі. У 1981 годзе вярнуўся ў Літву, а ў 1983 годзе стаў пробашчам у Індуры на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, дзе працаваў да 2000 года. У 1992 годзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч накіраваў айца Жыліса ў Далас (ЗША) на двухгадовае навучанне дзеля працы на тэлебачанні. Да 2016 служыў у гродзенскай катэдры вікарыем, развіваў душпастырства цвярозасці. Акрамя таго, кіраваў тэлевізійнай студыяй Гродзенскай дыяцэзіі, быў душпастырам літоўцаў у Гродне, наведваў гродзенскую турму і папраўчыя калоніі.

У 2016 годзе прыехаў у Польшчу, каб прайсці курс лячэння і дапамагаць у парафіяльнай працы пры санктуарыі св. Андрэя Баболі ў Варшаве. Адначасова ахінаў душпастырскай апекай літоўцаў, якія жылі ў Варшаве.

Размаўляў на літоўскай, рускай, польскай, украінскай, беларускай і англійскай мовах. Граў на аргане, фартэпіяна і акардэоне.

Памёр у 2021 годзе, пахаваны ў Варшаве на Паванзкоўскіх могілках.

Ушанаванне памяці правіць

20 лютага 2022 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі благаславіў у Індуры мемарыяльную дошку ў памяць пра айца Казіміра Жыліса, усталяваную на сцяне касцёла Найсвяцейшай Тройцы[1].

Зноскі

Спасылкі правіць