Кальмарская вайна

Кальмарская вайна (1611—1613) — вайна паміж Даніяй і Швецыяй за паўднёвую частку Скандынаўскага паўвострава і за панаванне на Балтыйскім моры. Галоўнай прычынай вайны было імкненне Швецыі вярнуць сабе паўднёвыя правінцыі, якія заставаліся пад уладай Даніі пасля распаду Кальмарскай уніі і замацаваныя за ёй Штэцінскім мірным дагаворам 1570 года, які завяршыў Паўночную сямігадовую вайну 1563—1570 года. Іншай мэтай вайны для Швецыі была спроба захапіць частку паўночнага ўзбярэжжа Нарвегіі.

Вайне папярэднічалі спробы мірнага ўрэгулявання спрэчак, якія заставаліся нявырашанымі з часу Паўночнай сямігадовай вайны. Усе яны ні да чаго не прывялі, толькі абвастрылі ўзаемную варожасць. Падрыхтоўкі Швецыі да вайны вымусілі Крысціяна IV абвясціць вайну Карлу IX. У маі 1611 года дацкі кароль асабіста ўзначаліў 6-тысячнае войска і ўварваўся ў шведскія межы.

Горад Кальмар хутка быў узяты датчанамі, але Кальмарскі замак працягваў абараняцца. Шведскія войскі прыйшлі яму на дапамогу, і 17 чэрвеня пад сценамі крэпасці адбылася адна з самых кровапралітных бітваў у гісторыі Паўночнай Еўропы. Яна ўзнаўлялася тры разы, шведскі і дацкі каралі прымалі ў ёй асабісты ўдзел. Напачатку жніўня крэпасць здалася датчанам. Датчане перамаглі дзякуючы, галоўным чынам, асабістай адвазе Крысціяна IV.

30 кастрычніка 1611 года Карл IX памёр, і вайну працягнуў сын яго Густаў-Адольф.

24 мая 1612 года пасля трохтыднёвай аблогі датчане авалодалі Эльвсбаргам — другой найважнейшай шведскай крэпасцю і адзіным шведскім портам у праліве Катэгат і рушылі на поўнач краіны, да Ёнчэпінга. Дацкі флот разгарнуў актыўныя дзеянні на моры, пагражаючы Стакгольму. Аднак аблога Ёнчэпінга была няўдалай, а паўстанне шведскіх сялян, якое выбухнула ў тыле датчан, вымусіла Хрысціяна IV зняць аблогу і адступіць на поўдзень.

Увосень 1612 года пры пасрэдніцтве Англіі, Галандыі і Брандэнбурга, зацікаўленых у актыўным уцягванні скандынаўскіх дзяржаў у агульнаеўрапейскую палітыку, паміж ваюючымі бакамі пачаліся мірныя перамовы. Яны завяршыліся ў студзені 1613 года падпісаннем Кнерэдскага міру, які пацвердзіў выгодныя для Даніі ўмовы Штэцінскага міру 1570 года. Усе заваяванні датчан былі вернуты шведам, але Швецыя павінна была на працягу 6 гадоў выплаціць Даніі кантрыбуцыю ў памеры 1 млн талераў (да выканання гэтай умовы Данія акупавала Эльфсборг з наваколлямі). Дазваляўся бязмытны гандаль датчанам у Швецыі і шведам у Даніі, гандаль з Рыгай і Курляндыяй аб’яўляўся свабодным.


Паражэнне шведаў у Кальмарскай вайне ў значнай ступені было абумоўлена тым, што лепшая частка іх арміі была адцягнена вайной супраць Рускай дзяржавы.

Кальмарская вайна была тыповай вайной перыяду распаду феадалізму. Баявыя дзеянні вяліся невялікімі наёмнымі арміямі, былі абмежаваны па маштабе і насілі, як правіла, сезонны характар. Мэта стратэгічных дзеянняў складалася ў авалоданні крэпасцямі праціўніка. Разам з тым для гэтай вайны характэрна даволі шырокае ўжыванне агнястрэльнай зброі, што было абумоўлена адносна высокім узроўнем развіцця прамысловасці ў скандынаўскіх краінах.

Літаратура правіць

  • Форстен Г. В., Балтийский вопрос в XVI и XVII столетиях, т. 2, СПБ, 1894
  • Larsen A., Kalmarkrigen, Kbh.
  • Tham W., Den svenska utrikespolitikens histora, (d.) 1, (pt.) 1, 1560—1648, Stockh., (1960)