Калядныя цары
Калядныя цары — традыцыйны абыходны абрад каляднага цыклу ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці Беларусі.
Калядныя цары* | |
---|---|
Rite of the Kalyady Tsars** | |
Сусветная спадчына ЮНЕСКА | |
Удзельнікі абраду «Калядныя цары» | |
Тып | традыцыі |
Крытэрыі | VI |
Спасылка | 00308 |
Рэгіён*** | Еўропа і Паўночная Амерыка |
Гісторыя ўключэння | |
Уключэнне | 2009 (4 сесія) |
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА» ** Назва ў афіцыйным англ. спісе *** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА |
Хадзілі «ў цары» напярэдадні «старога Новага года» (новага года паводле юліянскага календара), у Шчодры вечар («Шчодрык») — з 13 на 14 студзеня.
У 2009 годзе абрад «Цары» ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая вымагае неадкладнай аховы (ЮНЕСКА)[1].
Гісторыя
правіцьПаводле папулярнай версія, абрад «Цары Каляды» мог узнікнуць у XVIII стагоддзі, калі паблізу Семежава былі раскватараваны часці Рускай імператарскай арміі і, быццам, у дні святкавання Новага года па старым стылі (Юліянскім календары) салдаты і афіцэры хадзілі па дварах з вясёлымі імпрэзамі, за што гаспадары іх частавалі[2]. Такая версія запісана ад мясцовага былога настаўніка гісторыі, але больш у Семежаве яе ніхто не распавядаў, таму яе ставяць пад сумнеў.
Думаюць, што семежаўскі абрад можа сягаць каранямі ў значна ранейшыя часу і ёсць прыкладам трансфармацыі батлейка (лялечнага тэатра) у народны вясковы тэатр. Пра гэта найперш сведчыць відавочнае падабенства традыцыйнай для Беларусі народнай драмы «Цар Максіміліан», якую звычайна паказвалі на Калядныя святы скамарохі і батлеечнікі, і п’есы, якую разыгрываюць семежаўскія «Цары» падчас каляднага абыходу вёскі. Пагатоў Семежава знаходзілася ў цэнтры арэалу распаўсюджання батлеечнай і кірмашовай культуры. У ХIХ ст., як сведчаць пісьмовыя крыніцы, у Семежава дзейнічала школа «вяроўчаных скакуноў (канатаходцаў) і штукароў (жанглёраў)»[3].
Абрад праводзілі да 1960-х гадоў. Пасля 40-гадовага перапынку яго адрадзілі ў 1996 годзе па ініцыятыве мясцовых жыхароў[3]. З 2000-х гадоў абрад праводзяць некалькі груп «цароў» адначасова. Абрад «Калядныя цары» семежаўцы ўсведамляюць на ўзроўні лакальнай ідэнтыфікацыі як яркую, уласцівую толькі іх мясцовасці адметнасць каляндарна-абрадавай культуры.
У кастрычніку 2009 годзе абрад «Калядныя цары» рашэннем Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая вымагае неадкладнай аховы. ЮНЕСКА прызнала неабходнасць абароны свята з прычыны перасялення актыўнага насельніцтва ў гарады і страты цікавасці з боку моладзі.
Апісанне абраду
правіцьУ абрадзе ўдзельнічаюць маладыя мужчыны і юнакі, так званыя «цары», апранутыя ў спецыяльныя касцюмы.
Касцюмы складаюць белыя штаны і кашулі. На грудзях кожнага цара крыж-накрыж павязаныя чырвоныя семежаўскія паясы з геаметрычным арнаментам. На галаве — высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі.
Цароў на свяце суправаджаюць камічныя персанажы Дзед (іграе дзяўчына ў абарванай мужчынскай вопратцы) і Баба (іграе хлапец).
Працэсія цароў наведвае дамы вяскоўцаў і разыграе драму «Цар Максіміліян». Пасля прадстаўлення адбываецца традыцыйнае віншаванне гаспадароў дома, якія адорваюць удзельнікаў абраду.
З надыходам цемры «цары» запальваюць факелы, што надае дзеі незвычайную відовішчнасць.
Паралель у Літве
правіцьПадобны зместам калядны абрад вядомы ў Літве, яго называюць «аб’язджаць сівога » (літ.: šokdinti šyvį), дзе «сівы» — конь. Немалаважная роля ў абрадзе ў мужчын пераапранутых вайскоўцамі, якіх чатыры і пяты іх начальнік-«вадас».
Абрад абыходу хат пачынаўся з таго, што ў хату грукалі і «вадас» пытаў: «Ці дазволіце аб’язджаць сівога?». Калі дазвалялі, пачыналі граць музыкі, якія таксама ўваходзілі ў гурт калядоўшчыкаў. Часам у хату дазвалялі праходзіць толькі калі «сівы» мог пераскочыць прыстаўленую да дзвярэй перашкоду (лаўку, крэсла, нават стол). «Вадас» званіў у званочак, музыка заціхала, і ў самы вялікі пакой хаты прамаршыроўвалі чатыры «вайскоўцы» з ім на чале.
«Вадас» камандаваў: «На месцы стой! Зважай! Направа! Кожны другі два крокі наперад марш! Раўнуй! Адзін насупраць аднаго стой! Зважай!» Потым гучала каманда «Шаблі ўгору!». «Вайскоўцы» скрыжоўвалі шаблі над галовамі. «Вадас» загадваў: «Песня!». «Вайскоўцы» зацягвалі народную песню пра вайскоўца. Праспяваўшы, гучала каманда разысціся па чатырох кутах пакоя. Пачыналі ізноў граць музыкі, забягаў падмятальшчык, вымятаў падлогу. Тады ўваходзіў «сівы». Ён вытанцоўваў, усяляк брыкаючы «нагамі». Пасля яго скокаў у хату заходзілі астатнія з калядоўшчыкаў: чорт (вымазваў кагось смалой), цыганы (спрабавалі штось сцягнуць), бусел (меў у дзюбе ляльку і дзяўчыне ці жанчыне на выбар скідаў), мядзведзь (прапаноўваў мужчынам выпрабаваць, хто мацнейшы). Гаспадары адорвалі калядоўшчыкаў. Напрыканцы падмятальшчык ізноў вымятаў падлогу. «Вадас» дзякаваў гаспадарам, усе сыходзілі[4].
У ХХ стагоддзі абрад «выезджваць сівага» заставаўся толькі ў адной мясціне ў Літве, у мястэчку Гражышкі (літ. Gražiškiai), у Вілкавішскім раёне, на ранейшым літоўска-прускім памежжы (раней бытаваў у многіх вёсках паўднёвага захаду Літвы). Калядаваць такім чынам ідуць у Гражышках у час паміж Калядамі і каталіцкім святам Трох каралёў (25 снежня — 6 студзеня). На гербе Гражышак нават выяўлены калядоўшчык — вершнік-вайсковец у белай форме і з белай фуражкай, на белым кані.
Хоць карнавальны персанаж «вершнік» папулярны і ў Польшчы, і ў Нямеччыне, але актыўная роля ў абрадзе «вайскоўцаў» ставіць гражышскі абрад побач семежаўскага. І там, і там вайскоўцы маюць начальніка (вылучаецца знешне), таксама і там, і там удзельнічае персанаж «падмятальшчык».
Мяркуецца, што калядны персанаж «конь» даўнейшы за персанажа «вершнік». Пагатоў пазнейшы персанажы — «вайскоўцы». Калядоўшчыкі спачатку ўвасаблялі прадстаўнікоў «таго свету» і свету прыроды (у процілегласць свету культуры), а вайскоўцаў інкарпаравалі ў іх склад, калі ў войска забіралі так надоўга, што гэта разумелася як смерць у вачах традыцыйнай вясковай грамады.
Хадзілі «выезджваць сівага» ў Гражышках да 1970-х гадоў. У 2023 годзе гражышская традыцыя «выезджваць сівага» ўнесеная ў літоўскі нацыянальны Звод каштоўнасцяў нематэрыяльнай культурнай спадчыны[5].
Зноскі
- ↑ Абрад «Цары Каляды» пад пагрозай знікнення . Наша Ніва (28 жніўня 2013).
- ↑ Беларускі абрад «Калядныя цары»(недаступная спасылка). belarus.by (28 жніўня 2013). Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2015. Праверана 29 жніўня 2013.
- ↑ а б Абрад “Калядныя цары” вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці . budzma.org (28 жніўня 2013).
- ↑ Šyvio šokdinimas. Pokalbis su Suvalkijos (Sūduvos) kultūros centro-muziejaus etnologu Andriumi MILINKEVIČIUMI // Būdas. Nr. 6. 2023. C. 70-77.
- ↑ Šyvio šokdinimo tradicija Gražiškiuose(нявызн.).